У «залатога» ўзросту мудры твар

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Напярэдадні Дня пажылых людзей хачу расказаць пра сваю бабулю Алену Віктараўну Валанцэвіч.

У нашай сям’і мы яе называем бабуляй Лёняй. У гэтым годзе ёй споўнілася 92 гады. Але, нягледзячы на свой узрост, яна поўная сіл  і энэргіі.

Нарадзілася бабуля ў вёсцы Вензавец, у сям’і сялян, дзе гадавалася яшчэ чацвёра дзяцей. Нарадзілася і да гэтага часу  жыве мая бабуля ў сваёй роднай вёсачцы Вензавец .

З самага дзяцінства дапамагала бацькам па гаспадарцы, даглядала малодшых братоў і сястру, а з 12 гадоў стала працаваць на полі разам з маці.

Перажыла цяжкую і страшную Вялікую Айчынную вайну.

У пасляваенны час і да пенсіі працавала паляводам. За добрасумленную працу прызнана заслужанай калгасніцай.

Лёс ні адзін раз правяраў яе на трываласць: калі малодшаму дзіцяці споўнілася 16 год – памёр муж, які быў апорай, надзейным плячом, сапраўдным бацькам. З таго часу ўсе клопаты ляглі на жаночыя плечы.

Усё свае жыццё бабуля аддала працы, выхаванню дзяцей. І няхай жыццё не было  ў яе такім радасным, але наша мілая бабуля Лёня зберагла тую духоўную цеплыню, тое міласэрнае цярпенне, якога парою так часта не хапае нам, малодшаму пакаленню.

Вакол нас шмат пажылых людзей. Мне вельмі хочацца, каб у кожнага з іх быў хтосьці, хто зможа аддаць ім часцінку свайго цяпла і дабрыні, як аддае нам любая, мудрая бабуля Лёня.

Алена ВАЛАНЦЭВІЧ,
настаўніца Казлоўшчынскай сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: