У Дзятлаве з’явіцца свой картынг

Важнае Грамадства

Нядаўна школьнікі вярнуліся за парты пасля летняга адпачынку.

Аднак ёсць школа, дзе вучэбны працэс не спыняецца на канікулы. Яна мае сваіх старанных навучэнцаў і высокія дасягненні. Пяты год запар Дзятлаўскае ДТСААФ трымае лідарства ў Гродзенскай вобласці па выніках работы за год. Пра формулу поспеху і планы на будучыню карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказаў старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянцін Варабей.

– Сёлета пяты раз запар Дзятлаўскае ДТСААФ стала лепшай па выніках работы ў 2019 годзе сярод арганізацыйных структур ДТСААФ Гродзенскай вобласці (акрамя тых, якія рыхтуюць вадзіцеляў для сілавых структур). Такі стабільна высокі вынік стаў магчымы дзякуючы вопытнаму, зладжанаму калектыву педагогаў і супрацоўнікаў арганізацыі. Сёлета, у час урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 70-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага ДТСААФ, яны атрымалі ўзнагароды за плённую шматгадовую працу і прафесіяналізм. Больш за дзесяць гадоў у арганізацыі працуе галоўны бухгалтар Алена Адамчык, каля пяці гадоў – метадыст Галіна Варабей. На працягу дзесяцігоддзя грунтоўныя веды правілаў дарожнага руху нашым курсантам, якія навучаюцца па катэгорыі “В”, дае Славамір Бабіла. Ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта і Ганаровым знакам ДТСААФ. Тэарэтычную падрыхтоўку, а таксама перападрыхтоўку астатніх катэгорый вадзіцеляў ажыццяўляе Людміла Вайтовіч. Веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі навучэнцам дае Таццяна Чараховіч. Наш працоўны штат укамплектаваны трыма майстрамі-выкладчыкамі – гэта Юрый Кардаш, Пётр Майсюк, Дзмітрый Асіпук. Такім кампактным калектывам мы паспяхова выконваем усе пастаўленыя задачы.

– Па якіх спецыяльнасцях навучаюцца вадзіцелі ў Дзятлаўскім ДТСААФ?

– За мінулы год мы падрыхтавалі 472 спецыялісты, з іх 335 чалавек – вадзіцелі па катэгорыях “В”, “Е”, “С”, “А” і 139 вадзіцеляў аўтамабіляў на газавым абсталяванні. У канцы мінулага года на базе Дзятлаўскага ДТСААФ адкрылася новая спецыяльнасць. Цяпер у нас могуць навучацца вадзіцелі, якія спецыялізуюцца на перавозцы міжнародных грузаў. Атрымліваем шмат заявак на навучанне вадзіцеляў па перавозцы небяспечных грузаў, таму сёлета мяркуецца адкрыццё гэтай новай спецыяльнасці.

– Падзяліцеся планамі на будучыню.

– У бліжэйшай перспектыве – будаўніцтва аўтадрома на пляцоўцы побач з новым вучэбным корпусам па вуліцы Навагрудскай. Праект ужо гатовы, асфальтавае пакрыццё выканае падрадчык, астатнія будаўнічыя работы будзем выконваць сваімі сіламі. Мяркую, работы будуць завершаны ў наступным годзе. Калі пляцоўка будзе гатова, мы атрымаем ад рэспубліканскага аб’яднання ДТСААФ аўтамабілі для адкрыцця секцыі картынгу на базе раённай арганізацыі. Дзеці і дарослыя змогуць пакатацца, патрэніравацца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup