Сіла, спрыт і прыгажосць – з лёгкай атлетыкай

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Лёгкую атлетыку прынята лічыць адным з самых масавых і бяспечных відаў спорту, якім можна займацца ў любым узросце.

Асабліва яна карысная для фізічнага здароўя дзяцей. Дзякуючы рэгулярным заняткам, развіваецца сіла, спрыт, хуткасць, павышаецца імунітэт, цела становіцца падцягнутым і прыгожым.

Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа праводзіць набор у групы пачатковай падрыхтоўкі па гэтым відзе спорту. Кваліфікаваныя трэнеры знаёмяць дзяцей з рознымі відамі лёгкай атлетыкі, а пазней дапамагаюць ім вызначыцца з больш вузкай спецыялізацыяй.

Набор у групы для заняткаў лёгкай атлетыкай пачынаецца з сямі гадоў.  Кожны год з 1 верасня па 1 кастрычніка праводзіцца  акцыя “Запішы дзіця ў спартыўную школу”. Для гэтага трэба: медыцынская даведка, у якой будзе ўказана група здароўя і група па фізкультуры; заява ад бацькоў або законных прадстаўнікоў  аб залічэнні дзіцяці ў спартыўную школу на бясплатнай аснове; жаданне будучых алімпійцаў рэгулярна займацца лёгкай атлетыкай.

Заняткі ў групе пачатковай падрыхтоўкі праходзяць тры разы ў тыдзень па дзевяноста хвілін, у вольны ад вучобы час. У групе пачатковай падрыхтоўкі дзеці трэніруюцца тры гады. Пазней па выніках тэсціравання пераходзяць у вучэбна-трэніровачную групу, дзе павялічваюцца час і колькасць трэніровак. Трэніроўкі праходзяць на базе школ, у якіх дзеці навучаюцца, на стадыёне “Колас”, у спартыўнай зале па вуліцы Чапаева, 18/1, у трэнажорнай зале.

Адным з трэнераў, якія сёлета набіраюць да сябе ў групы дзяцей, будзе наша былая выхаванка, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Анастасія Вяроўка.

Таксама будуць набірацца дзеці для заняткаў лёгкай атлетыкай у: Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Казлоўшчынскай і Новаяльнянскай сярэдніх школах, сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, дзе працуюць нашы трэнеры-сумяшчальнікі.

У гэтым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 3 адкрыўся спартыўны клас, у які былі адабраны таленавітыя хлопцы і дзяўчаты пятых класаў для далейшых заняткаў лёгкай атлетыкай. На базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы існуе спартыўны клас, які ў гэтым годзе будзе ўжо восьмым класам.

Мы ганарымся выхаванцамі нашай школы, якія цяпер трэніруюцца і вучацца ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Гэта Сяргей Губко (кіданне кап’я, дыска), Варвара Кончык (спартыўная хадзьба), Ягор Альховік (спартыўная хадзьба, бег на сярэднія і доўгія дыстанцыі). Яны з’яўляюцца членамі зборнай каманды раёна па лёгкай атлетыцы. Леанід Герасімчык і Вольга Радомская выканалі першы кваліфіцыйны разрад у бегу на 60 метраў.

Будзем рады бачыць вашых дзяцей у нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе!

Дзіяна КАШКО,
старшы трэнер-выкладчык аддзялення па лёгкай атлетыцы Дзятлаўскай ДЮСШ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup