Дзятлаўшчына маладая. Прыгажосць і сур’ёзнасць у адной асобе

Галоўнае Грамадства

Зусім нядаўна маладыя спецыялісты прыйшлі на свае першыя працоўныя месцы і з усёй адказнасцю і, напэўна, невялікім хваляваннем прыступілі да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў.

Многія выпускнікі навучальных установаў вярнуліся на працу на сваю малую радзіму. Так сталася і з нашай зямлячкай, выпускніцай сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Таццянай Шундрык. Яна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і стала псіхолагам. Дзяўчына падзялілася, як пачынае свае першыя крокі ў прафесіі і якія планы мае надалей.

– Я вярнулася працаваць на Дзятлаўшчыну, бо планавала вярнуцца дамоў, таму і брала мэтавае накіраванне, – гаворыць Таццяна. – Тут шмат знаёмых, сяброў, мая сям’я, у якіх заўжды магу атрымаць падтрымку. Думаю, мне будзе лягчэй адаптавацца да новага статуса дарослага чалавека, які ўжо працуе.

– Чаму выбралі менавіта гэту прафесію?

– Толькі ў адзінаццатым класе вырашыла, што хачу звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй. Я люблю стасункі з людзьмі, пазнаваць іх, разгадваць іх душу, імкнуцца дапамагчы спраўляцца з праблемамі і шукаць унутраную гармонію. Цікава, што знешнасць чалавека можа быць зусім адрознай ад яго ўнутранага свету.

– Як вас прынялі на першым працоўным месцы?

– Працаваць я прыйшла ў Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Я трапіла ў цудоўны, дружны калектыў, мне шмат дапамагаюць і падтрымліваюць калегі. Лічу, што мне пашанцавала, бо атмасфера на рабоце шмат уплывае і на твой працоўны настрой.

Працоўны стаж мой яшчэ вельмі маленькі, я толькі прывыкаю, разбіраюся ва ўсіх нюансах маёй работы. Але я ўпэўнена, што ўсё ў мяне будзе атрымлівацца, у будучым я стану добрым спецыялістам.

Ідучы першы раз на працу, я хвалявалася, як знайду падыход да асаблівых дзетак, але, калі пазнаёмілася з імі, супакоілася. Паступова наладжваю з імі стасункі.

– Як лічыце, з дзецьмі ці з дарослымі вам было б працаваць лягчэй?

– Мабыць, дзеці больш адкрытыя, да іх лягчэй падабраць ключык. А каб працаваць з дарослымі, пэўна, трэба і мне яшчэ больш пасталець, каб можна было разабрацца з іх праблемамі, даць неабходную параду.

– Якія якасці ў людзях цэніце?

– Шчырасць, адкрытасць, дабрыню. Гэта ўсё ўнутраныя якасці, якія, лічу, больш важныя, чым знешнія даныя чалавека. У многіх асаблівых дзетак знешнасць можа быць не такой, як у здаровых людзей, але яны вельмі простыя, адкрытыя. Для іх важны клопат, увага, цеплыня, іх учынкі часам наіўныя, але настолькі шчырыя і добрыя.

– Вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Так, стараюся ў любых сітуацыя знаходзіць пазітыўныя моманты і ісці па жыцці толькі з аптымізмам. У мяне ёсць сям’я, сябры, любімая работа, я маладая, і ў мяне ўсё наперадзе. У будучым мару стварыць моцную сям’ю, удасканальваць сваё хобі – фатаграфаванне. Вельмі хачу павандраваць, пабачыць як мага больш краін.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup