Чым жыве моладзь Дзятлаўшчыны?

Грамадства Свежыя навіны

Краіна – гэта людзі, іх інтарэсы, рашэнні, стваральныя справы.

Усё, што нас сёння акружае, сагравае, робіць жыццё камфортным і цікавым – вынікі паўсядзённай карпатлівай працы землякоў. Каб быць шчаслівымі, мець упэўненасць у заўтрашнім дні, вельмі важна захоўваць і памнажаць набыткі. Калі дарослае пакаленне мае пэўны вопыт і ведае, як гэта рабіць, то задача маладых – гэтаму навучыцца, не пасіўна, не назіральна, а праз уласныя справы.

Як набывае вопыт работы ў розных накірунках дзейнасці моладзь Дзятлаўшчыны, расказала першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Хілімончык.

– Сёння Дзятлаўская раённая арганізацыя ГА “БРСМ” налічвае 47 пярвічак, у якія аб’яднаны 874 маладыя жыхары раёна. Гэта навучэнцы ўстановаў адукацыі, сельская і гарадская працоўная моладзь. Нашых землякоў у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі аб’ядноўвае жаданне рабіць дабро, прыносіць карысць грамадству, жыць актыўным цікавым жыццём. Галоўныя накірункі дзейнасці моладзевага аб’яднання – гэта грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, другасная занятасць, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, валанцёрскі рух, сацыяльнае партнёрства, інфармацыйна-іміджавая дзейнасць.

– Кацярына, у Беларусі актыўна развіваецца студатрадаўскі рух. А як у нас?

– Студатрадаўскі рух з’яўляецца актуальным накірункам дзейнасці, раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, бо дапамагае павысіць матывацыю маладых людзей, з юных гадоў прывучыць іх да працы. Дзятлаўшчына – раён аграрны, таму  шмат гадоў запар у сезон палявых работ у нас паспяхова працуюць сельскагаспадарчыя моладзевыя атрады. Запісацца ў атрад можна з 14 гадоў, такім студатрадаўцам будзе прапанавана работа ў паляводстве, а з 16 гадоў маладыя людзі могуць працаваць на збожжасушыльных комплексах. Сёлета на Дзятлаўшчыне моладзевыя сельгасатрады былі задзейнічаны на відавой праполцы, жніве, цяпер працуюць на копцы бульбы. Да ўборкі другога хлеба ў раёне прыступілі некалькі атрадаў. У КСУП “Жукоўшчына” працуе атрад навучэнцаў Гезгалаўскай сярэдняй школы, дапамагае збіраць яблыкі сельгаспрадпрыемству зводны атрад вучняў сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава; вучні мясцовых установаў адукацыі працуюць на копцы бульбы ў КСУП “Дварэц-Агра” і “Хвінявічы”; у сельскагаспадарчы філіял “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, што ў Раклевічах, плануецца накіраваць навучэнцаў Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Я ўдзячна сельгаспрадпрыемствам раёна, што ідуць насустрач пры стварэнні студатрадаў. Безумоўна, аграрыям патрэбны працоўныя рукі, але і адказнасць за маладых работнікаў на іх кладзецца высокая. Увогуле, ад таго, як маладога чалавека прымуць на першым працоўным месцы, як зацікавяць справай, у далейшым можа залежаць яго прафесійны лёс. Таму для студатрадаўцаў ладзяцца экскурсіі па вытворчых участках сельгаспрадпрыемстваў, ім расказваюць, чым жыве арганізацыя, як там працуюць людзі, якія бытавыя ўмовы для іх створаны, якія ёсць перспектывы для маладых работнікаў. Варта зазначыць, што нашы студатрадаўцы на давераных участках работы актыўна набываюць працоўны вопыт, робяць свой уклад у агульную справу, многія з іх з задавальненнем запісваюцца ў атрады ўжо не першы сезон.

– Вырашаць многія сацыяльныя праблемы дапамагае валанцёрства, яно вучыць нас міласэрнасці. Раскажыце пра маладых валанцёраў Дзятлаўшчыны.

– У нашым раёне актыўна развіваецца валанцёрскі рух БРСМ “Добрае Сэрца”. Яго ўдзельнікі – навучэнцы і працоўная моладзь. Гэта добраахвотнікі, якія клапоцяцца аб тых, каму неабходна падтрымка. Я ўдзячна актывістам руху за нераўнадушша, за той агеньчык дабрыні, які гарыць у іх сэрцах. Валанцёры “Добрага Сэрца” Дзятлаўшчыны аказваюць адрасную дапамогу ветэранам вайны і працы, інвалідам, дзецям-сіротам, дзецям з малазабяспечаных і апякунскіх сем’яў, удзельнічаюць у рэалізацыі экалагічных акцый. Да пажылых людзей моладзь прыходзіць не толькі каб дапамагчы, але і павіншаваць са святамі, падарыць добры настрой ці нават проста паразмаўляць, паслухаць успаміны. Гэта важна, бо дыялог пакаленняў карысны і для маладых. Нам ёсць чаму павучыцца ў людзей з жыццёвым вопытам, асабліва, калі гэта ветэраны моладзевага руху. Цеснае супрацоўніцтва раённай арганізацыі ГА “БРСМ” наладжана з ранейшымі піянерскімі і камсамольскімі лідарамі Дзятлаўшчыны – Яўгеніяй Рыгораўнай Савань, Людмілай Іванаўнай Халопік, Галінай Мікалаеўнай Чура, Надзеяй Філімонаўнай Канявега, Людмілай Мікалаеўнай Лапата і іншымі. Яны частыя наведвальнікі моладзевых раённых мерапрыемстваў, дзеляцца з падрастаючым пакаленнем успамінамі аб важных справах, у якіх прымалі ўдзел у маладосці. Для нас гэта карысна, бо Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прадаўжае лепшыя традыцыі камсамола.

Не менш актыўна валанцёры супрацоўнічаюць з такімі ўстановамі раёна, як Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Моладзевыя дабрачынныя акцыі скіраваны на дапамогу розным катэгорыям землякоў. Цяпер, напрыклад, мы рыхтуемся да Дня пажылых людзей. Валанцёрскія пярвічкі наведаюць сваіх падапечных: каму трэба – дапамогуць, усіх павіншуюць са святам. Не ведаю, у якім фармаце сёлета з-за каранавіруса будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы. Калі будзе магчымасць, моладзь наведае пажылых людзей у сацыяльных установах з выступленнямі, калі не – перадасць ім паштоўкі.

Аднак валанцёрства – гэта не толькі дапамога людзям, але і захаванне духоўных і прыродных каштоўнасцяў нашай краіны. Маладыя жыхары Дзятлаўшчыны аддаюць даніну павагі і пашаны загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны праз клопат аб помніках і пахаваннях, краязнаўча-пошукавую работу.

Яшчэ адзін накірунак валанцёрскай дзейнасці – экалагічны. Ён рэалізуецца праз адпаведныя праекты ГА “БРСМ”, сярод якіх рэспубліканскі праект “Малым рэкам – вялікі клопат”. Прымаючы ў ім удзел, валанцёры сочаць за чысцінёй на берагах рачулак раёна, чысцяць іх ад смецця.

Далучылася моладзь і яшчэ да аднаго сацыяльна значнага праекта – “Аднаўленне святыняў Беларусі”, рэалізацыя якога скіравана на дапамогу ў аднаўленні і добраўпарадкаванні храмаў. Як правіла, сумесная праца заканчваецца чаяваннем і размовай са святаром аб сапраўдных каштоўнасцях, прызначэнні чалавека на зямлі. Як бачыце, накірункаў у дабрачыннай рабоце шмат, але галоўнае, што валанцёрства аб’ядноўвае аднадумцаў, вучыць маладое пакаленне жыць з добрым сэрцам і светлай галавой, рабіць карысныя справы для землякоў і Радзімы.

– Кацярына, што ў галоўных планах саюзнай моладзі Дзятлаўшчыны?

Па-ранейшаму будзем працаваць па асноўных накірунках дзейнасці аб’яднання, вырашаць важныя пытанні, прымаць удзел у абласных і рэспубліканскіх праектах. У ліку галоўных перспектыўных задач моладзі – надзейна захоўваць гістарычнае мінулае, адкрываючы новыя яго старонкі, упэўнена крочыць у будучыню, робячы свой уклад у развіццё краіны. Спадзяюся, што наватарскія ідэі маладых жыхароў Дзятлаўшчыны, з якімі яны паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім праекце ГА “БРСМ” “100 ідэй для Беларусі”, будуць карыснымі, як для нашага раёна, так і для краіны ў цэлым. У скарбонцы маладых дзятлаўчан нямала перамогаў на конкурсах і канферэнцыях рознага ўзроўню, і ў гэтым немалая заслуга іх настаўнікаў, педагогаў-арганізатараў установаў адукацыі раёна, старшыняў пярвічак. Гэта майстры сваёй справы, таленавітыя ў розных сферах дзейнасці, выдатны прыклад для пераймання. Спадзяюся, што і ў далейшым мы разам здолеем справіцца з усімі цяжкасцямі і дабіцца новых поспехаў у рабоце.

Ірына СТЫРНІК        

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup