У Гродне прайшоў мітынг у падтрымку міру і спакою ў Беларусі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

22 жніўня прадстаўнікі розных раёнаў Прынёманскага краю сабраліся ў Гродне на плошчы Леніна на мітынг, скіраваны на захаванне абранага нашай краінай курса – за мір і спакой.

У склад дэлегацыі Дзятлаўшчыны ўвайшло некалькі дзясяткаў чалавек, а ўсяго плошча Леніна змясціла каля дваццаці тысяч тых, хто прыйшоў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Удзельнікі мітынгу з нацыянальнымі сцягамі ў руках, расцяжкамі, чырвонымі і зялёнымі паветранымі шарамі скандзіравалі “За Беларусь”,  і падымалі плакаты з надпісамі “Наша сіла ў адзінстве”, “Хочам жыць мірна”, “Калі мы адзіныя – мы непераможныя”.

Да мікрафона на сцэне падходзілі прадстаўнікі розных пакаленняў і прафесій. Яны заклікалі захаваць мір у краіне і згоду ў грамадстве.

Адметна, што жыхары рэгіёна ў час мітынгу сустрэліся з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, які знаходзіўся на Гродзеншчыне з рабочым візітам. Кіраўнік дзяржавы ў час свайго выступлення ўзняў розныя пытанні, сярод галоўных з іх было захавання бяспекі і спакою ў нашай краіне.

– Людзі просяць мірнага жыцця, і мы павінны ім гэта жыццё прадаставіць, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч.

Таксама Прэзідэнт паведаміў жыхарам Гродзеншчыны аб сваім рашэнні назначыць новым старшынёй Гродзенскага аблвыканкама былога Міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

Скончыўся мітынг канцэртам: артысты з розных куткоў Прынёманскага выканалі свае лепшыя песні, большасць з якіх была пра Беларусь.

Дзятлаўчане падзяліліся ўражаннямі ад паездкі ў Гродна.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Рада, што трапіла на гэту падзею, што ўбачыла сваімі вачамі Прэзідэнта. Прыемна ўражана, што тут сабралася такая колькасць беларусаў. Сама я, у якіх бы мясцінах ні была, заўсёды з гонарам гавару, што я беларуска. І тыя людзі, якія прыязджаюць у нашу краіну, заўсёды захапляюцца яе прыгажосцю, працавітасцю народа, уменнем беларусаў гасцінна сустракаць з мірам і дабром прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.

Сённяшняя сустрэча – гэта яшчэ адзін доказ, што мы, беларусы, – разам і што ўсё ў нас будзе добра.

Вікторыя Тыць, доктар-інтэрн Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы:

– Сустрэча спадабалася. Я поўнасцю падтрымліваю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і той курс, якім ідзе наша краіна. Што тычыцца непрыемных падзей, што адбываюцца ў Беларусі, я ўпэўнена: натоўпам кіруюць пэўныя асобы і нават цэлыя арганізацыі. На жаль, некаторыя людзі перасталі заўважаць, што выказваюць не ўласнае, а чужое, навязанае меркаванне.

Святлана Русак, загадчыца Гезгалаўскага дома культуры:

– Паўдзельнічаць у мітынгу было маім уласным жаданнем, бо хочацца міру і спакою, не хочацца паўтарэння дзевяностых гадоў, асабліва не хочацца, каб гэта ўбачылі нашы дзеці. Кожны чалавек без страху павінен выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Мы – за мірную краіну, Наша Беларусь прыгожая і гасцінная, такой яе трэба захаваць. Каб бацькі маглі спакойна, без страху выпускаць дзяцей на вуліцу. Каб старэйшае пакаленне, якое стварала ўсё тое, чым мы сёння валодаем, не ўбачыла, што праца іх рук разбурана. Страціць набыткі нашых бацькоў і дзядоў – гэта здрада ў адносінах да Радзімы.

Ядвіга Гушча, пенсіянерка:

– Пабыць на абласным мерапрыемстве такога ўзроўню было вельмі прыемна. У Гродне я прадстаўляла ветэранаў Дзятлаўшчыны. Ад іх імя і сябе асабіста зазначаю, што беларусы павінны жыць у згодзе, ствараць камфорт і ўтульнасць у сваёй краіне. Калі хто лічыць па-іншаму, мне іх шкада.

Была рада пачуць Прэзідэнта. Мы – за беларусь, за мір і згоду. Наша дзяржава шматнацыянальная, тут створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця і дабрабыту грамадзян.

Галіна Касцюк загадчыца аддзялення Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Мяне асабліва ўразіла вялікая колькасць людзей з усіх куткоў Гродзеншчыны. Усе яны прыйшлі з нацыянальнымі сцягамі і заклікамі захаваць стабільнасць і незалежнасць нашай дзяржавы. Сярод тых, хто выступаў, найбольш запалі ў душу словы 97-гадовай жанчыны-ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўды, мы не маем права страціць тое, што нашы продкі адстаялі цаной уласных жыццяў.

Па дарозе ў Гродна мы любаваліся на дагледжаныя палі, дзе толькі што ўбралі збожжа, на палеткі з кукурузай і агароднінай. Сёлета будзем з хлебам, з багатым ураджаем. Наша Беларусь – прыгожая, народ – працавіты. Трэба, каб так заставалася і надалей.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup