Апошні акорд у пляжным валейбольным сезоне-2020

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У аграгарадку Гезгалы 22 жніўня на спецыяльна падрыхтаванай  пляцоўцы адбыўся адкрыты турнір Дзятлаўскага раёна па пляжным валейболе сярод жаночых каманд.

Турнір праводзіўся з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця і папулярызацыі пляжнага валейбола сярод насельніцтва раёна.

Удзельнікамі спаборніцтваў сталі чатыры каманды: каманда горада Слоніма (Наталля Бараноўская і Наталля Карабінская), дзве каманды горада Дзятлава (Анастасія Таўкун і Ганна Лакіза, Вольга Радомская і Ганна Таўкун), каманда аграгарадка Гезгалы (Вераніка Кугейка і Сабіна Пабядзінская).

Ініцыятары і арганізатары турніру – трэнер-аматар Васіль Русін, Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб.

Гульні праходзілі па кругавой сістэме. Пераможца вызначаўся па колькасці набраных ачкоў.

Па выніках спаборніцтваў чэмпіёнкамі адкрытага турніру Дзятлаўскага раёна па пляжным валейболе сталі дзяўчаты з горада Слоніма, сярэбраным прызёрам прызнана каманда аграгарадка Гезгалы, бронзавая перамога – у каманды горада Дзятлава (Ганна Таўкун і Вольга Радомская).

Варта адзначыць, што ў горадзе Дзятлаве пляжны валейбол пачаў развівацца толькі з гэтага года, а слонімскія дзяўчаты прымаюць удзел ужо не ў першым турніры і з’яўляюцца вопытнымі валейбалісткамі.

Пасля заканчэння турніру пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і медалямі Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Турнір стаў апошнім акордам у пляжным валейбольным сезоне Дзятлаўскага раёна.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота Васіля РУСІНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup