Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 13 па 19 ліпеня 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступілі 74 паведамленні, сем з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 36 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 31 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 24 правапарушальнікі, узбуджаны чатыры крымінальныя справы.

Інтэрнэт-продажы: давяраць ці не

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на невядомага махляра, які з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт на падставе продажу калонкі і гульнявога ноўтбука падманным шляхам завалодаў 250 рублямі навучэнца БДЭУ і 1170 рублямі рабочага ДП “Мінсктранс”. Абодва пацярпелыя – жыхары горада Дзятлава.

Згубіла картку – прапалі грошы

Па дапамогу да праваахоўнікаў звярнулася жыхарка аднаго з аграгарадкоў нашага раёна. Жанчына паведаміла, што пасля таго, як яна згубіла пластыкавую банкаўскую картку, з яе карт-рахунка прапалі 236 рублёў. Хто і пры якіх абставінах зняў грошы пацярпелай, высвятляецца. Узбуджана крымінальная справа.

Зламалі дзверы – скралі маёмасць

Пакуль пажылая гаспадыня знаходзіцца ў родных, злодзеі наведаліся ў яе хату ў вёсцы Лявонавічы. Зламыснікі зламалі дзверы ў хаце і хляве. Іх “набыткамі” сталі шкляны посуд, чыгунныя панэлі ад печкі, металічнае вядро, дзве сякеры, дзве рыдлёўкі, іншы інструмент і нават электралічыльнік. Праваахоўнікі ацанілі нанесеную пацярпелай шкоду ў 45 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Цэх застаўся без кампрэсара

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу з незамкнёнага дрэваапрацоўчага цэху ТАА “ТриВ-компании”, што паблізу вёскі Зачэпічы, пнеўматычнага кампрэсара, 30 метраў шланга высокага ціску і пісталета для напампоўкі шын з манометрам. Нанесеная прадпрыемству шкода склала 401 рубель 85 капеек.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра ўчыненыя нераскрытыя крадзяжы, паведаміць па нумары 102. Ананімнасць гарантавана.

Здарэнні ў сельгаспрадпрыемствах

Адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне парадку захоўвання лому чорных металаў на тэрыторыі мехмайстэрняў складзены на трох адказных асобаў гаспадарак Дзятлаўскага раёна.

Да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы прыцягнуты шэсць работнікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Уладзімір СВЯТОХА,
часова выконваючы абавязкі начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup