Святочны настрой. Гавораць дзятлаўчане

Важнае Грамадства

Пацікавіліся ў дзятлаўчан, з якім настроем яны прыйшлі на свята, што для іх значыць Дзень Незалежнасці Беларусі.

Валерыя Хамянок, Ліяна Яравая, Лізавета Коўзель:

– Настрой у нас цудоўны, прыйшлі цікава адпачыць, паслухаць добрыя песні. Мы вельмі рады, што жывём у такой прыгожай, мірнай краіне, удзячныя ўсім людзям, якія абаранялі Беларусь. Дзятлаўчанам жадаем, каб усе мы і далей жылі мірна і спакойна, былі дружныя.

Таццяна Шулейка:

– На свята прыйшлі ўсёй сям’ёй. Асабліва радыя дзеці. Ну, а мы, дарослыя, ганарымся, што жывём у мірнай і незалежнай краіне, спакойныя за будучыню нашых дзяцей. Дзятлаўскаму раёну з нагоды юбілея жадаем і надалей паспяхова развівацца, квітнець.

Віталь Якаўчык:

— Я ўраджэнец Мінска, прыехалі з жонкай Анастасіяй на Дзятлаўшчыну, у госці на яе радзіму. З прыемнасцю наведалі сёння святочныя мерапрыемствы ў горадзе, асабліва спадабаўся канцэрт “Песняроў”. Узгадалі дзяцінства пад песні “Белавежская пушча” і “Касіў Ясь канюшыну”. Дзень Незалежнасці – сапраўды выдатны дзень. Сёння і думаецца, і дыхаецца іначай. Ад горада Дзятлава – таксама самыя прыемныя ўражанні. Прыгожы, ўтульны, чысты, спакойны гарадок з цікавай архітэктурай. Тут незвычайным чынам спалучаецца мінулае і сучаснасць.

Сем’і Кулеш і Шапуркаў:

— Мы ўсе родам з Дзятлава. Цяпер жывём у Гродне, але прыехалі на выхадныя да бацькоў у госці. І патрапілі на такое выдатнае свята. Звычайна прыязджаем на радзіму папрацаваць, а тут выдаўся вольны святочны дзень, каб пабачыцца з сябрамі і адпачыць з карысцю. Не маем на сёння асаблівай мэты, проста гуляем, атымліваем асалоду ад падзеяў і родных месцаў. Прыемная праграма, усмешлівыя людзі. Пабылі на гарадской плошчы, на мерапрыемствах у парку. Пахварэлі за мясцовую каманду на футболе. Разам з дзецьмі вельмі радаваліся, калі нашы на апошніх хвілінах матча зраўнялі лік і атрымалі выніковую «нічыю».

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ
Наталля АВЯРЧУК