Смелыя, адважныя, спартыўныя

Галоўнае Здарэнні і бяспека

У Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, пажарны аварыйна-выратавальны пост № 14, служаць Аляксандр Трафімчык, Юрый Гізоўскі і Мікіта Вакульчык.

Гэта адзіны баявы калектыў, агульны тэрмін службы якога ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях складае 35 гадоў.

Кіруе аддзяленнем старшы прапаршчык унутранай службы Аляксандр Трафімчык. Сваю службу пачаў у 1994 годзе інструктарам прафілактыкі прафесійнай пажарнай часці № 38. Затым яе перакваліфікавалі ў ваенізаваную пажарную часць № 2, дзе Аляксандр заняў пасаду камандзіра аддзялення, на якой працуе і цяпер, толькі ўжо пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 14. З цягам часу змяняліся назвы падраздзялення, а галоўная задача ратаўніка Трафімчыка і яго калегаў па службе застаецца нязменнай – дапамога людзям.

Нарадзіўся Аляксандр у вёсцы Таркачы Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння школы скончыў філіял Гродзенскага кааператыўнага вучылішча ў Навагрудку па спецыяльнасці “Таваразнаўца харчовых і нехарчовых тавараў”. Пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь некаторы час працаваў у магазіне ў гарпасёлку Наваельня, але не за доўгім часам прыняў рашэнне пайсці працаваць ратаўніком у Дзятлаўскі РАНС.

Больш за чвэрць стагоддзя знаходзіцца Аляксандр Трафімчык на варце бяспекі сваіх землякоў. За шматгадовую добрасумленную службу ён адзначаны медалём “За бездакорную службу” III ступені, нагрудным знакам “Выдатнік”, медалём “20 гадоў МНС”. Таксама яму прысвоена званне на адну прыступку вышэй займаемай пасады.

У вольны час Аляксандр Трафімчык займаецца разьбой па дрэве, любіць маляваць, зімой з задавальненнем ходзіць на лыжах.

Дзевяць гадоў служыць у органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Юрый Гізоўскі. Пачынаў службу ратаўніком у ПАВП-14, а ў 2017 годзе сеў за руль выратавальнай машыны.

– У мае абавязкі ўваходзіць максімальна хутка даставіць ратаўнікоў да месца здарэння, а таксама сачыць за спраўнасцю тэхнікі, – расказаў Юрый.

Родам ён з вёскі Таркачы Дзятлаўскага раёна. Пасля дзявятага класа паступіў у Казлоўшчынскі ліцэй на спецыяльнасць “Трактарыст-вадзіцель”, затым прайшоў службу ў аўтамабільных войсках. Вольны час Юрый Гізоўскі любіць праводзіць на рыбалцы. Захапляецца валейболам і гіравым спортам.

Самы малады ратаўнік ПАВП-14 – Мікіта Вакульчык. Ён працуе тут з мая 2020 года. Родам Мікіта з Навагрудка. Пасля школы скончыў Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці “Тэхнік-будаўнік”, але дзіцячая мара – тушыць пажары – не пакідала яго.

– Вырашыў паспрабаваць сябе ў сапраўднай мужчынскай прафесіі. З фізічнай падрыхтоўкай праблем няма, даўно займаюся лёгкай атлетыкай, люблю футбол. Паспяхова прайшоў медкамісію, прафесійны адбор, стажыроўку – і я ратаўнік, – расказаў Мікіта.

І няхай на яго рахунку пакуль няма гераічных учынкаў, сур’ёзных пажараў і надзвычайных сітуацый, гатоўнасць нумар адзін у яго заўсёды.

Хлопцы аддзялення першай змены займаюцца добраўпарадкаваннем свайго паста: збудавалі дадатковыя спартыўныя снарады на “міні” спартгарадку для падтрымання фізічнай формы, а ў планах – зрабіць клумбу на пажарную тэматыку. Акрамя гэтага, ратаўнікі сустракаюцца з насельніцтвам, каб навучыць іх асновам бяспекі жыццядзейнасці. Яны вельмі любяць сваю работу і заўсёды кажуць: “У любой надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце 101 або 112. Мы вам дапаможам!”.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup