Сёння студатрадаўцы – заўтра спецыялісты

Грамадства Свежыя навіны

На працягу больш чым пяці гадоў запар самы вялікі на Дзятлаўшчыне сельскагаспадарчы студэнцкі атрад працуе на жніве ў ААТ “Граніт-Агра”.

Сёлетні моладзевы працоўны семестр не стаў выключэннем: 17 ліпеня да работы ў сельгаспрадпрыемстве прыступілі 30 юнакоў і дзяўчат, якія будуць несці працоўную вахту да 23 жніўня.

– Студатрадаўцы размеркаваны па розных аб’ектах гаспадаркі, дзе дапамагаюць аграрыям на ўборцы зерневых культур, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка. – Маладыя работнікі працуюць на сушцы зерня на збожжаскладах у аграгарадках Круцілавічы і Таркачы, ёсць сярод іх вагавікі і памочнікі камбайнераў. Нараканняў на студатрадаўцаў у старэйшага пакалення работнікаў няма, бо юнакі і дзяўчаты адказна адносяцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў.

Дарэчы, сезонная занятасць моладзі на сельгасработах, як лічыць Кацярына Дубешка, спрыяе прафарыентацыі. Многія выпускнікі мясцовай школы ў далейшым вяртаюцца працаваць у ААТ “Граніт-Агра”, тым больш што сельгаспрадпрыемства вядзе мэтанакіраваную кадравую палітыку. У Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе адкрыты аграрны клас. Мэтавыя накіраванні на вучобу сёлета атрымалі двое выпускнікоў. Тым, хто вучыцца па мэтавым накіраванні, ААТ “Граніт-Агра” штомесяц ажыццяўляе даплату да стыпендыі ў памеры пяці базавых велічыняў. Тры маладыя работнікі, якія вучыліся па накіраваннях, сёлета вярнуліся пасля вучобы ў гаспадарку. Хутчэй за ўсё, яны застануцца тут працаваць і надалей, як гэта зрабілі мясцовыя жыхары – галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Яўген Дворык, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі, выконваючая абавязкі галоўнага агранома Алена Масейчык і многія іншыя.

Кацярына Дубешка пажадала сёлетнім студатрадаўцам плённай працы, паспяховай вучобы і заклікала ў далейшым вяртацца ў родную гаспадарку.

– Абавязкова так і зраблю, – зазначае Вераніка Адамчык, выпускніца аграрнага класа, якая па мэтавым накіраванні ААТ “Граніт-Агра” сёлета паступае ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на эканаміста. – Наша гаспадарка мне вельмі падабаецца, – прадаўжае размову дзяўчына, – бо тут шмат магчымасцяў для моладзі: будуецца ўсё больш жылых дамоў, ладзяцца цікавыя святы, работнікі ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і конкурсах. Мая матуля, Людміла Васільеўна Адамчык, працуе ў гаспадарцы галоўным дыспетчарам. Мой выбар прафесіі таксама асэнсаваны: у час вучобы ў аграрным класе я прайшла курс “Уводзіны ў аграрную прафесію”, паглыблена вывучала біялогію і хімію. Перавага профільнага класа і мэтавага накіравання ў тым, што цяпер мне давядзецца толькі прайсці субяседаванне. А пакуль знаёмлюся з сельскай прафесіяй, працуючы ў студатрадзе. Заробленыя грошы планую патраціць на вучобу і падарунак матулі. Усім, хто сёлета таксама паступае, жадаю ўпэўненасці ў сабе і поспехаў.

Яшчэ адна выпускніца таго ж класа Дыяна Крэмянеўская паступае ў дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, праўда, горада Мінска і без мэтавага накіравання. Дзяўчына збіраецца стаць інжынерам па ахове працы, жадае праходзіць практыку і стажыроўку ў ААТ “Граніт-Агра”, марыць таксама вярнуцца ў родны раён. Працаваць у атрадзе Дыяне падабаецца, яна не шкадуе, што траціць на гэта апошнія школьныя канікулы.

– З сябрамі весялей, – разважае дзяўчына, – ды і заробленыя грошы спатрэбяцца. Мяркую іх патраціць на бытавую тэхніку, якую давядзецца набываць, калі буду засяляцца ў студэнцкі інтэрнат.

Даніла Пасюк, жыхар горада Баранавічы, згодны з дзяўчатамі, што папрацаваць летам у атрадзе карысна. Навучэнец Баранавіцкага ліцэя машынабудавання прыехаў у гэту мясцовасць пагасцяваць да бабулі, якая і параіла стаць студатрадаўцам.

– Працаваць тут не цяжка, – зазначае хлопец. – З усімі студатрадаўцамі я пазнаёміўся, пасябраваў, таму мае канікулы праходзяць цікава.

У ліцэі Даніла набывае спецыяльнасць аператара камп’ютарнай графікі і слесара механазборачных работ. Расказвае, што ў далейшым зможа працаваць на заводзе або ў фотастудыі. Аднак праграма-мінімум на жыццё ў юнака крыху іншая: у бліжэйшы час ён збіраецца скончыць вадзіцельскія курсы, затым адслужыць у арміі, а потым паспрабаваць атрымаць яшчэ і вышэйшую адукацыю. Сваім равеснікам Даніла таксама раіць упэўнена ісці да пастаўленых мэтаў і пастарацца многаму навучыцца.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup