Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Калі п’юць бацькі – плачуць дзеці

Важнае Грамадства

Прайшло сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Камісіяй разгледжаны пытанні аб прызнанні непаўналетняга маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне; пра спыненне дзвюх справаў аб адміністрацыйных парушэннях, учыненых непаўналетнімі; разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы на двух бацькоў непаўналетняга, якія не забяспечылі яго суправаджэнне ў позні час. Члены каардынацыйнага савета вырашылі пытанне аб прызнанні непаўналетняга ў сацыяльна небяспечным становішчы; прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы.

Ці телефон вінаваты?

На бацькоў непаўналетняга, якога ў 23 гадзіны 40 хвілін у раёне дзятлаўскага міні-рынка затрымала міліцыя, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за несуправаджэнне сына ў позні час. Нагадваем, што дзецям малодшым за 16 гадоў нельга знаходзіцца на вуліцы без дарослых з 23 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы. На жаль, на канікулах гэта патрабаванне закона нярэдка парушаецца.

Хлопец, як ён патлумачыў, спазніўся з-за мабільнага тэлефона, у якім разрадзіўся акумулятар. Праўда, разам з ім гуляў больш дарослы сябар, у якога тэлефон працаваў.

Паколькі раней малады чалавек не ўчыняў парушэнняў, мае станоўчую характарыстыку па месцы вучобы, яго маці і бацьку папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў сына ў далейшым. Таксама дарослым патлумачылі, што, калі хлопец на працягу года зноў спозніцца дахаты, за паўторнае несуправаджэнне непаўналетняга сына ім абодвум ужо давядзецца заплаціць штрафы.

Справа спынена – адказнасць ёсць

З Баранавіцкага ГУУС на адрас камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама прыйшло паведамленне аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, учыненым непаўналетнім жыхаром нашага раёна. Хлопец вучыцца ў Баранавіцкім ліцэі і нядаўна арганізаваў застолле з нагоды свайго дня нараджэння ў пакоі інтэрната. У час святкавання ён і яго непаўналетнія сябры ўжывалі спіртныя напоі. Паколькі распіццё алкаголю адбывалася не ў грамадскім месцы, адміністрацыйныя справы на парушальнікаў спынены. Аднак гэта не значыць, што непаўналетнія пазбегнуць адказнасці за супрацьпраўны ўчынак. Так, з “гаспадаром банкета” на працягу аднаго года будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, таксама хлопец будзе знаходзіцца на прафілактычным уліку ў доктара-нарколага.

Позна адумалася

На мінулым пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 было прынята рашэнне аб зборы дакументаў на прызнанне непаўналетняга, 2015 года нараджэння, маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Бацька хлопчыка вядзе асацыяльны лад жыцця, ён асуджаны да накіравання ў ЛПП, маці працуе, аднак таксама апошнім часам злоўжывае алкагольнымі напоямі, у тым ліку разам з сужыцелем, прыводзіць сына з сабой у сумніўныя кампаніі. Старэйшая дачка жанчыны, у якой іншы біялагічны бацька, цяпер жыве з яго сям’ёй, там праблем няма.

За праўнука вельмі перажывае бабуля гора-маці, менавіта яна старалася наглядаць за хлопчыкам у той час, калі ўнучка выпівала, таксама пенсіянерка інфармавала педагогаў дзіцячага садка, калі маці знікала з непаўналетнім у невядомым напрамку.

На рахунку аматаркі моцных напояў розныя “прыгоды”: то яна не адчыняла дзверы спецыялістам службаў прафілактыкі, то ўцякала з сынам ад выхавальнікаў садка з чужой хаты праз акно, то прыходзіла п’яная забіраць дзіця з дашкольнай установы.

Жанчына прасіла членаў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама не прызнаваць сына маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, абяцала выправіцца, запэўнівала, што будзе лячыцца. Але такія ж абяцанні раней яна давала не раз, таму паверыць складана. Члены камісіі прызналі хлопчыка маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер непаўналетні паедзе ў санаторый, у яго маці ёсць час, каб прайсці лячэнне ад алкагалізму ў стацыянары і даказаць, што яна можа сама гадаваць сына. Жанчына стала абавязанай асобай, з яе, а таксама з біялагічнага бацькі, будуць вылічваць грошы на ўтрыманне дзіцяці.

Хто выправіўся, а хто і не

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 у час пасяджэння прынялі рашэнні па сітуацыі ў 13 сем’ях, дзе гадуюцца непаўналетнія.

Напачатку заслухалі вынікі сацыяльнага расследавання, праведзенага ў сям’і, дзе гадуецца хлопчык, 2009 года нараджэння. Бацькі непаўналетняга жывуць асобна, бацька вядзе асацыяльны лад жыцця, нідзе не працуе, на яго сабраны дакументы аб накіраванні ў ЛПП. Апошнім часам маці таксама стала ўсё часцей злоўжываць спіртнымі напоямі, не спыняе жынчыну нават тое, што раней сына ўжо прызнавалі ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Паколькі былі зафіксаваны факты знаходжання маці ў стане алкагольнага ап’янення, члены каардынацыйнага савета вырашылі зноў прызнаць дзіця ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Распрацаваны план работы з сям’ёй.

Таксама члены каардынацыйнага савета прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх, якія жывуць у 11 сем’ях, у сацыяльна небяспечным становішчы. Па выніках аналізу сітуацыі ў кожнай канкрэтнай сям’і дзяцей з пяці сем’яў знялі з уліку, з астатнімі сем’ямі работа будзе прадоўжана.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup