Працоўны семестр-2020. Горы збожжа перашуфлююць

Важнае Грамадства

За студатрадаўскую змену восем маладых работнікаў, якія працуюць у КСУП “Дварэц-Агра”, перашуфлююць горы збожжа, падмятуць сотні квадратных метраў тэрыторыі, загартуюцца фізічна перад новым навучальным годам і атрымаюць някепскі заробак за сваю працу.

– Нашы студатрадаўцы, а гэта навучэнцы Дварэцкай і Новаяльнянскай сярэдніх школ, заняты на збожжасушыльным комплексе “КЗСВ-30” у аграгарадку Дварэц, – расказвае кладаўшчык гаспадаркі Ірына Лішык. – Больш за пяць гадоў запар у сезон жніва дарослым работнікам сельгаспрадпрыемства дапамагае моладзь працоўнага сельскагаспадарчага атрада ГА “БРСМ”. Вось і сёлета з 15 ліпеня па 21 жніўня на ўборцы зерневых і зернебабовых культур працуюць нашы маладыя памочнікі. Іх абавязак – уборка прылеглай тэрыторыі і работа са збожжам. Яго даводзіцца падмятаць, падсыпаць, падкідваць, таму, як бачыце, у руках юнакоў і дзяўчат традыцыйны працоўны інструмент – шчоткі і шуфлі. Моладдзю мы вельмі задаволены, бо яны адказна адносяцца да справы, падганяць ці прымушаць іх не трэба. На збожжасушылцы многія працуюць не першы год – і заўсёды радуюць стараннем. Праз наш аб’ект праходзіць асноўны паток збожжа з палеткаў гаспадаркі, таму сядзець без справы тут не даводзіцца. Першыя дні студатрадаўцы працавалі з насеннем рапсу, цяпер пачынаецца жніво збажыны. У працоўным семестры жадаю маладым работнікам бадзёрасці духу і моцнага здароўя, а заробкамі гаспадарка іх не пакрыўдзіць. Дарэчы, летась напрыканцы змены мы ладзілі невялікую ўрачыстасць для ўдзельнікаў студатрада. Мяркую, сёлета таксама будзе арганізавана падобнае мерапрыемства.

У купцы юнакоў заўважаю дзяўчыну. Гэта Вольга Радзюк – студатрадаўка са стажам, якую сёлета прызначылі камандзірам. Цікаўлюся ў яе, ці слухаюцца хлопцы.

– На самой справе камандаваць мне не даводзіцца, – адказвае Вольга. – Тут кожны ведае пастаўленыя задачы і патрабаванні, таму проста дружна працуем. Мне вельмі падабаецца, што ў моладзі Дзятлаўшчыны ёсць магчымасць удзельнічаць у студатрадаўскім руху і зарабляць грошы. Я запісваюся ў атрад чацвёрты год запар, два апошнія – працую на збожжасушыльным комплексе ў Дварцы. Работа пасільная, хоць пры вялікіх аб’ёмах збажыны бывае стамляюся, але працаваць усё роўна лепш, чым сядзець дома.

Сёлета Вольга Радзюк паспяхова скончыла першы курс Слонімскага медыцынскага каледжа. Як упэўнілася за год вучобы, выбраная прафесія ёй падабаецца. Вярнуцца працаваць жадае ў родны раён, але мэтавага накіравання не брала, таму перажывае, ці спраўдзіцца задума. Заробкі ў студатрадзе, як прызнаецца дзяўчына, дастойныя. Сёлетні яна збіраецца патраціць на сваю мару: здаць іспыты на вадзіцельскае пасведчанне. Праўда, падлічвае, што да атрыманай сумы давядзецца яшчэ дакласці грошай. Моладзі Дзятлаўшчыны Вольга раіць не траціць часу дарэмна, а ўпэўнена рухацца да пастаўленых мэтаў.

Такая жыццёвая пазіцыя характэрна і сёлетнему выпускніку Дзмітрыю Сідорчыку, які ўдзельнічае ў студатрадаўскім руху ўжо трэці год. У хуткім часе хлопец збіраецца падаваць дакументы на ваенны факультэт БНТУ, а пакуль актыўна шуфлюе зерне ў гаспадарцы.

Цікаўлюся ў яго, чым прываблівае ваенная спецыяльнасць.

– Усё жыццё марыў насіць форму, – гаворыць юнак, – а яшчэ мне ўласцівы такія якасці характару, як адказнасць і дысцыплінаванасць, таму лічу, ваенная прафесія стане маім правільным выбарам.

Па словах Дзмітрыя, работа ў студатрадзе прыносіць яму задавальненне, ну, і вядома ж, матэрыяльны прыбытак. Раней за заробленыя грошы хлопец ужо набыў сабе мабільны тэлефон, сёлетнія – плануе адкласці, спатрэбяцца пазней.

Юнак упэўнены, што студатрадаўскі рух мацуе сяброўства: хто адпрацаваў змену разам і адчуваў побач надзейнае плячо, у далейшым абавязкова прыйдзе на выручку сябру ў цяжкую хвіліну. Сваім равеснікам Дзмітрый Сідорчык зычыць ніколі не апускаць рукі перад цяжкасцямі, быць упэўненымі ў сваіх сілах.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup