Моладзь і адукацыя – уклад у будучыню

Важнае Улада

Прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання на чале са старшынёй райсавета Аляксандрам Бараноўскім з удзелам кіраўніка раёна Андрэя Садоўскага.

На пасяджэнне былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, установаў адукацыі раёна.

На парадак дня былі вынесены некалькі пытанняў. Са справаздачамі аб рэалізацыі плана мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка” на 2016 – 2020 гады ў Дзятлаўскім раёне выступілі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка. Дакладчыкі зазначылі, што план мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы быў зацверджаны рашэннем раённага Савета дэпутатаў. Удакладнены план фінансавання дзяржпраграмы на 2016-першае паўгоддзе 2020 гадоў склаў 59 мільёнаў 100 тысяч рублёў, сродкі ўжо асвоены на 99 %. Для зніжэння магчымай рызыкі пры выкананні падпраграмаў (а іх больш за дзясятак) вядзецца маніторынг хода іх рэалізацыі, дапаўненні і змяненні ў значэнні мэтавых паказчыкаў уносяцца рашэннямі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў. На Дзятлаўшчыне на працягу пяцігодкі шмат увагі надаецца павышэнню якасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійнаму росту педагогаў, фарміраванню прэстыжу педагагічнай прафесіі і рабочых спецыяльнасцяў, прафарыентацыі і замацаванню моладзі ў раёне. Ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны былі сфарміраваны чатыры профільныя групы педагагічнага накірунку, у трох школах адкрыты аграрныя класы, у дзесяці ўстановах ажыццяўлялася навучанне па профілях. На працягу справаздачнага перыяду значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў адукацыі раёна, набыты шэсць школьных аўтобусаў, адзін спецтранспарт для падвозу дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Для зручнасці бацькоў асаблівых дзетак наладжана круглагадовае функцыянаванне Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, разглядаецца пытанне аб адкрыцці там яшчэ аднаго класа.

Паспяхова на працягу пяцігодкі працавала сістэма дадатковай адукацыі раёна. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава па паказчыках дзейнасці ўваходзіць у тройку абласных лідараў. Адкрываюцца новыя запатрабаваныя аб’яднанні па інтарэсах, выхаванцы і педагогі цэнтра з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню.

Значная ўвага скіравана на адпачынак і аздараўленне дзяцей і моладзі, у раёне штогод функцыянуюць летнікі з дзённым і кругласутачным знаходжаннем, а летнік у маляўнічых мясцінах на базе Гезгалаўскай школы спадабаўся гродзенскім вучням, якія летась змаглі там адпачыць.

Заўсёды ў цэнтры ўвагі ў раёне пытанні моладзевай палітыкі. Нашы маладыя землякі – актыўныя ўдзельнікі грамадскіх аб’яднанняў “БРПА” і “БРСМ”, валанцёры і нават члены моладзевага парламента. Многія з іх сталі ўдзельнікамі студатрадаўскага руху. Фарміраванню грамадзянска-патрыятычных якасцяў у маладога пакалення спрыяюць тэматычныя мерапрыемствы, якія штогод праводзяцца на Дзятлаўшчыне. Сярод найбольш значных сёлетніх былі праекты і акцыі да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

У раёне прапагандуюцца сямейныя каштоўнасці, нават з’явіўся свой брэндавы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які з кожным годам “прырастае” новымі сем’ямі-ўдзельніцамі.

Важнымі пытаннямі застаюцца прафарыентацыя і замацаванне маладых спецыялістаў. Маладым людзям стараюцца прывіваць любоў да прафесіі, паказваць перспектывы росту ў раёне, магчымасць атрымання жылля. Сістэма работы з моладдзю добра наладжана ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир”, цэнтральнай раённай бальніцы.

 

Карысная занятасць падлеткаў і моладзі дазваляе знізіць колькасць супрацьпраўных учынкаў, тым не менш, лічаць спецыялісты, намаганні трэба скіроўваць на інфармацыйную бяспеку, сачыць за тым, каб юнае пакаленне больш часу праводзіла ў рэальным, а не віртуальным свеце.

Паспяховым вопытам работы ў сваіх калектывах па накірунках дзяржпраграмы падзяліліся намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка і дырэктар Гезгалаўскай сярэдняй школы Эдуард Ненартовіч.

Таксама быў разгледжаны шэраг іншых пытанняў, вынесеных на парадак дня работы сесіі, прыняты рашэнні.

Вынікі пасяджэння падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што і адукацыя, і моладзевая палітыка – гэта ўклад у будучыню, таму ад таго, што мы зробім сёння, будзе залежаць наша заўтра. Таксама дэпутат заклікаў прысутных прыняць актыўны ўдзел у выбарах, а тым, хто ў раёне задзейнічаны ў выбарнай кампаніі, правесці яе законна, зладжана, на дастойным узроўні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: