Моладзь Дзятлаўшчыны паўдзельнічала ў адкрытым дыялогу ГА “БРСМ” “Беларусь: учора, сёння, заўтра”

Важнае Грамадства

– Багацце нацыі не ў рэсурсах, а ў маладых людзях, поўных ініцыятываў, здольных пісаць “біяграфію” сваёй краіны, – звярнулася да ўдзельнікаў адкрытага дыялогу, які прайшоў 31 ліпеня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

– Моладзь была і застаецца той сілай, якая рухае Радзіму да працвітання.

Менавіта таму для сёняшняй нашай сустрэчы быў выбраны слоган: “Беларусь: учора, сёння, заўтра” – “Захоўваем і памнажаем!”

Для абмеркавання актуальных тэмаў з маладымі людзьмі, сярод якіх былі і тыя, што ў гэту выбарную кампанію будуць галасаваць упершыню, на пляцоўку для дыялога былі запрошаны госці:  начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка, ветэран камсамольскага руху Людміла Халопік, наша таленавічая маладая зямлячка, якую многія ведаюць па яе песнях – Яна Русін (у дзявоцтве Мармыш).

Кацярына Хілімончык прапанавала правесці абмеркаванні па тэматычных блоках. Выступіць па тэме “Беларусь учора” першы сакратар запрасіла Людмілу Халопік.

Людміла Іванаўна расказала прысутным, якой актыўнай і поўнай мараў была яе маладосць. Узгадала, наколькі сур’ёзнае выпрабаванне даводзілася праходзіць тым, хто ўступаў у камсамол. Камсамольцы былі самай прагрэсіўнай моладдзю, і ўсе найважнейшыя падзеі ў краіне адбываліся з іх удзелам. Расказала Людміла Іванаўна пра тагачасны студатрадаўскі рух. Напрыклад, на Дзятлаўшчыне ўдзельнікі моладзевых атрадаў працавалі важатымі ў піянерлагеры “Рэчанька”, які знаходзіўся ў вёсцы Руда Яварская, а сельскагаспадарчыя моладзевыя атрады былі задзейнічаны на ўборцы ўраджаю агародніны ў саўгасе “Раготна”. Самымі запатрабаванымі на той час у маладых людзей былі ваенныя і педагагічныя спецыяльнасці, многія марылі пакарыць космас, пабыць за мяжой.

– Беларусь сёння – гэта краіна роўных магчымасцяў, – зазначыла ў час абмеркавання наступнага тэматычнага блока Наталля Калодка. – Кожны малады чалавек, які старанна вучыцца і працуе над самаразвіццём, можа дабіцца жаданых вынікаў, прыйсці ў прэстыжную прафесію, паляпшаць наша жыццё, выбраць справу па душы і на карысць сваёй краіны.

З кожным годам вакол нас адбываюцца станоўчыя змены: прыгажэюць гарады, развіваецца інфраструктура, перааснашчаюцца прадпрыемствы. Пра гэта прысутным нагадала дакументальная кінастужка аб Дзятлаўшчыне на сучасным этапе.

– Трэба смела глядзець у будучыню і не збочваць з дарогі, калі ідзеш да сваёй мары. – Заклікала прысутных Яна Русін. – Яна расказала, як ёй пакаралася песеннае майстэрства і пажадала моладзі Дзятлаўшчыны таксама дабіцца высокіх вынікаў у выбраных імі накірунках развіцця.

Напрыканцы размовы ўдзельнікі адкрытага дыялогу прыйшлі да высновы, што сучасная моладзь шмат намаганняў скіроўвае на вучобу, набыццё карысных навыкаў, лідарскіх якасцяў, яна ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень і ёй можна давяраць важныя справы. Нашы маладыя землякі неаднаразова апраўдвалі давер старэйшага пакалення, станавіліся пераможцамі і прызёрамі многіх сацыяльна значных конкурсаў і праектаў.

Моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык падзякавала прысутным за канструкцыйны дыялог, заклікала 9 жніўня праявіць грамадскую актыўнасць і прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

На развітанне моладзь і госці разам з Янай Русін выканалі песню “Белая Русь”, сфатаграфаваліся на пямяць аб сустрэчы і атрымалі ў падарунак каляндарыкі “За Белую Русь”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup