Дэкаратыўныя і лекавыя клумбы Любові Багаслаўчык

Важнае Грамадства

У наш час, здаецца, нікога не здзівіш кветкамі: шырокі выбар расады і насення прадстаўлены ў спецыялізаваных магазінах, можна заказваць іх і па каталогах.

Тым не менш, у кожнага аматара кветкавай прыгажосці свая калекцыя і свая цікавая гісторыя яе стварэння. Гэтым летам карэспандэнтка газеты “Перамога” пабыла ў гасцях у дзятлаўчанкі Любові Багаслаўчык і пазнаёмілася з яе кветнікам, дзе красуюць прыгажуні-лілеі, радуюць вока любімчыкі гаспадыні хосты і гейхеры, ёсць духмяная лаванда і шмат іншых “зялёных насельнікаў”.

Кветкавая “фазэнда”, так на іншаземны лад сяброўкі называюць участак Любові Віктараўны, знаходзіцца ў цэнтры горада і ўяўляе сабой драўляны дом з надзелам, дагледжаным клопатамі гаспадыні. У гэтым доме прайшлі яе дзіцячыя гады і маладосць, а “карані” захаплення “прарастаюць” яшчэ ў той час, калі матуля Вольга Фамінічна Лябецкая, якая таксама любіла кветкі, вырошчвала тут да некалькіх дзясяткаў сартоў гладыёлусаў. Праўда, маміну калекцыю Любоў Віктраўна раздала ў добрыя рукі, бо сама любіць непатрабавальныя шматгадовыя расліны, а вось “бабуліны” рамонкі і да гэтага часу займаюць сваё пачэснае месца ў кветніку.

– Я стараюся набываць і вырошчваць расліны, якім патрабуецца мінімум догляду, і пры гэтым яны ўдзячна радуць вока пышнай квеценню, – расказвае гаспадыня. – Мы з мужам Мікалаем Мікалаевічам жывём у кватэры, а сюды я прыходжу паклапаціцца аб раслінах і адпачыць душой з томікам любімага паэта Эдуарда Асадава ці іншай кнігай з бацькоўскай калекцыі. А наогул, доўга сядзець без справы не магу, бо вырасла “на зямлі”.

У маім кветніку не толькі дэкаратыўныя, але і шмат лекавых раслінаў. Ёсць клумбы з душыцай, ісопам, шалфеем, лапчаткай, чаборам, фенхелем. Зёлкі можна сушыць, рабіць карысны для здароўя чай.

На ўчастку Любові Багаслаўчык, акрамя кветак, растуць пладовыя дрэвы, кусты, агародніна. Расліны выдатна ўжываюцца побач і, здаецца, такое суседства ім толькі на карысць.

– Бачыце, якія ў мяне памідоры і перац, – заўважае маю цікавасць і падводзіць да градак гаспадыня. – І кабачкі сёлета будуць добрымі. Звычайна я не набываю насенне агародніны, а нарыхтоўваю яго сама: куплю, напрыклад, прыгожыя памідоры ці хто пачастуе – абавязкова пакіну зярняткі на насенне. Такі правераны спосаб дазваляе быць з ураджаем. Люблю расліны, клапачуся пра іх, лячу, калі хварэюць, і стараюся пакідаць самыя ўстойлівыя і смачныя сарты, як, напрыклад, гэты зялёны агрэст, а ўжо яны абавязкова “аддзячаць” мне ў час пладанашэння, – прадаўжае экскурсію па ўчастку агародніца-кветкавод.

Цікаўлюся ў Любові Віктараўны, ці не аграном яна па адукацыі.

– Мая прафесія не звязана з земляробствам, – адказвае жанчына, – я скончыла аддзяленне прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Віцебскага політэхнічнага тэхнікума. Працавала ў розных арганізацыях, але найбольшы адрэзак працоўнай дзейнасці аддала рабоце інжынерам-праекціроўшчыкам у праектным бюро ў Дзятлаве. Мая дачка Святлана Каралёва, якая цяпер жыве ў Расіі, працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. А вось унучка Валерыя Каралёва выбрала для сябе больш блізкую да прыроды прафесію: яна эколаг, працуе на сырзаводзе ў Дзятлаве. Родныя падтрымліваюць маё захапленне. Брат, Леанід Лябецкі, калі прыязджае, таксама дапамагае на ўчастку.

За размовай набліжаемся з Любоўю Віктараўнай да “дзіцячага садка”, дзе гадуецца маладзенькая расада кветак.

– Больш за ўсё люблю пасынкаваць ружы, – прадаўжае аповед мая субяседніца. – Хто займаецца развядзеннем ружаў, выдатна ведае, наколькі гэта складаны працэс. Аб маладзенькіх парастках клапаціцца трэба вельмі старанна, аднак і пры добрым доглядзе прыжывальнасць у іх невялікая. У мяне здарадася, што з сотні пасынкаў прымаліся адзінкі. Але ружу нездарма называюць “каралевай” кветніка: нягледзячы на капрызны характар, гэта расліна радуе аматараў прыгожымі кветкамі з вясны да самых маразоў. Яшчэ ў маёй калекцыі шмат лілеяў: яны простыя ў доглядзе, шыкоўныя ў якасці букета-падарунка і цвітуць на працягу некалькіх тыдняў. Ганаруся сваімі хостамі. Іх шмат сартоў на ўчастку. У гэтых кветак яшчэ і дэкаратыўныя лісточкі. Яны заўсёды прывабна глядзяцца на клумбах, як і гейхеры з рознакаляровым лісцем. А тут сапраўдны “захопнік” – анемона войлачная: яна прыгожа цвіце, але трэба пастаянна сачыць, каб не разрасталася. Побач красуе рута, ёсць дэкаратыўная лапчатка, зацвілі юка, рамонкі, клемаціс, хутка распусцяцца раннія хрызантэмы.

Любоў Багаслаўчык прызнаецца, што раздала частку сваёй калекцыі, бо сілы даглядаць расліны ўжо не тыя. Аднак у кветніку гаспадыні яшчэ дзясяткі відаў кветак розных сартоў. Палюбавацца імі ў час цвіцення на “фазэнду” прыходзяць сяброўкі і знаёмыя Любові Віктараўны, і найчасцей ніхто з іх не пакідае гэты гасцінны падворак без кветкі ў падарунак і карысных парадаў па яе доглядзе.

Нямала дэкаратыўных раслін, па словах загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Галіны Касцюк, Любоў Багаслаўчык ахвяравала для ўпрыгажэння клумбаў сацыяльных установаў раёна. Цяпер палюбавацца прыгажосцю, вырашчанай ёю, могуць многія дзятлаўчане.

Развітваючыся, дзякую гаспадыні за прыемную размову, цікавую экскурсію ў райскі куток і прашу падзяліцца галоўным сакрэтам догляду кветак.

– Трэба проста любіць іх, – коратка і ад душы рахункуе свой шматгадовы вопыт кветкавод-аматар.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup