Андрэй Жыдко: “Знешні рынак – 15 краін свету”

Важнае Улада

Дзятлаўскі раён увайшоў у тройку лідараў Прынёманскага краю і адзначаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці прамысловасці” па выніках штогадовых абласных спаборніцтваў горада Гродна і раёнаў Гродзенскай вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці ў 2019 годзе.

Што паспрыяла поспеху і ў якім кірунку будзе развівацца прамысловы сектар нашага раёна ў 2020 годзе, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў намесніка старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Жыдко.

– У фарміраванні агульнай валавой выручкі раёна прамысловы сектар Дзятлаўшчыны займае 51 %. У 2019 годзе ў кола справаздачнасці прамысловай галіны раёна былі ўключаны пяць новых прадпрыемстваў, дзе адбыўся рост персаналу і вытворчых паказчыкаў. Сярод іх – тры арганізацыі прыватнай формы ўласнасці: таварыствы з абмежаванай адказнасцю “Ізакам”, “Ізакам Пласт”, “Белтэрміз”. Іх удзельная вага ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці Дзятлаўскага раёна склала 22 %. Гэта экспартаарыентаваныя прадпрыемствы, якія дынамічна развіваюцца. Іх прадукцыя пастаўляецца ў краіны Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў.

Не менш паспяхова працавалі летась і ўнеслі важкі ўклад у развіццё прамысловага сектара Дзятлаўшчыны ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Андрэй Паўлавіч, ці карыстаецца попытам за мяжой вырабленая на Дзятлаўшчыне прадукцыя?

– Прадукцыя дзятлаўскіх прадпрыемстваў пастаўляецца больш чым у 15 краін свету. Галоўныя спажыўцы экспартнай прадукцыі нашага раёна – гэта Расія (каля 70 %), Літва, Латвія, Польшча, Германія. Летась Дзятлаўшчыне быў даведзены мэтавы паказчык экспарту прадукцыі ў краіны Еўрапейскага саюза, які павінен быў скласці 1 мільён 150 тысяч долараў ЗША, але дзятлаўскія вытворцы перавыканалі заданне на 403 % і паставілі на экспарт у Еўрасаюз сваіх тавараў на суму 4 мільёны 636 тысяч долараў ЗША. Найбольшым попытам у замежных гандлёвых партнёраў у мінулым годзе карысталіся вырабы з драўніны, папяровыя мяшкі, вырабы з пластмасы, лікёра-гарэлачная прадукцыя, ільновалакно.

– На якія яшчэ замежныя рынкі імкнуцца выйсці прадпрыемствы Дзятлаўшчыны?

– У 2020 годзе былі наладжаны гандлёвыя сувязі з Нідэрландамі, якія зацікаўлены ў пастаўках нашых вырабаў з драўніны, такую ж прадукцыю пачалі набываць гандлёвыя партнёры з Румыніі. Была задумка наладзіць экспарт прадукцыі ТАА “Белсолес” на рынак Італіі, аднак з-за сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй гэтыя планы адкладзены на больш спрыяльны час.

– Ці ствараліся ў прамысловым сектары раёна ў 2019 годзе новыя працоўныя месцы?

– Паказчык па працаўладкаванні грамадзян на новыя рабочыя месцы, створаныя за кошт адкрыцця новых прадпрыемстваў і наладжвання новай вытворчасці, выкананы. Найбольш работнікаў, 82 чалавекі, летась працаўладкавалася ў ТАА “Чатыры Сонцы”. У ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” на новыя рабочыя месцы працаўладкаваны 12 чалавек, у санаторый “Радон” – 9, у ТАА “Ізакам Пласт” – 7, у закрытае акцыянернае таварыства “Дабраном” таксама прыняты 7 работнікаў, яшчэ 5 чалавек былі працаўладкаваны на новыя рабочыя месцы ў дробныя прыватныя прадпрыемствы раёна, столькі ж – у магазін “Магія”.

Сёлета ў прамысловым сектары раёна плануецца стварыць яшчэ 50 новых працоўных месцаў. З пачатку года ўжо былі працаўладкаваны 11 чалавек, мяркуецца, што па выніках першага паўгоддзя колькасць такіх работнікаў складзе 24 чалавекі.

– Развіццю і росту эканомікі спрыяе прыцягненне інвестыцый. Што ў гэтым кірунку адбываецца ў эканоміцы нашага раёна?

– На Дзятлаўшчыне значная ўвага надаецца прыцягненню інвестыцый, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў, мадэрнізацыі і тэхнічнаму перааснашчэнню вытворчасцяў. Кожны год у эканоміку раёна прыцягваецца ў сярэднім па 100 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Напрыклад, летась былі завершаны такія інвестыцыйныя праекты, як рэканструкцыя лячэбнага корпуса філіяла санаторый “Радон”, пабудаваны станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадках Хвінявічы і Жукоўшчына, закончана будаўніцтва спіртасховішча з устаноўкай дзвюх ёмістасцяў на ўчастку Парэцкі спіртзавод ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Штоквартальна на Дзятлаўшчыне ладзяцца сустрэчы з замежнымі інвестарамі – асацыяцыяй польскага бізнэсу. Патэнцыяльным партнёрам мы ладзім прэзентацыі аб нявыкарыстаных аб’ектах нерухомасці на тэрыторыі раёна: іх прапаноўваем пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Менавіта такім спосабам быў рэалізаваны інвестпраект па пашыве падэшваў для абутку, і ў 2020 годзе адкрыта прадпрыемства ТАА “Белсолес”, якое запусціла вытворчасць і ўжо рэалізуе сваю прадукцыю за мяжу.

– Як лічыце, прамысловасці раёна ўдасца ўтрымаць свае пазіцыі ў абласным рэйтынгу ў 2020 годзе?

– Нам даведзена сур’ёзнае планавае заданне, але ўжо па выніках за першы квартал гэтага года індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі прадпрыемстваў раёна замест 107,4 % склаў 110, 9 %. Напрыканцы года чакаем выканання даведзенага задання на 104 %.

– А якія галоўныя задачы стаяць перад прамысловым сектарам раёна ў 2020 годзе?

– Нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам у свеце, прадпрыемствы нашага раёна працавалі ў штатным рэжыме з поўнай працоўнай занятасцю, яны змаглі ўтрымаць свае пазіцыі на знешнім рынку і нарошчваюць аб’ёмы экспарту. У гэтым кірунку плануецца рухацца і надалей. З высокімі тэмпамі ў 2020 годзе працуюць Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Ад іх стараецца не адставаць прыватны бізнэс, таму на канец года спадзяёмся выйсці з добрымі вынікамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: