9 ліпеня – Дзень вызвалення Дзятлава. І цягнецца нітка пакаленняў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У дзень вызвалення горада прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “БСЖ”, “БРПА”, “Белая Русь”, ветэранскіх і прафсаюзных арганізацый, працоўных калектываў, валанцёры Чырвонага Крыжа ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да помнікаў райцэнтра.

Адным з іх быў помнік земляку Іосіфу Філідовічу, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Адметна, што ў гэты дзень ушанаваць памяць Іосіфа Юр’евіча прыйшлі яго нашчадкі – праўнучка Ала Анатольеўна Івашэвіч (у дзявоцтве Філідовіч) з дзецьмі Інэсай, Ігнатам, Даніілам і пляменніцай Ілонай Чайкоўскай. Карэспандэнтка газеты пацікавілася, як у іх сям’і захоўваецца памяць аб гераічным продку.

– Ваеннае мінулае нябачнай ніткай аб’ядноўвае пакаленні нашай сям’і, робіць яе больш дружнай, згуртаванай. Памяць мы захоўваем у сваіх сэрцах, у фотаздымках, а старэйшыя прадстаўнікі роду Філідовічаў часта нагадваюць малодшым гісторыю жыцця і гібелі Іосіфа Юр’евіча, – расказвае Ала Івашэвіч. – Дарэчы, ёсць адна цікавая асаблівасць, на якую звяртаюць увагу нашы сваякі: Іосіф Юр’евіч нарадзіўся ў 1874 годзе, а роўна праз сто гадоў – у 1974-м нарадзілася я, яго праўнучка.

Дзеці, а што вы ведаеце пра свайго двойчы прадзядулю?

– Што ён загінуў гераічнай смерцю, завёўшы фашыстаў у балота. Сваім учынкам прапрадзядуля выратаваў параненых байцоў і дактароў партызанскага шпіталя ў пушчы Ліпічанскай.

– Ад каго вы найчасцей чуеце гэту гісторыю?

– Ад бацькоў, ад бабулі. Ездзілі і на месца, дзе стаяў хутар Іосіфа Юр’евіча. Там ёсць памятны камень, яшчэ захаваліся калодзеж і зруб хаты. На жаль, асабістых рэчаў і фотаздымкаў прадзядулі не засталося, затое ў сям’і захоўваецца фотаздымак яго ўнука – Фёдара Іванавіча Філідовіча, які быў непасрэдным удзельнікам тых сумных падзеяў, калі немцы прыйшлі на хутар.

– Як лічыце, якія рысы характару вядомага продка перадаліся вам?

– Лічу, што па крыві нам перайшлі яго мэтанакіраванасць і ўпартасць, – адзначае Ала Івашэвіч. – Калі мы ставім перад сабой мэты, то ўпэўнена ідзём да іх. Яшчэ характэрнай рысай нашага роду з’яўляецца клопат пра блізкіх, сямейныя дабрыня і любоў. Мы вельмі згуртаваныя, і разам мы – сіла.

– Ці часта вам даводзіцца расказваць гісторыю подзвігу вашага прадзеда?

– Даволі часта. Пра жыццё Іосіфа Юр’евіча найчасцей цікавяцца ў школе. Вельмі ганарова прызнавацца, што мы – яго родныя.

– А якія словы вы сёння сказалі б Іосіфу Філідовічу?

– Дзякуй, прадзядуля, за самаадданасць, за абарону нашай Радзімы, за той гонар, які дастаўся нам у спадчыну. Мы, твае нашчадкі, атрымалі найлепшы дар – жыць пад мірным небам, у родным куточку, дзе нас паважаюць землякі, дзе мы можам радавацца кожнаму дню, быць здаровымі, моцнымі і не стамляцца дзякаваць табе за гэта ў нашых думках і ўчынках.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup