Жаданы падарунак ад гранітаўцаў

Важнае Грамадства

12 чэрвеня ў дзіцячы дом сямейнага тыпу горада Дзятлава да бацькоў-выхавальнікаў Аляксандра Леанідавіча і Марыны Генадзьеўны Шэлегаў і іх дзяцей завіталі шэфы – работнікі ААТ “Граніт-Агра”.

Нагода для візіту была прыемнай: гранітаўцы прывезлі падарункі. Самым значным і жаданым сярод іх быў веласіпед, упрыгожаны паветранымі шарамі. Не забыліся шэфы і пра пачастункі.

З найлепшымі пажаданнямі двухколавы транспартны сродак уручыла спецыяліст па продажам і збыту ААТ “Граніт-Агра”, яна ж старшыня прафсаюзнай пярвічкі Алена Зенчык. Пакеты з пачастункамі перадалі сакратар прыёмнай Наталля Галавач і бухгалтар Віялета Васількевіч.

Хлопчыкі адразу ж зацікавіліся веласіпедам. Тэст-драйв вакол дома рашыўся ажыццявіць Сямён, з нецярпеннем чакаў сваёй чаргі Данік. Пасля апрабоўвання падарунка высветлілася, што трэба падкачаць колы – і вось ужо ўся “моцная” палова сям’і на чале з Аляксандрам Леанідавічам сабралася вакол веласіпеда.

– Цудоўны падарунак, бачыце як спадабаўся, – з удзячнасцю зазначае Марына Генадзьеўна. – У нас ужо ёсць некалькі веласіпедаў, але на ўсіх не хапае. Цяпер радасці будзе больш. Звычайна, ходзім з дзецьмі катацца на стадыён сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, там яны ездзяць па чарзе. Першымі права сесці на веласіпеды атрымліваюць, безумоўна, самыя паслухмяныя.

Паколькі шматдзетная прыёмная сям’я Шэлегаў вядзе здаровы лад жыцця, цікава было даведацца ў бацькоў-выхавальнікаў, дзе і як яны будуць адпачываць гэтым летам.

– У нас ёсць дача. Там хутар, свежае паветра і мы адпачываем па-турысцку. У бліжэйшы час якраз збіраемся паехаць туды сям’ёй, разам з дзецьмі і ўнукамі. Мяркуем, збярэцца чалавек дваццаць. Раней любілі адпачываць яшчэ і з сябрамі, але цяпер асцерагаемся з-за пандэміі. А ў ліпені плануем адправіць дзяцей на адпачынак у летнікі “Баравічок” і “Блакітная хваля”. Паміж паездкамі на дачу і ў аздараўленчыя летнікі дзеці выдатна адчуваюць сябе на ўчастку каля дома. Тут абсталявана спартыўная пляцоўка, ёсць садовыя арэлі з тэнтам, устаноўлены батут, яшчэ адзін можам надзімаць, ёсць у нас і аўтамат для вырабу салодкай ваты. Раней да нашых дзяцей пастаянна прыбягалі сябры-аднагодкі з суседніх дамоў. Цяпер з-за складанай эпідсітуацыі такія сустрэчы пад забаронай, але ніхто не сумуе.

Мы вельмі ўдзячны калектыву ААТ “Граніт-Агра” за падарунак, які таксама дапаможа разнастаіць адпачынак на канікулах. Шэфы нас не забываюць. Няхай Гасподзь благаславіць работнікаў прадпрыемства і іх блізкіх за дапамогу нашай сям’і. Прыёмнае бацькоўства – нялёгкая справа, і мы вельмі рады адчуваць падтрымку мясцовых арганізацый, іх увагу.

Гранітаўцы ў сваю чаргу патлумачылі, што ідэю падарыць веласіпед дзіцячаму дому сямейнага тыпу падказала спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. Назіральны савет адкрытага акцыянернага таварыства разгледзеў просьбу і падтрымаў яе. У выніку новы веласіпед “прыехаў” да дзяцей з аднаго з дзятлаўскіх магазінаў і будзе дарыць ім радасць на канікулах і ў вольны час. Самі гранітаўцы – “зожнікі” са стажам, нездарма аграгарадок Круцілавічы завецца “здаровым пасёлкам”. Работнікі гаспадаркі таксама “загарэліся” ідэяй арганізаваць велападарожжа з палаткамі і адпачынкам на ўлонні прыроды, заручыліся падтрымкай кіраўніка сельгаспрадпрыемства Станіслава Мазура, але складаная эпідэміялагіччная сітуацыя ўнесла карэктывы ў летнія планы і перанесла вандроўку на “лепшы час”.

Словы падзякі гранітаўцам за падтрымку прыёмнай сям’і адрасавала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. Яна расказала, што ў 2014 годзе, калі ў Дзятлаве адкрывалі дзіцячы дом сямейнага тыпу Аляксандра і Марыны Шэлегаў, раённы выканаўчы камітэт вырашыў замацаваць за ім у якасці шэфаў адно з прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны. Такім прадпрыемствам стала ААТ “Граніт-Агра”, якое на працягу шасці гадоў аказвае пастаянную падтрымку прыёмнай шматдзетнай сям’і і дорыць дзецям радасць на навагоднія святы, пры падрыхтоўцы да школы, а летась гранітаўцы набылі сваім юным падшэфным білеты на “Еўрагульні-2019”, якія праходзілі ў нашай краіне. На гэты раз калектыў прадпрыемства адгукнуўся на просьбу аддзела адукацыі зрабіць сям’і падарунак з нагоды летніх канікулаў. Вялікі дзякуй работнікам гаспадаркі за такія нераўнадушныя адносіны.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup