Якія вакансіі ёсць для моладзі і дарослых?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У час летніх канікулаў многія навучэнцы і моладзь імкнуцца папрацаваць, атрымаць новы вопыт, зарабіць грошы.

З сітуацыяй на рынку працы цікава пазнаёміцца і дарослым дзятлаўчанам. Важныя пытанні занятасці карэспандэнтцы газеты патлумачыла намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Савань.

– Да часовай працоўнай занятасці на Дзятлаўшчыне сёлета плануем далучыць не менш за 80 маладых грамадзян, якія праходзяць навучанне ва ўстановах адукацыі. Увогуле, пастараемся аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні ўсім маладым людзям, якія звернуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ад наймальнікаў ужо паступілі заявы аб выдзяленні грашовых сродкаў на арганізацыю часовай працоўнай занятасці для навучэнцаў ад 14 да 31 года на 87 працоўных месцах.

– Дзе змогуць працаваць школьнікі?

– У чэрвені плануецца арганізаваць работы па рамонце бібліятэчнага фонду, на якія будуць запрошаны дзеці ад 14 да 16 гадоў. Падлеткам ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшым, а таксама студэнтам, прапануем у ліпені папрацаваць на падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года: паўдзельнічаць у выкананні бягучых рамонтаў.

– Якія вакансіі рыхтуеце для студэнтаў і маладых людзей, старэйшых за 18 гадоў?

– Разам з наймальнікамі вырашаем пытанне па стварэнні банка вакансій для моладзі. Хутчэй за ўсё гэта будуць паляводчыя і іншыя сельскагаспадарчыя работы. Сабраная інфармацыя будзе накіравана ў аддзел адукацыі райвыканкама і раённы камітэт ГА “БРСМ”, каб спецыялісты маглі прапаноўваць маладым людзям часовыя працоўныя месцы. Таксама банк моладзевых вакансій мяркуем размясціць на інфармацыйных стэндах упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе з прапановамі змогуць свабодна пазнаёміцца ўсе жадаючыя.

– Што рабіць юнакам і дзяўчатам, якія хочуць працаўладкавацца?

– Па-першае, неабходна з пашпартам або пасведчаннем аб нараджэнні звярнуцца да нас ва ўпраўленне. Мы возьмем жадаючых на ўлік, зарэгіструем, згодна з законам аб занятасці, прапануем актуальныя вакансіі або пазнаёмім з аб’ёмамі работ, таму што мяркуем арганізоўваць для маладых грамадзян не толькі работу па працоўных, але і па грамадзянска-прававых дагаворах, што дазволіць больш шырока наладзіць занятасць моладзі.

– Колькі юных работнікаў змаглі папрацаваць на Дзятлаўшчыне летась? Якімі былі іх заробкі?

– У 2019 годзе былі працаўладкаваны 108 юнакоў і дзяўчат, сярод якіх 72 навучэнцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі, 2 – сярэдне спецыяльных і прафесійна тэхнічных установаў, 34 студэнта ВНУ. Іх заработная плата залежала ад узросту, аб’ёму і працягласці работ. У сярэднім маладыя людзі зараблялі ад аднаго рубля дзевяноста капеек да трох рублёў дваццаці капеек за адну гадзіну працы.

– Патлумачце сітуацыю на рынку працы нашага раёна. Спецыялісты якіх прафесій найбольш запатрабаваны?

– На 1 чэрвеня 2020 года на ўліку знаходзіліся 35 беспрацоўных, наймальнікамі былі заяўлены 430 вакансій, сярод якіх па рабочых спецыяльнасцях – 186 вакансій. Найбольш запатрабаванымі застаюцца дактары-спецыялісты, медыцынскія сёстры, фельчары, у сельскай гаспадарцы – ветэрынарныя дактары, ветфельчары, заатэхнікі, трактарысты, жывёлаводы, таксама патрэбны вадзіцелі, бухгалтары, электраманцёры па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

– Ці праўда, што шукаць вакансіі можна дыстанцыйна?

– Ужо не першы год функцыянуе партал дзяржаўнай службы занятасці www.gsz.gov.by, які дае грамадзянам магчымасць выбраць у фільтры “пошук” адпаведна сваёй прафесіі і адукацыі вакансіі ў любым раёне і горадзе Беларусі. Гэта даволі зручна.

Разам з тым, спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама аказваюць кансультацыі ўсім жадаючым па тэлефонах: 2-27-01, 2-27-10, 2-67-68. Так можна атрымаць інфармацыю аб запатрабаваных у раёне вакансіях, неабходных дакументах, іншых акалічнасцях працаўладкавання ці пастаноўкі на ўлік. Калі ў грамадзяніна няма доступу да інтэрнэт-партала, то па яго просьбе наш спецыяліст па тэлефоне падкажа, дзе, на якіх умовах і якія работнікі патрабуюцца.

Яшчэ ўпраўленне размяшчае аб’явы з вакансіямі ў раённай газеце “Перамога”, публікуюць такія аб’явы і наймальнікі Дзятлаўшчыны.

– Ці фарміруеце групы для навучання, па якіх спецыяльнасцях?

– Такія групы фарміруем па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях. Напрыклад, цяпер збіраем групу для навучання на трактарыстаў, ужо ёсць два жадаючыя. Людзей накіруем вучыцца з гарантыяй наступнага працаўладкавання, гэта значыць, з заключэннем трохбаковага дагавора аб навучанні з наймальнікамі пад заказ. Таксама можам прапанаваць дзятлаўчанам вывучыцца на прадаўцоў, павароў, электрагазазваршчыкаў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, а на базе сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ёсць магчымасць атрымаць спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”.

Арганізоўваем і пяцідзённыя курсы “асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” для грамадзян, якія жадаюць адкрыць уласную справу.

– Што параіце тым, хто заняты актыўным пошукам работы?

– Заходзіць на партал дзяржаўнай службы занятасці, звяртацца да нас ва ўпраўленне, цікавіцца аб вакансіях непасрэдна ў наймальнікаў. Звесткі аб вакансіях абнаўляюцца штодзень і знаходзяцца ў адкрытым доступе.

З-за эпідсітуацыі пакуль спынена правядзенне раённых кірмашоў вакансій, аднак іх плануем “перанесці” ў віртуальную прастору. Першы анлайн-кірмаш мяркуем арганізаваць на Дзятлаўшчыне ў лістападзе. У людзей будзе магчымасць не толькі даведацца аб свабодных працоўных месцах, але і напрамую ў анлайн-рэжыме правесці субяседаванне з наймальнікам, задаць хвалюючыя пытанні, атрымаць адказы. Анонс аб гэтай падзеі загадзя размесцім у раённых сродках масавай інфармацыі, каб зацікавіць як мага больш удзельнікаў як сярод наймальнікаў, так і сярод тых, хто шукае працу.

Людзі, якія шукаюць работу, часам не ведаюць аб выдатнай магчымасці для тых, хто згодны ехаць працаваць у іншы рэгіён. Раённая служба занятасці па праграме перасялення аказвае садзейнічанне ў перасяленні беспрацоўных грамадзян і членаў іх сем’яў у іншую мясцовасць на новае месца жыхарства і работы з прадастаўленнем жылля. Пры заключэнні дагавора па праграме перасялення такім людзям упраўленне выплаціць грашовую дапамогу ў памеры сямікратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімума ў сярэднім на душу насельніцтва. Праўда, у такім выпадку неабходна як мінімум год адпрацаваць у выбранай арганізацыі, бо пры парушэнні гэтай умовы атрыманыя грошы давядзецца вярнуць. У 2019 годзе на такіх умовах у горад Гродна быў працаўладкаваны адзін з нашых зямлякоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: