Сустрэчы ў працоўных калектывах

Важнае Улада

На гэтым тыдні прайшлі сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства.

Так, 23 чэрвеня з жыхарамі аграгарадка Раготна сустрэўся старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. У гэты ж дзень мехмайстэрні КСУП “Слава працы” ў вёсцы Нянадавічы наведаў і сустрэўся з працаўнікамі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Міхаіл Бабіна.

25 чэрвеня сустрэчу з працаўнікамі Дварэцкага льнозавода правёў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Падчас сустрэч былі закрануты надзённыя пытанні, якія тычацца здароўя людзей, вытворчасці, перспектываў развіцця канкрэтных прадпрыемстваў і Дзятлаўшчыны ў цэлым.

Так, найважнейшай сферай эканомікі Дзятлаўшчыны з’яўляецца сельская гаспадарка. Асноўнымі відамі таварнай прадукцыі ў раслінаводчай галіне з’яўляюцца збожжа, цукровыя буракі, бульба, рапс, ільнотраста, у жывёлагадоўчай – малако, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней.  Развіваюцца авечкагадоўля і трусагадоўля.

У выніку праводзімай работы па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 2019 годзе атрымана ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур 30 ц/га (на 4,2 ц/га вышэй, чым у 2016 годзе), масланасення рапсу – 19,4 ц/га (павялічылася на 6,5 ц/га), бульбы – 271 ц/га (96 ц/га да ўзроўню 2016 года), цукровых буракоў – 503 ц/га, ільновалакна – 8,5 ц/га.

Стабілізавалася развіццё жывёлагадоўлі. За студзень-красавік 2020 года вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі ў жывой вазе склала  2343 тоны, або 118,8 працэнта да 2019 года.

За 2015 – першы квартал 2020 года пэўнае развіццё атрымала прамысловасць раёна. Найбольшага прыросту аб’ёмаў вытворчасці да ўзроўню 2015 года дасягнулі Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный мир”(у 2,1 раза), ААТ  “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”(у 2,5 раза), ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (142,5 %).

Паслядоўная работа праводзілася ў сістэме адукацыі. З 2015 года да мая 2020 года на капітальны рамонт і рэканструкцыю ўстановаў адукацыі накіравана больш за 1,7 мільёна рублёў.

Забяспечана даступнасць дашкольнай адукацыі, ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў складае 85,3 %. Павысіўся ахоп аздараўленнем дзяцей з 44 % да 60,5 %. Створаны ўмовы для развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў. Палепшылася выніковасць выступлення вучняў у творчых конкурсах і праектах.

Пэўная  ўвага ў апошнія гады была нададзена пытанням жыллёвага будаўніцтва. За 2016-2019 гады ўведзена ў эксплуатацыю 6646 квадратных метраў жылля.

Праведзена значная работа па комплексным добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Выкананы работы па добраўпарадкаванні вуліцы Мічурына ў  Дзятлаве, праведзена мадэрнізацыя і  добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый трох жылых дамоў па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве.

Надаецца ўвага рамонту аб’ектаў сацыяльнай і культурнай сферы, рамонту дарог, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, паляпшэнню эстэтычных якасцяў населеных пунктаў.

У раёне працягваецца работа па павышэнні якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва. Забяспечана выкананне мінімальных сацыяльных стандартаў.

Паспяхова рэалізуецца раённы сельскагаспадарчы праект “Дбайных людзей славім – вясёла час бавім”. Традыцыйным стала правядзенне абласнога фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, адкрытага рэгіянальнага фестывалю-карнавала роставых лялек і лялечных тэатраў “Дасканалы свет казкі”, абраду “Юр’е” ў вёсцы Ахонава, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Штогод творчымі калектывамі ўстановаў культуры праводзіцца больш за 3,5 тысячы творчых мерапрыемстваў. Працягваюць працаваць 16 калектываў са званнем “народны”, “узорны”.

Чытачамі бібліятэчных устаноў з’яўляюцца каля 45 % насельніцтва раёна. Усе бібліятэкі камп’ютарызаваны, маюць доступ у Інтэрнэт.  Цяпер бібліятэкі з’яўляюцца інфармацыйнымі, адукацыйнымі і культурнымі цэнтрамі, іх бібліятэчны фонд налічвае больш за 160 000 выданняў.

Штогод наведваюць Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей больш за 8000 чалавек.

Функцыянуюць дзве дзіцячыя школы мастацтваў, якія штогод прадастаўляюць магчымасць для атрымання дадатковай адукацыі больш чым 500 дзецям.

У раёне створаны ўмовы па забеспячэнні даступнасці заняткаў фізічнай культуры і спортам, маецца неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. Штогод праводзіцца каля 100 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел больш за 5 тысяч чалавек.

Падчас сустрэчы, якая праходзіла на Дварэцкім ільнозаводзе, закраналіся пытанні развіцця названага прадпрыемства.

Адкрытае акцыянернае таварыства “Дварэцкі льнозавод” створана шляхам пераўтварэння рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства  “Дварэцкі льнозавод”. У лістападзе 2015 года да ААТ далучаны Слонімскі льнозавод, а ў сакавіку 2017 года – Дзятлаўская экспартна-сартавальная льнобаза.

Асноўнымі відамі дзейнасці таварыства з’яўляюцца вытворчасць ільнянога валакна, вырошчванне лёну і атрыманне льнотрасты,  дзейнасць па апрацоўцы насення лёну для пасадкі.

Ільнозавод самастойна займаецца вырошчваннем лёну, забяспечваючы сыравінай  вытворчасць. У 2003 годзе быў створаны механізаваны атрад, які, акрамя вырошчвання лёну на арандуемых землях, аказвае паслугі льносеючым гаспадаркам у вырошчванні лёну.

ААТ “Дварэцкі льнозавод” забяспечвае працай 297 чалавек, у тым ліку на вытворчым участку “Дварэц” заняты 197 чалавек, на вытворчым ўчастку  “Слонім” – 100 чалавек.

Пасяўныя плошчы лёну пад ураджай 2020 года размешчаны на тэрыторыі Дзятлаўскага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў і склалі 3410 гектараў.

Як папрацавала прадпрыемства, пацікавіліся ў дырэктара ААТ “Дварэцкі льнозавод” Аляксея  Зелянухі:

– У 2019 годзе прадпрыемствам выраблена 1613 тон ільновалакна, 109 %  да задання. Аб’ём вытворчасці прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах склаў 4303 тысячы рублёў, 133,6 % да планавага задання, ці 186,4 % да ўзроўню 2018 года. Валавы даход  склаў 4464 тысячы рублёў – 130,9 % да планавага задання, ці 175,8 % да ўзроўню 2018 года.

Выручка ад рэалізацыі работ, паслуг склала 5286 тысяч рублёў – 124,4 % да планавага задання, ці 166,5 % да ўзроўню 2018 года. Чысты прыбытак за 2019 год  склаў 572 тысячы рублёў.

Ірына СКРУНДЗЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 

 

 



Теги: