Работа з цяжкімі падлеткамі і не толькі

Важнае Грамадства

19 чэрвеня – Дзень стварэння інспекцыі па справах непаўналетніх.

Служба гэта з’явілася ў сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя і першапачаткова мела назву “дзіцячы пакой міліцыі”. Мінулі дзесяцігоддзі, значны крок наперад зрабіў тэхнічны прагрэс, новы час прад’яўляе новыя патрабаванні. Якія галоўныя задачы ў супрацоўнікаў службы, як праходзяць іх будні, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Віктара Петрукевіча.

– Галоўнымі задачамі па-ранейшаму застаюцца абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў з іх удзелам. Безумоўна, сустракаемся і з выклікамі сучаснасці: напрыклад, сёлета ў раёне была ўзбуджана крымінальная справа за два факты збыту наркатычных сродкаў адным і тым жа непаўналетнім, а ў вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта знаходзіцца крымінальная справа за крадзеж мабільнага тэлефона. Сярод адміністрацыйных правапарушэнняў, характэрных для падлеткаў раёна, – парушэнні антыалкагольнага заканадаўства, абразы, нанясенне цялесных пашкоджанняў. Бывае, што непаўналетніх у супрацьпраўную дзейнасць уцягваюць іх дарослыя сябры ці нават блізкія людзі, такіх “добразычліўцаў” таксама прыцягваем да адказнасці. Яшчэ адзін накірунак дзейнасці інспекцыі па справах непаўналетніх – работа з абавязанымі асобамі.

– А з кім працаваць лягчэй: з дзецьмі ці з іх бацькамі?

– Усё залежыць ад чалавека. Бываюць цяжкія падлеткі, аднак сустракаюцца і “цяжкія” бацькі. Калі дарослы становіцца на бок закона і паралельна з праваахоўнікамі і педагогамі вядзе са сваім дзіцём прафілактычныя гутаркі, прад’яўляе аб’ектыўныя патрабаванні, то найчасцей такі падлетак даволі хутка становіцца на шлях выпраўлення і пазней не паўтарае былых памылак. А вось, калі бацькі не хочуць бачыць віны дзіцяці, а абвінавачваюць у супрацьпраўных паводзінах сына ці дачкі школу, міліцыю, падлеткавае асяроддзе, то шанцаў на выпраўленне ў такога непаўналетняга мала.

– У наш час многія дзіцячыя правапарушэнні звязаны з інтэрнэт-прасторай. Ці актуальна гэта для Дзятлаўшчыны?

– На жаль, цяперашнія дзеці бавяць даволі шмат часу за камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі, як вынік – нярэдка ўчыняюць супрацьпраўныя дзеянні самі або становяцца ахвярамі віртуальных злачынцаў. Поўнасцю пракантраляваць віртуальныя стасункі сваіх сыноў і дачок немагчыма: паслуга “бацькоўскі кантроль” падыходзіць для малодшых дзяцей, а падлеткі могуць быць нават больш тэхнічна дасведчанымі за сваіх бацькоў. Дык што рабіць дарослым? Мяркую, яны павінны наладзіць са сваімі дзецьмі даверлівыя адносіны, каб у складанай ці незразумелай сітуацыі, перш чым дзейнічаць, непаўналетні падзяліўся сваімі праблемамі з бацькам ці маці. Больш размаўляйце са сваімі сынамі і дочкамі, прыводзьце ім розныя жыццёвыя прыклады, тлумачце, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, расказвайце, як бы паступілі вы самі, тады будзеце спакойныя.

– На двары – лета, значыць, работы ў інспекцыі па справах непаўналетніх пабольшала?

– У час канікулаў мы шмат увагі надаём карыснай занятасці непаўналетніх, асабліва тых, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа, або якія гадуюцца ў сацыяльна ненадзейных сем’ях. З 1 мая стартавалі мерапрыемствы рэспубліканскай міжведамаснай праграмы “Клопат”, скіраванай на арганізацыю вольнага часу і зберажэнне здароўя непаўналетніх у летні перыяд, папярэджанне правапарушэнняў з іх удзелам, фарміраванне ў іх навыкаў здаровага ладу жыцця. Падлеткаў, якія патрабуюць павышанай увагі суб’ектаў прафілактыкі, мы пры садзейнічанні іншых службаў раёна пастараемся далучыць да працоўнай ці любой карыснай дзейнасці, будзем рацыянальна арганізоўаць іх вольны час.

Карыстаючыся магчымасцю, нагадаю бацькам пра познія прагулкі дзяцей. Для непаўналетніх ва ўзросце да шаснаццаці гадоў існуюць усім вядомыя абмежаванні: ім нельга адным, без суправаджэння дарослага, з 23 гадзін вечара да 6 раніцы знаходзіцца на вуліцы. Незабеспячэнне суправаджэння – гэта адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое пакараюць бацькоў.

– А чаму дзіця становіцца правапарушальнікам, і як засцерагчы яго ад бяды?

– Усе дзеці развіваюцца аднолькава: іх сацыялізацыя адбываецца ў асяроддзі равеснікаў. Важную ролю ў працэсе сталення кожнага дзіцяці маюць “значныя” дарослыя, якія сваім аўтарытэтам скіроўваюць яго на правасвядомы шлях. Калі ж такога ці такіх дарослых няма, пачынаецца рух “уніз”. Першыя праблемы ў дзяцей звычайна з’яўляюцца ў падлеткавым узросце, калі вельмі важнымі становяцца менавіта равеснікі і кампанія. Ізаляваць дзіця ад сяброў – няправільна, але важна адсочваць і карэктаваць яго паводзіны. У такім выпадку вядучую ролю будзе іграць яшчэ і прыклад саміх бацькоў, іх жыццёвыя прынцыпы. Дарослыя павінны памятаць, што непаўналетнія капіруюць сямейную мадэль паводзінаў, якую затым выкарыстоўваюць у дарослым жыцці. Нельга навучыць дзіця таму, што яно не перажыло, не адчула, памятайце пра гэта і не патрабуйце ад непаўналетніх таго, чаго не робіце самі.

– Скажыце некалькі важных словаў падлеткам, якія будуць чытаць гэты артыкул?

– Мне падабаецца мудрая фраза Чынгісхана: “Баішся – не рабі, робіш – не бойся, а зрабіў – не шкадуй”. Таму раю маладым людзям: перш, чым што-небудзь рабіць, абавязкова задумвайцеся, якія наступствы будзе мець такі ўчынак, каб потым не абвінавачвалі нікога, акрамя сябе, у тым, што здарылася. Памятайце: ваша будучыня залежыць толькі ад вас.

– Чаго пажадаеце калегам да прафесійнага свята?

– Лёгкай службы, надзейнага тылу, бадзёрага настрою!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup