Марына Лукіянец — пра навінкі ў сферы культуры

Галоўнае Культура і адпачынак

Няпростая эпідэміялагічная сітуацыя вымушае ўсіх прымаць неардынарныя рашэнні.

Так і работнікі культуры раёна, істотна змяніўшы формы і метады работы, сёння маюць што прапанаваць дзятлаўчанам у вольны час. Пра культурныя навінкі карэспандэнтцы газеты расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец.

– Найперш хачу парадаваць аматараў цікава адзначаць дзіцячыя дні нараджэння. У якасці альтэрнатывы традыцыйным гульнявым праграмам з батутамі і частаваннем мы прапануем запрасіць аніматараў або роставых лялек на дом. Гэта можа быць простае віншаванне ці невялікая гульнявая праграма. Калі бацькі жадаюць павіншаваць сваіх дзяцей самі, можна замовіць у нас пракат роставых лялек, пазнаёміцца з імі можна на сайце раённага Цэнтра культуры.

– Якія прапановы для дарослай аўдыторыі?

– Мы прэзентуем такую форму віншавання калегаў па працы або сваякоў, як відэапаштоўка-прэзентацыя. У яе могуць увайсці архіўныя фота юбіляра, відэафрагменты з пажаданнямі ад сяброў і калег па працы (інтэрв’ю мы рыхтуем самі) і, нарэшце, добрая песня. Ролік будзе размешчаны на ютуб-канале і запісаны на электронны носьбіт.

– Вядома, што з установамі культуры раёна можна не толькі адпачыць, але і пашырыць кругагляд, навучыцца новым відам рукадзелля.

– Так, на канале “Культура Дзятлаўшчыны” прадстаўлены разнастайныя майстар-класы ад народных майстроў раёна. У сектары рамёстваў нашага раёна ў аграгарадку Гезгалы рэгулярна запісваюцца новыя відэа па гэтай тэме, дзе раскрываюцца сакрэты дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства. Бліжэйшым часам прапануем навінкі дзецям, якія знаходзяцца дома на летніх канікулах. Акрамя таго, на нашым сайце пад банерам “Інтэлектуальны марафон”, юныя і дарослыя эрудыты змогуць знайсці віктарыны на свой густ па рознай тэматыцы.

– На Дзятлаўшчыне з’явіліся свае лялькі Цільда. Пазнаёмце чытачоў з імі.

– Сапраўды, на базе Гезгалаўскага цэнтра рамёстваў з поспехам ствараюць папулярных сёння інтэр’ерных лялек Цільда. Прыгажуня ростам 25 сантыметраў з тканіны мае свой характар і адмысловы ўбор па выбары заказчыка (лялькі вырабляюцца па фота). Такія лялькі карыстаюцца попытам, у тым ліку, у гасцей нашага раёна. У хуткім часе на сайце цэнтра культуры з’явяцца майстар-класы па вырабе такіх лялек.

– Якія конкурсы ў фармаце анлайн ладзяцца для жыхароў раёна?

– Цяпер ідзе падрыхтоўка да фестываля дзіцячай творчасці “Шлях да поспеху”, які адбудзецца ў сярэдзіне чэрвеня. У хуткім часе завершыцца прыём заявак у межах першага этапу конкурсу. Заключны этап пройдзе на ютуб-канале Цэнтра культуры, дзе пераможцы будуць абраны шляхам электроннага галасавання “лайкамі”. Нагадваем, што таленавітыя дзеці і маладыя людзі ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў яшчэ могуць падаць заяўку на конкурс у намінацыях “Танец”, “Сола”, “Дуэт”, “Трыа”, “Арыгінальны жанр”.

– Дзятлаўчане ўжо засумавалі па канцэртах, якія рэгулярна праводзіліся ў раённым Цэнтры культуры. Дзе сёння можна пабачыць і пачуць мясцовых артыстаў?

– Як ужо было анансавана, актыўна працуе ютуб-канал “Культура Дзятлаўшчыны”, анонс выпускаў можна пабачыць на нашым сайце. Таксама з’явілася такая форма работы, як культурны дэсант “Песні, з якімі мы перамаглі” па аддаленых вёсках раёна. Надвор’е спрыяе, таму такія канцэрты праводзяцца на імправізаваных адкрытых пляцоўках, на бяспечнай для гледачоў дыстанцыі.

– Набліжаецца важнае для нашай краіны свята – Дзень Незалежнасці. Што рыхтуе культура да гэтай даты?

– Не буду раскрываць усе дэталі падрыхтоўкі, заўважу толькі, што сёння ва ўстановах культуры раёна распрацоўваецца канцэпцыя святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Наталля АВЯРЧУК