Кніга Івана Жолабава “На Нёмане чакаюць сваіх”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Напісана кніга цікава, проста, даходліва.

Так, як было, як думалася, як жылося, так і напісана. Стыль аўтара лёгкі, свабодны, нечым нагадвае кнігі Івана Шамякіна: чытаеш і хочацца чытаць, каб даведацца, што ж было далей.

Іван Аляксеевіч Жолабаў пачынае свой аповед з канца снежня 1943 года. У той час рэзідэнцыя Наркамата дзяржаўнай бяспекі Беларусі знаходзілася ў Падмаскоўі, пад Падольскам. Група, якую ён узначальваў, дабіралася каля дзесяці дзён. Пачалося вызваленне, і нагледзеліся шмат чаго. Але радавала тое, што ў бок лініі фронту ішлі эшалоны з тэхнікай і жывой сілай. Значыць, наступленне працягваецца. Пад Бранскам група Жолабава бачыла нават эшалон з “кацюшамі”, якія везлі ў бок Беларусі. Настрой прыўзняты, салдаты едуць з песнямі, на большасці вагонаў надпісы “Смерць фашызму!”, “Наперад, на захад!” Але сутыкаліся разведчыкі і з тым, што выклікала лютую нянавісць. Успамінаўся 1942 год, гарады Калуга, Казельск, амаль цалкам разбураныя, але тое, што ўбачылі ў Гомелі, нельга было перадаць словамі. Найпрыгажэйшы абласны цэнтр Беларусі ляжаў у руінах. Іх ляніва разбіралі палонныя немцы, асцерагаючыся кожнага, хто праходзіў непадалёку, асабліва людзей у партызанскай форме. Але горад жыў. У захаваных на ўскраінах дамах размясціліся абласныя арганізацыі. Іх назвы былі падпісаны крэйдай на платах або проста на сценах дамоў. Стукалі пішучыя машынкі, туды-сюды спяшаліся кур’еры. Філіял Наркамата бяспекі размясціўся ў некалькіх узноўленых дамах. Было цесна, няўтульна, а разведчыкам хацелася пасля доўгай дарогі адпачыць.

Тут, на двары ўпраўлення, Жолабаў сустрэў палкоўніка Фукіна, той паклікаў яго партызанскай мянушкай – Паўночны, – яе ведаў тут толькі ён. Аказалася, што Канстанцін Аляксандравіч Фукін узначаліў гомельскую аператыўную групу і рухаўся з фронтам. Ён займаў пасаду начальніка Упраўлення дзяржаўнай бяспекі па Гомельскай вобласці. Жолабаў расказаў палкоўніку пра работу ў тыле ворага, пра новыя метады “абвера” па перасылцы агентуры ў партызанскія атрады, пра спробы стварэння “партызанскіх” атрадаў са здраднікаў Радзімы, задачай якіх была арганізацыя дыверсійнай работы ў тыле савецкіх войск.

Палкоўнік Фукін адзначыў, што матэрыялы групы вельмі спатрэбяцца штабу Беларускага фронта ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі.

Раніцай, атрымаўшы праязныя дакументы, група накіравалася ў Навабеліцу. Настрой быў баявы, радасны, разведчыкі прадчувалі, што іх чакае новае заданне. Так і здарылася. Пасля сустрэчы з генералам Панамарэнкам і справаздачы атрымалі заданне ляцець у Заходнюю Беларусь. Генерал папярэдзіў, што дзейнічаць трэба згодна з абстаноўкай. У Заходняй Беларусі дзейнічалі эмісары Мікалайчыка. Яны мелі задачу распаліць нацыянальную варожасць, натравіць палякаў на рускіх і беларусаў. Група Жолабава павінна была даставіць у партызанскі атрад зброю і людзей.

Тысяча дзевяцьсот сорак чацвёрты год сустрэлі з надзеяй. Станоўча было вырашана пытанне з вылетам. Іх выкінуць на парашутах у Брэсцкай вобласці. Гэту радасць і вырашылі адзначыць на Новы год. Дзяўчаты групы, Дуся Мацвіевіч і Тося Белякова, падрыхтавалі стол. Была нават нарэзаная руская каўбаса, кансерваваныя амерыканскія сасіскі, марожанае сала, масла, нават вяленая рыба і грамаў 500 яраслаўскага сыру. З кансерваў і бульбы атрымалася выдатнае блюда, якое назвагі “рагу па-падольску”. Франтавыя “грамы” некалькі дзён зліваліся ў графін і выглядалі на стале даволі прыстойна. Асобна красавалася бутэлька каньяку, выпісаная спецыяльна перад палётам з дазволу Ільі Рыгоравіча Старынава, непасрэднага начальніка разведчыкаў.

2 студзеня 1944 года ў “Праўдзе” быў надрукаваны загад аб узнагароджанні вялікай групы беларускіх партызан ордэнамі і медалямі. Было там і прозвішча Івана Жолабава. Ордэн Чырвонай Зоркі ён атрымаў у сярэдзіне месяца ў Крамлі. Калі выйшаў на Красную плошчу, не ведаў, куды падзець сваю энергію. Хацелася бегчы хутчэй на аэрадром і ляцець за лінію фронту, каб апраўдаць такую ўзнагароду.

Група радавалася, што залічылі югаслава Яна Вярхоўчака, які не раз найлепшым чынам праявіў сябе ў ходзе шматлікіх аперацый. Разведчыкі баяліся за яго лёс, стаяла пагроза адпраўкі Яна ў лагер ваеннапалонных.  Шмат часу пайшло на падбор новых членаў атрада “Дружба”. Здавалася, што можа быць прасцейшым: адабраць для палёту ў тыл пятнаццаць смельчакоў. Але на самой справе гэта аказалася зрабіць даволі складана. Людзі ўжо ведалі адзін аднаго, паміж імі склаліся пэўныя адносіны, якія ігралі важную ролю для выканання адказнага задання. Часам даводзілася прыслухоўвацца да голасу тых, хто сумняваўся. Лепш прыняць правільнае рашэнне цяпер, а не ў тыле ворага. Доўга шукалі двух перакладчыкаў з польскай мовы. У адной вайсковай часці адабралі  цудоўных хлопцаў – Казіміра Плаўшака і Уладзіслава Бяласа.  Маладыя палякі хутка пасябравалі з астатнімі членамі групы і праяўлялі свае выдатныя здольнасці ва ўсім. Уладзіслаў па-майстэрску выконваў польскія песні, а Казімір меў сапраўдны інтэнданцкі талент. Але самыя большыя клопаты былі праз  Лашына і Ламоўцава. Аднойчы ноччу яны сутыкнуліся з каменданцкім патрулём і за недысцыплінаванасць былі адлічаны з групы. Члены групы хацелі стаць на іх абарону, але, калі даведаліся, што на самой справе здарылася, вырашылі згадзіцца з кіраўніцтвам. Доўга шукалі падрыўніка.  І вось перад імі – Міша Ткач. Жолабаў радаваўся, як дзіця. Гэта ж ён, Міша Ткач, замацоўваў у капсуле бікфордаў шнур не інакш як зубамі. Гэта ён разам з Янам Вярхоўчакам ў самы разгар бою забіў нямецкага кулямётчыка, завалодаў яго кулямётам і распачаў агонь па немцах, тым самым вырашыўшы ход бою. Мішу параніла, у яго на руцэ не было двух пальцаў. Але хлопца ў групу залічылі – знайшліся абаронцы сярод тых, што добра ведаў яго здольнасці. Жолабаву давялося абараняць яго перад палкоўнікам Старынавым.  Нарэшце такі залічылі хлопца ў “Дружбу”. А пра некалькі дзён Барыс Зубкевіч прывёў у групу сваяка Аляксандра Якушава. Той сапраўды па ўсіх дадзеных падыходзіў для складанага задання, з лета сорак другога знаходзіўся ў партызанскіх атрадах Арлоўшчыны і Браншчыны. Не раз хадзіў у разведку, смела дзейнічаў у баі. Але хлопцу не было і сямнаццаці, таму Жолабаў пісаў рапарт на імя высокага начальства, каб залічыць яго ў групу. А начальства супраціўлялася: хто возьме на сябе адказнасць за дзіця? Але выпадак дапамог: Валодзю Дарошкіна адазвалі з “Дружбы”, прызначылі намеснікам камандзіра новага падраздзялення. Група Жолабава з дня на дзень павінна была вылятаць на заданне, таму замяніць Дарошкіна можна было толькі Якушавым. Усе пачалі называць яго Шурыкам, ён аказаўся вясёлым і таварыскім хлопцам. Паважалі яго за дысцыплінаванасць і паслужлівасць. Вёрткі, невялікага росту, прысадзісты, ён паспяваў усюды.

Каманда “Падрыхтавацца!” прагучала нечакана. Па падліках Івана Жолабава, з маскоўскага аэрадрома да Брэсцкай вобласці яшчэ ляцець ды ляцець. На шляху неаднаразова траплялі пад абстрэл варожых зенітак. У самалёце цёмна, нікога не відаць, акрамя Зубкевіча і Смальянава, якія на хаду гуляюць у шахматы. Жолабаў праверыў начынне, сумку з картамі і дакументамі, зброю. Ляцелі не на шпацыр, у любую хвіліну магло здарыцца непапраўнае. Ад каманды да моманту, калі адчыняцца дзверы самалёта, звычайна праходзіць каля паўгадзіны. З каманднага адсека вынырнуў інструктар. Рашучая хвіліна настае. Цяпер групу выкінуць на пляцоўку С.І.Сікорскага, а там, пазнаёміўшыся з абстаноўкай, рушаць на Кобрын, Антопаль, Дзівін. Гэта раён іх будучых дзеянняў. Вызначаецца чарга. Першы пойдзе Смальянаў, апошні – Зубкевіч. Бяздонная чарната ўнізе трохі страшыла. Але раптам убачылі сігнальныя вогнішчы. Значыць, іх чакаюць, дапамогуць сабраць груз.

Калі апынуліся на зямлі, заўважылі, што Шурыка ветрам аднесла ўбок, а ў яго пры сабе толькі пісталет. Пачалі шукаць. Раптам з лесу выехаў запрэжаны воз. Гэта былі партызаны з атрада генерала Капусты. Пра такога Жолабаў не чуў і запытаў: “А дзе мы знаходзімся?”  “У Ліпічанскай пушчы, на мяжы Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей”, – пачуў у адказ. Толькі тады Жолабаў зразумеў, чаму так хутка прыляцелі. Гэта не рака Буг, не Брэсцкая вобласць і не злучэнне Сікорскага. Але важна было тое, што гэта заходнія вобласці Беларусі. У любым выпадку яны даляцелі, і шукаць вінаватых ужо не мае сэнсу. І яшчэ адна недарэчнасць: пры прызямленні разбіўся Смальянаў, не можа ісці, патрэбна дапамога, і згубіўся югаслаў Вярхоўчак. Параненага забралі, Вярхоўчака, які перад вылетам некалькі тыдняў лячыўся ў шпіталі ад жаўтухі, аслабеў, напэўна, не справіўся з парашутам, занесла за дальні лес. Праз некаторы час яго знайшлі.

Пакуль ехалі да атрада Капусты, даведаліся, што атрад гэты прыбыў у Ліпічанскую пушчувосенню 1943 года з-пад Мінска і будзе рухацца на Гродна і Беласток. Цяпер у пушчы два злучэнні зімуюць – другое ўзначальвае Сцяпан Пятровіч Шупеня. Да вайны ў Шчучыне быў сакратаром.

Хлопец, які ўсё расказаў пра партызан, Жолабаву спадабаўся, і ён прапанаваў Мікалаю Майсеенку (так яго звалі), уступіць у атрад “Дружба”, бо з пятнаццаці чалавек атрад павінен быў вырасці да шасцідзесяці.

Перад самым світаннем група з “вялікай зямлі” прыбыла ў атрад Шупені.

(Працяг будзе)

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup