Іван Лаўрыновіч правёў прамую тэлефонную лінію

Свежыя навіны Улада

11 чэрвеня ў час рабочага візіту на Дзятлаўшчыну памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч правёў прамую тэлефонную лінію.

За тры гадзіны Івану Антонавічу паступілі 16 тэлефонных званкоў ад жыхароў Гродзеншчыны і іншых абласцей Беларусі. Некаторыя пытанні Іван Лаўрыновіч патлумачыў адразу ў час прамой тэлефоннай лініі, па некаторых – даў даручэнні кіраўнікам адпаведных службаў. Праблемы, якія патрабуюць больш дэталёвага разбіральніцтва, паабяцаў уважліва вывучыць, у некаторых выпадках – з выездам на месца.

Заяўнікаў хвалявалі дарожная і транспартная тэмы, актуальнымі, у тым ліку для дзятлаўчан, былі пытанні добраўпарадкавання і капітальнага рамонту жылля, падвядзення камунікацый. Памочніка Прэзідэнта прасілі дапамагчы атрымаць адпускныя грошы і выхадную дапамогу, якія не выплацілі пасля ліквідацыі арганізацыі; пасадзейнічаць у працаўладкаванні; праверыць, ці законна налічаны аліменты і дадатковыя выплаты на дзіця; цікавіліся, ці для ўсіх бараў аднолькавы графік работы ў час пандэміі; агучвалі іншыя праблемы.

Так, жыхарка гарадскога пасёлка Наваельня расказала Івану Антонавічу, што ўжо размаўляла з ім у час мінулага візіту ў Дзятлава. Яна нагадала памочніку Прэзідэнта, што калісьці страціла мужа і дачку, якія, як лічыць заяўніца, памерлі ад прафесійнага захворвання. Жанчына шмат гадоў імкнецца атрымаць кампенсацыю за іх смерці, не раз звярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку ў суд, але жаданага не дабілася. Іван Лаўрыновіч патлумачыў заяўніцы, што яшчэ ў мінулы раз праверыў усе дакументы і рашэнні па яе праблеме, пракансультаваўся са спецыялістамі і не знайшоў парушэнняў.

Яшчэ адну заяўніцу хвалявала праблема яе бацькоў, якія жывуць у чатырохкватэрным доме без зручнасцяў у гарадскім пасёлку Казлоўшчына. Дзве кватэры, у тым ліку кватэра бацькоў, у гэтым доме прыватызаваны, астатнія – не. Дом быў пабудаваны ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, капітальны рамонт у ім не зроблены. Бацькі сёння там адзіныя жыхары. Дачка цікавілася, на што ім спадзявацца. Памочнік Прэзідэнта паабяцаў жанчыне ініцыяваць незалежную экспертызу будынка. Калі эксперты прызнаюць дом аварыйным, з’явіцца магчымасць перасяліць бацькоў у інтэрнат кватэрнага тыпу з усімі зручнасцямі ў Дзятлаве. Калі ж экспертыза пацвердзіць магчымасць далейшай эксплуатацыі будынка, давядзецца шукаць іншае рашэнне. Сітуацыя, як падкрэсліў Іван Антонавіч, няпростая.

Наступны званок таксама быў мясцовы: тэлефанавала жыхарка райцэнтра. Жанчына цікавілася магчымасцю пракладвання каналізацыі па вуліцах Булата і Высоцкага. Як зазначыла заяўніца, гэтага шмат гадоў чакаюць гаспадары больш чым дваццаці домаўладанняў. Яны ўжо звярталіся з просьбай у раённы і абласны выканаўчыя камітэты. Гісторыяй праблемы Іван Лаўрыновіч пацікавіўся ў спецыялістаў Дзятлаўскага райвыканкама. Як высветлілася, будаўніцтва каналізацыі адкладвалася, бо не было магчымасці далучэння да камунікацый. Пасля капрамонту вуліцы Філідовіча ў Дзятлаве такая магчымасць з’явілася, аднак памяняліся патрабаванні закона. У снежні 2018 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 488 “Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі)”. Цяпер, згодна з названым нарматыўным дакументам, аплачваць пракладванне водаправода і каналізацыі да ўжо існуючага жылога фонду за свае грошы павінны ўласнікі жылля. Калі будаўнічыя работы будзе ажыццяўляць жыллёва-камунальная арганізацыя і гаспадары аплацяць першапачатковы ўзнос (10 % кошту работ), магчыма часовая растэрміноўка астатняй сумы плацяжу на адзін год. Памочнік Прэзідэнта даручыў мясцовым службам максімальна дакладна падлічыць кошт такіх работ і суму штомесячных плацяжоў для жыхароў вуліц у выпадку пракладкі каналізацыі. Таксама паабяцаў дэталёва вывучыць пытанне і разабрацца, ці ёсць магчымасць знізіць кошт работ.

З просьбай у больш ранні тэрмін ажыццявіць капітальны рамонт цаглянага васьмікватэрнага дома № 9 па вуліцы Першамайскай у Дзятлаве, 1959 года пабудовы, тэлефанавала адна з яго жыхарак. Капітальны рамонт гэтага жылога аб’екта быў запланаваны на 2024 год. Памочнік Прэзідэнта пагутарыў са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім і яго намеснікамі аб магчымасці пераносу капітальнага рамонту. Паколькі будынак сапраўды “сталага веку”, было вырашана, што раённая ўлада паспрабуе ўнесці карэкціроўкі ў план: адрамантаваць дом капітальна ўжо ў 2022 годзе.

Апошнім на прамую тэлефонную лінію паспеў дазваніцца жыхар вёскі Студзераўшчына, інвалід па зроку. Мужчына расказаў, што некалькі гадоў таму набыў дом, дзе жыве, без афармлення дакументаў. Не дзіўна, што з цягам часу ў навасёла з’явіліся праблемы. На сёння ў доме адключана электраэнергія, падключыць якую без заявы гаспадара домаўладання немагчыма. Недалёка ад дома расце аварыйнае дрэва, каб яго спілаваць, таксама патрэбна згода гаспадара. Іван Лаўрыновіч патлумачыў, што, адпаведна закону, давядзецца даказаць факт здзелкі. Заяўнік расказаў, што на гэты выпадак у яго ёсць распіска гаспадара аб атрыманні грошай за продаж дома. Памочнік Прэзідэнта параіў заяўніку звярнуцца ў суд, паабяцаў арганізаваць транспарт і папярэдзіць суддзю аб сітуацыі. Канчатковае рашэнне будзе прынята судом.

Напрыканцы Іван Лаўрыновіч падвёў вынікі прамой тэлефоннай лініі ў Дзятлаве:

– Людзі тэлефанавалі па жыццёва важных пытаннях – добраўпарадкаванне жылля, рамонт дарог. Запомніўся званок жанчыны з Магілёўскай вобласці, бацькі якой жывуць у гарадскім пасёлку Казлоўшчына – значным населеным пункце Дзятлаўскага раёна. Людзі гэтыя састарэлыя, кватэра прыватызавана, а капрамонт не ўдаецца зрабіць ужо каторы год. Мы са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім дамовіліся, што паставім пытанне на кантроль, каб сёлета ці ў наступным годзе перасяліць жыхароў або адрамантаваць дом.

Увогуле, спецыялістам сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі трэба больш уважліва адносіцца да людзей і вырашаць пытанні на месцах, а не выносіць іх для разгляду на абласны ўзровень.

Прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян з выездам у раёны даволі дзейсная форма работы  з людзьмі, – падкрэсліў Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, – паколькі з горада Гродна ўсіх праблемаў “не ўбачыш”. У рэгіёнах ёсць спецыфічныя пытанні, якія патрабуюць свайго вырашэння. Раённая ўлада пра іх ведае, але для большай аператыўнасці часам патрабуецца аказаць садзейнічанне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup