Якія віды адпачынку прапануюць непаўналетнім?

Важнае Улада

У рэжыме відэаканферэнцыі пад старшынством намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Пранюка 27 мая 2020 года прайшло сумеснае пасяджэнне Гродзенскага абласнога каардынацыйнага савета па прафілактыцы правапарушэнняў і камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама.

У раённыя студыі таксама былі запрошаны члены раённых каардынацыйных саветаў па прафілактыцы правапарушэнняў і камісій па справах непаўналетніх.

Абласныя і раённыя спецыялісты абмеркавалі пытанне забеспячэння ў летні перыяд занятасці непаўналетніх, у тым ліку дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і зацвердзілі абласны праект “Лета-2020 – час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асобаснага самаўдасканалення”.

– Падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі-2020 вялася яшчэ з мінулай восені, эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла ў яе пэўныя карэктывы, але не змяніла нашу пазіцыю, – зазначыў Віктар Пранюк. – Таму 115 тысяч школьнікаў Гродзеншчыны павінны па-магчымасці прайсці аздараўленне, заняцца карыснай дзейнасцю, некаторыя – набыць прафесію, атрымаць працоўную кніжку. Пры гэтым, задача дарослых – засцерагчы дзяцей і студэнтаў ад супрацьпраўных учынкаў і злачынстваў. Таму прыярытэтамі летняй кампаніі застаюцца захаванне здароўя дзяцей, недапушчэнне росту правапарушэнняў, якасная арганізацыя адпачынку.

У нас створаны ўмовы для аздараўлення больш 63 тысяч дзяцей у летніках розных тыпаў, забраніраваны рабочыя месцы для часовай працоўнай занятасці ў студатрадах (у планах 7 тысяч 36 працоўных месцаў). Па рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дзённыя летнікі пачнуць работу з сярэдзіны чэрвеня, кругласутачныя – з ліпеня, аднак сітуацыя можа мяняцца.

Неабходна звярнуць сур’ёзную ўвагу на арганізацыю працоўнай занятасці падлеткаў. У гэту работу павінны ўключыцца камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, установы адукацыі,

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Калі непаўналетні жадае працаваць – мы павінны яму прадаставіць такую магчымасць.

Не менш увагі неабходна звярнуць на стварэнне бяспечнага асяроддзя для непаўналетніх. Трэба праверыць стан дзіцячых і спартыўных пляцовак, зрабіць недаступнымі дахі, падвалы, нежылыя будынкі, паклапаціцца аб дарожнай бяспецы і іншым.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык рассказаў, што ў вобласці амаль завершаны работы па падрыхтоўцы летнікаў да сезона адпачынку. Планавалася, што ў Прынёманскім краі будуць функцыянаваць 875 такіх устаноў, але не ўсе пастаўленыя задачы па ахопе дзяцей аздараўленнем і занятасцю ўдасца рэалізаваць з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Тым не менш, ужо ёсць нямала заявак, адпачынак непаўналетніх трэба ладзіць з захаваннем ўсіх патрабаванняў бяспекі, а таксама арганізаваць кантроль за занятасцю дзяцей, якія застаюцца дома.

Для мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных і іншых інфекцый да 15 чэрвеня 2020 года даведзена заданне выпрацаваць планы дадатковых мерапрыемстваў для бяспекі здароўя выхаванцаў і супрацоўнікаў выхаваўча-аздараўленчых установаў з дакладным алгарытмам дзеянняў у час складанай эпідсітуацыі. Плануецца распрацаваць і памяткі “Бяспечнае лета” з актуальнымі правіламі знаходжання ў летніках, раздаць іх непаўналетнім і бацькам на этапе падрыхтоўкі да паездкі на аздараўленне, падобную інфармацыю разам з патрабаваннямі да знаходжання выхаванцаў у аздараўленчых летніках мяркуецца размяшчаць на сайтах установаў адукацыі, іншых даступных электронных рэсурсах.

Яшчэ летам будуць арганізаваны часовыя формы занятасці дзяцей у невялікіх групах, прадоўжаць работу ўстановы дадатковай адукацыі, будуць функцыянаваць творчыя пляцоўкі, распрацаваны шэраг дістанцыйных мерапрыемстваў.

Намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Віталь Стасюкевіч у час летняй кампаніі заклікаў максімальна забяспечыць ўключэнне ў склад студэнцкіх атрадаў і іншыя віды занятасці непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы.

З асноўнымі палажэннямі абласнога праекта “Лета-2020 – час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асобаснага самаўдасканалення” удзельнікаў відэаканферэнцыі азнаёміла

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гродзенскага аблвыканкама Людміла Ніцкая.

Вынікі пасяджэння падрахункаваў Віктар Пранюк. Ён зазначыў, што перад зацікаўленымі службамі вобласці і раёнаў стаяць сур’ёзныя задачы, аднак справіцца з імі рэальна, калі падыходзіць да справы адказна і без фармалізму.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: