Узнагароды – за інавацыйныя праекты

Галоўнае Грамадства

Па добрай традыцыі, кожную вясну дзятлаўскія школьнікі, прызёры і пераможцы конкурсаў і канферэнцый, атрымліваюць узнагароды ад раённага аддзела адукацыі.

З прыемнай місіяй начальнік аддзела Наталля Белаус наведала Вензавецкую і Новаяльнянскую сярэднія школы.

У лістападзе мінулага года ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшла абласная канферэнцыя даследчых работ па вучэбных прадметах “Крыштальная Альфа”. Удзел у ёй былі прынялі 236 праектаў навучэнцаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны, у тым ліку, гімназіі №1, сярэдняй школы №3 горада Дзятлава,  Новаяльнянскай, Вензавецкай, Казлоўшчынскай сярэдніх школ.


Адразу два прызавыя вынікі на “Крыштальнай Альфе” заваявалі новаяльнянскія школьнікі. Вучань восьмага класа Аляксандр Баковіч атрымаў дыплом першай ступені ў секцыі “Біялогія”. Да высокага выніку ён прыйшоў разам з настаўнікамі Аленай Баковіч і Сяргеем Сокалам. Дзевяцікласнік Ілья Халадкоў  стаў сярэбраным прызёрам па рускай мове. Да выніковага выступлення Ілья рыхтаваўся разам з настаўніцай рускай мовы Аленай Варанец.

Трэцяе месца па прадмеце “Геаграфія” заваявала вучаніца 10 класа Вензавецкай сярэдняй школы Аляксандра Клімко. Над праектам-прызёрам разам з ёй працавалі настаўніца геаграфіі Людміла Грэйня і настаўніца інфарматыкі Кацярына Латушка.


Уручаючы дыпломы пераможцаў конкурсу “Крыштальная Альфа” і грашовыя прэміі, начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус падзякавала школьнікам і іх настаўнікам за стабільна высокія вынікі на конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, пажадала ўсім творчых поспехаў і натхнення. У сваю чаргу, старшакласнікі і педагогі школ паабяцалі не зніжаць планку і на наступны навучальны год прадставіць новыя годныя праекты.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup