Разам супраць крадзяжоў

Важнае Здарэнні і бяспека

На аператыўнай нарадзе, якая прайшла пад старшынством пракурора Дзятлаўскага раёна Алега Вялічкі, праваахоўнікі абмеркавалі стан злачыннасці ў нашым раёне за чатыры месяцы 2020 года, меры папярэджання і раскрыцця злачынстваў супраць уласнасці.

Удзел у пасяджэнні прымалі начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль, яго першы намеснік Уладзімір Святоха, начальнік аддзела крымінальнага вышуку Аляксей Кашко, старшы інспектар прафілактыкі Сяргей Юшкевіч.

Стан спраў па барацьбе са злачыннасцю ў раёне прааналізаваў пракурор Алег Вялічка. Ён зазначыў, што за чатыры месяцы 2020 года агульная колькасць злачынстваў на Дзятлаўшчыне павялічылася, у тым ліку больш чым у два разы ўзрасла колькасць крадзяжоў. Істотны іх рост адбыўся ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі Вензавецкага, Казлоўшчынскага, Дварэцкага, Жукоўшчынскага, Дзятлаўскага, Парэцкага сельсаветаў, а таксама ў гарадскіх пасёлках Наваельня і Казлоўшчына. У многіх выпадках паміж учыненнем злачынства і зваротам у праваахоўныя органы праходзіў значны адрэзак часу, што прыводзіла да зніжэння эфектыўнасці работы па ўстанаўленні зладзеяў.

Асноўнымі спосабамі ўчынення крадзяжоў былі: свабодны доступ, вырыванне замкоў, выбіванне дзвярэй і шыбаў, нават адмыканне дзвярэй ключом, знойдзеным “ва ўмоўным месцы”. Пры гэтым крадзяжы з жылля ў 16 выпадках былі ўчынены з прыватных дамоў, у двух – з кватэр, адзін выпадак – з жылога пакоя дзіцячага летніка. Найчасцей зладзеі кралі грошы, чорныя і каляровыя металы, ювелірныя вырабы, аўтазапчасткі, веласіпеды.

Аналіз крадзяжоў сведчыць, што скарачэнне колькасці вясковага насельніцтва і з’яўленне значнай колькасці нежылых дамоў на фоне алкагалізму і нявызначанасці працоўнага статусу зламыснікаў ствараюць відавочныя перадумовы для актывізацыі пасягальніцтваў на маёмасць. Аднак адзначаецца і абыякавае стаўленне гаспадароў да захавання сваёй маёмасці, што сведчыць аб пэўных недахопах у прафілактычнай рабоце з насельніцтвам.

Удзельнікі нарады абмяняліся меркаваннямі па праблеме і выпрацавалі шэраг прафілактычных мераў, якія дапамогуць палепшыць аператыўную абстаноўку ў раёне. У планах праваахоўнікаў: ладзіць аператыўна-прафілактычныя адпрацоўкі тэрыторый найбольш неспакойных адміністрацыйных участкаў; праводзіць прафілактычную работу ў арганізацыях, сярод жыхароў, у прэсе; ажыццяўляць маніторынг тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў і сістэмаў відэаназірання на іх; забяспечваць рэгулярную публікацыю ў газеце артыкулаў аб крадзяжах і махлярствах з канкрэтнымі прыкладамі; ініцыяваць у сельвыканкамах правядзенне работы з уласнікамі нежылых дамоў па іх тэхнічнай умацаванасці, у тым ліку з выкарыстаннем паслугаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы; запрашаць на пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і схільныя да маёмасных злачынстваў.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup