У ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна прайшла адпраўка навабранцаў у войска.
З сёлетнім вясновым прызывам шэрагі Узброеных Сіл Беларусі папоўніць 31 жыхар Дзятлаўшчыны. Нашы землякі будуць служыць у розных родах войскаў у Брэсце, Мінску, Мар’інай Горцы, Лідзе, Слуцку, Слоніме і Барысаве.
Валерый Макарчык з вёскі Дзянісава нашага раёна на паўтара года ідзе служыць у паветрана-дэсантныя войскі ў горад Брэст. Да прызыву на службу малады чалавек паспеў закончыць прафесійна-тэхнічны ліцэй у гарпасёлку Казлоўшчына, папрацаваць вадзіцелем на кардонна-папяровым заводзе “Альберцін” у Слоніме.
У тую ж часць 92616 горада Брэста прызываецца Павел Жадзейка, прызёр і пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, спартсмен, грамадскі актывіст. Пасля заканчэння школы № 3 горада Дзятлава Павел год адвучыўся ў Ваеннай акадэміі Беларусі і вырашыў змяніць спецыяльнасць на іншую, паступіўшы на завочную форму навучання. Тэрмін службы ў войску для маладога чалавека складзе адзін год.
Дзмітрый Жамойдзік з Вензаўца – будучы баец войскаў спецыяльнага прызначэння, на паўтара года ідзе служыць у Мар’іну Горку. Да прызыву ў войска Дзмітрый атрымаў адукацыю тэхніка лясной гаспадаркі ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, паспеў нават тыдзень папрацаваць у Дзятлаўскім лясгасе.
Прызыўнікі адказалі на пытанні карэспандэнткі газеты “Перамога” аб службе.
- Гатовы служыць? Чаго чакаеце ад службы ў войску?
Валерый: Тут немагчыма загадзя падрыхтавацца. Але неблагая фізічная форма ёсць і вера ў лепшае таксама. Чакаю ад службы новых падзей, новых ведаў, адчуванняў. Упэўнены, што служба стане для нас усіх добрай загартоўкай.
Павел: Вядома, гатовы. Год навучання ў Ваеннай акадэміі загартаваў мяне як у фізічным, так і ў маральным плане, у дысцыпліне. Мяркую, нічога новага, нязвыклага для сябе ў войску я не пабачу. За час службы спадзяюся знайсці новых сяброў на ўсё жыццё.
Дзмітрый: І маральна, і фізічна гатовы. Не палохаюць нават павышаныя нагрузкі ў войсках спецыяльнага прызначэння, бо фізічную форму трымаю пастаянна: хаджу ў качалку, на турнікі. Ад службы чакаю найперш новых цікавых падзей і заданняў, каб было потым што расказаць сябрам і блізкім.
- На вашу думку, служыць Радзіме – абавязак кожнага маладога чалавека ці павінен быць выбар?
Валерый: Я ўпэўнены, што кожны мужчына павінен прайсці праверку службай. Служыць сваёй краіне – гэта абавязак кожнага сапраўднага грамадзяніна.
Павел: На маю думку, служба ў войску павінна стаць свядомым, узважаным, самастойным выбарам кожнага. Насамрэч, многія маладыя людзі з ахвотай і гонарам апранаюць ваенную форму.
Дзмітрый: Год ці паўтара года ваеннай службы – гэта той мінімум, які павінен быць у жыцці кожнага сапраўднага мужчыны. А ўжо далей звязваць жыццё з арміяй ці не – гэта асабісты выбар кожнага.
- Ці плануеце прадоўжыць службу ў войску па кантракце?
Валерый: час пакажа. Не выключаю магчымасці, што застануся. Тым больш, мая вадзіцельская спецыяльнасць можа спатрэбіцца ў арміі.
Павел: Думаю, што не. Планую пасля службы прадоўжыць атрыманне адукацыі, наладзіць сваё жыццё ў грамадзянскім русле.
Дзмітрый: Так, у планах ёсць служба па кантракце. Пайду па прыкладзе брата, які ўжо прайшоў тэрміновую службу і працуе па кантракце.
- Хто будзе чакаць вас дома?
Валерый: Мама, тата, родныя, якія ўжо сёння ганарацца сынам-вайскоўцам.
Павел: Родныя, блізкія людзі, якія падтрымліваюць ва ўсім і чакаюць заўжды.
Дзмітрый: Усе родныя, блізкія будуць чакаць. Мама, тата, пляменнікі. Мяне і праводзілі ў войска чалавек каля трыццаці! Таксама каханая дзяўчына абяцала чакаць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup