Пасведчанне аб нараджэнні для Златаславы Губко

Галоўнае Грамадства

Златаслава, якая нарадзілася 14 мая 2020 года, стала шостым дзіцём у сям’і нашых землякоў Руслана і Алены Губко.

Зарэгістраваць дзяўчынку бацькам прапанавалі ва ўрачыстай абстаноўцы, а заадно падрыхтавалі для іх прыемны сюрпрыз.

Разам з урачыстай рэгістрацыяй дзіцяці на Дзятлаўшчыне стартавала раённая дабрачынная акцыя ў падтрымку шматдзетных сем’яў “Я – дома!”, арганізаваная Дзятлаўскім раённым аддзяленнем рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” пры партнёрстве аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама і раённай газеты “Перамога”.

– Паважаныя Алена Мікалаеўна і Руслан Мікалаевіч! Сёлета ў ваш дом шосты раз пастукаўся цуд – нарадзілася маленькая дачушка, – звярнулася да бацькоў галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Вінакурава. – Яна прыйшла ў гэты свет, каб зрабіць вашу сям’ю больш моцнай і шчаслівай. Як бацькам, вам было прадастаўлена права выбраць дачушцы імя. З любоўю вы прыгожа назвалі яе Златаслава. Упэўнена, што гэта імя будзе з гонарам вымаўляцца ў вашай сям’і і вашым родзе. Сёння ў аддзеле ЗАГС складзены два важныя дакументы – запіс акта і пасведчанне аб нараджэнні вашага дзіцяці, якія запрашаю вас падпісаць ва ўрачыстай абстаноўцы.

Святлана Вінакурава з найлепшымі пажаданнямі ўручыла бацькам першы дакумент іх дачкі Златаславы Губко – пасведчанне аб нараджэнні.

З рэгістрацыяй дачушкі сям’ю Губко павіншавала дырэктар Дзятлаўскага раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская:

– У маі 2020 года грамадскім аб’яднаннем “Беларускі дзіцячы фонд” адкрыта раённая дабрачынная акцыя “Я – дома!”. Яна арганізавана для падтрымкі сем’яў, у якіх нарадзілася пятае і наступнае дзіця, а таксама сем’яў, дзе нарадзіліся двайняты,

трайняты і больш дзетак. Удзел у ёй прымаюць і іншыя грамадскія арганізацыі нашага раёна. У рамках акцыі “Я – дома!” грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” уручае вам, Алена Мікалаеўна і Руслан Мікалаевіч, сертыфікат на суму трох базавых велічыняў, які можна рэалізаваць для набыцця дзіцячага адзення ў магазіне “Кромань” горада Дзятлава. Віншую вас з нараджэннем Златаславы, жадаю, каб у вашай сям’і панавалі любоў, радасць і станоўчыя эмоцыі. Вашай дачушцы жадаю, каб яе жыццёвы шлях быў шчодра асветлены вашай падтрымкай. Шматдзетная сям’я – гэта здорава. Шчасця вам!

Віншаванні на адрас сям’і Губко выказалі і таксама ўручылі падарункі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык; казначэй прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Дзятлаўскай ЦРБ, членам якой з’яўляецца шматдзетная матуля, Аксана Дзянісік; першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і бухгалтар арганізацыі Наталля Маркава.

Напрыканцы сустрэчы Алена і Руслан Губко падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства і радасцю ад нараджэння дачушкі:

– Мы не чакалі мерапрыемства такога фармату, хаця, калі прыйшлі рэгістраваць Златаславу, нам прапанавалі зрабіць гэта ва ўрачыстай форме. Сюрпрыз ад грамадскіх аб’яднанняў аказаўся прыемным. Усе падарункі вельмі карысныя і будуць нам дарэчы. Дзякуем за падтрымку!

– Алена Мікалаеўна, хто, акрамя мужа, з нецярпеннем чакаў вас дахаты з роддома?

– Вядома ж, гэта былі нашы старэйшыя дзеці Арцём, Данііл, Мацвей, Эмір, Герда і нашыя блізкія.

– Хто выбраў дзяўчынцы такое прыгожае імя?

– На сямейным савеце мы перабралі шмат імёнаў. Спыніліся на Златаславе, бо палічылі, што дзяўчынка з такім яркім імем абавязкова дасягне поспехаў на жыццёвым шляху.

– Ці марылі быць шматдзетнымі?

– На самой справе – не. Але ж адзін за адным нараджаліся хлопчыкі, а так хацелася дачакацца дзяўчынку. Радаваліся, калі нарэшце на свет з’явілася дачушка Герда. А вось Златаслава стала для нас прыемным “кіндэрсюрпрызам” – і мы шчаслівыя.

– Вашы пажаданні іншым бацькам Дзятлаўшчыны.

– Галоўнае – здароўя, астатняе ўсё прыйдзе. Ну, і не забываць, што дзеці – гэта шчасце, а шмат дзяцей – вялікае шчасце.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup