Паўстанне Кастуся Каліноўскага ў гісторыі Дзятлаўшчыны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У верасні 2019 года больш за паўтысячы беларусаў звярнуліся ў літоўскі сейм з просьбай перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.

Ліст падпісалі Святлана Алексіевіч, Андрэй Горват, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда Бандарэнка і іншыя беларусы. Аднак літоўскія ўлады вырашылі правесці пахаванне ў Вільні.

Перазахаванне адбылося 22 лістапада. Прагледзеўшы разнастайную інфармацыю ў інтэрнэце і прачытаўшы артыкулы ў газеце, захацела паглыбіцца ў тэму паўстання, знайсці факты, звязаныя з Дзятлаўшчынай, тым больш, што тэма паўстання Кастуся Каліноўскага блізкая мне, урок пра Каліноўскага, надрукаваны ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў “Родным слове”, быў першай маёй публікацыяй у метадычным выданні.

Паводле гістарычнай літаратуры, у сярэдзіне 19-га стагоддзя сялянства Беларусі ўсё больш выказвала незадаволенасць прыгонным правам. Буйныя сялянскія хваляванні ўспыхнулі ў 1856 годзе ў Слонімскім павеце.

Царскі ўрад на той час асабліва быў заклапочаны становішчам у заходніх губернях. Тут антыфеадальны рух сялян зліваўся з нацыянальна-дэмакратычным рухам у Польшчы. Таму правесці рэформу трэба было асабліва хутка менавіта тут.

Аднак фіктыўная рэформа 1861 года не аблегчыла жыццё сялян. Надзеі ўрада на “ўдзячнасць сялян” не спраўдзілася. Дакументы даюць  цікавую інфармацыю пра паездку віленскага генерал-губернатара Назімава ў ліпені 1861 года. Ён выехаў з Вільні, праехаў Воранава, Ліду, Дзятлава, Слонім. Усюды выступаў перад сялянамі, казаў, што ім даравана воля, жыццё іх стане лепшым. Але ў адказ гучала незадаволенасць рэформай. Сяляне гаварылі, што памешчыкі іх па-ранейшаму прыгнятаюць. Раззлаваны генерал-губернатар загадаў біць непакорлівых палкамі.

Сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці, чакалі “сапраўднага ўказу” цара. Частка сялян па-свойму тлумачыла маніфест. Так, у красавіку 1861 года памешчыкі Слонімскага павета даносілі, што “прыходскія святары Слонімскага павета, Дзенціёльскай і суседняй Накрышскай цэркваў і яшчэ нейкі жыхар мястэчка Дзенціёлы, салдат, талкавалі сялянам, што баршчыну можна не адрабляць, калі сяляне таго пажадаюць”.

Міравы пасрэднік 4-га стану, гэта значыць Дзятлаўскага, звярнуўся на з’ездзе міравых суддзяў  Слонімскага павета з пытаннем, што рабіць, калі сяляне адмаўляюцца ад выканання павіннасцей. Ён атрымаў наступны адказ:

“… взыскивать оную с крестьян при содействии земской полиции».

Незадаволенасць умовамі рэформы перарасла ў масавыя хваляванні сялян па ўсёй Расіі. Каб абараніць памешчыцкую ўласнасць, былі мабілізаваны войскі, жандармерыя, урадавая адміністрацыя і духавенства. У Беларусі ў 1861-1862 гадах былі раскватараваны больш за 100 тысяч рэгулярнага войска.

Але сялянскія хваляванні гэта не спыніла.  Хваляванні ахапілі і Слонімскі павет. Неспакойна было ў Дзятлаве. Прыстаў Пахноўскі даносіў у Слонім земскаму спраўніку, што сяляне ў маёнтках Накрышкі і Міроўшчына памешчыка Адама Стравінскага, Янаўшчына памешчыка Незабутоўскага і іншых адмовіліся адбываць паншчыну, бо тлумачаць маніфест па-свойму.

Далей прыстаў паведамляў, што ўгаворы прыходскага свяшчэнніка ні да чаго не прывялі. 7 красавіка 1861 года слонімскі земскі спраўнік Маслаў звярнуўся ў Гродна і папрасіў дазволу падавіць хваляванні сілай.

З Гродна неўзабаве прыбыў чыноўнік па асобых даручэннях Савіцкі, а затым з’явіўся корпус жандараў. 12 красавіка корпус на чале з палкоўнікам Прасалавым пры падтрымцы дзвюх рот пяхотнага палка заняў Дзятлава. Перад гэтым у Дзятлава ўжо прысылалі салдат, але сяляне не супакойваліся. На плошчы мястэчка сабралі сялян вёсак Краглі, Пецюкі, Гернікі, Накрышкі (усяго 18 вёсак), акружылі войскам, да іх звярнуўся палкоўнік Прасалаў. Ён папярэдзіў: калі сяляне не супакояцца, то будуць пакараны. Большасць сялян, спужаўшыся пагроз, пакаялася, прызнаўшы сваю віну. Толькі сяляне дзвюх вёсак памешчыка Корсака (48 двароў) і вёскі Погіры адмовіліся падпарадкоўвацца. Таму 21 чалавек быў пакараны палкамі ад 20 да 50 удараў. Пасля гэтага ўсе сяляне згадзіліся выконваць павіннасці. Двух самых актыўных, казённага селяніна Восіпа Бамбіра і брата свяшчэнніка нагародавіцкага прыходу Казіміра Сцяпуру, адправілі ў Слонім. Бамбір вярнуўся дадому, а Сцяпуру судзілі. У Дзятлаве на два тыдні для падтрымання парадку засталіся дзве роты салдат, якія размясціліся ў палацы Радзівілаў.

Дзятлаўскія падзеі мелі вялікі рэзананс, данос гродзенскага губернатара Шпіра дайшоў да імператара Аляксандра II.

Варта адзначыць, што частка памешчыкаў ішла на ўступкі пад націскам сялян. Напрыклад, памешчык Корсак з Дзятлава быў вымушаны замяніць аканома пасля выступлення сялян. Арганізатарамі сялянскіх выступленняў у Дзятлаве былі адстаўныя салдаты, прадстаўнікі ніжэйшага духавенства, разначынцы.

У другой палове 1861 года сялянскі рух на некаторы час аслабеў, каб зноў успыхнуць з новай сілай у 1863 годзе. Вялікае паўстанне ўзначалілі К. Каліноўскі, В. Урублеўскі, Р. Ражанскі. З мэтай прапаганды сярод сялянства пачала выходзіць газета “Мужыцкая праўда”. Прапаганда вялася і сярод сялян Дзятлава. У жніўні 1862 года слонімскі земскі спраўнік Гарадоўскі даносіў губернатару І. В. Галеру, што прыстаў знайшоў у мястэчку “Мужыцкую праўду”. У канцы красавіка-пачатку мая 1863 года ў Слонімскім павеце пачаў дзейнічаць атрад Юндзіла, які налічваў каля 300 чалавек.

У Мілавідскіх лясах сканцэнтраваліся значныя сілы паўстанцаў. Дзятлаўскі прыстаў даносіў, што з лясоў, якія прылягаюць да Навагрудка, выйшлі “інсургенты” (інсургент – удзельнік узброенага паўстання супраць урада; паўстанец) і праз вёскі Белагурна, Наваельня, мястэчка Дзятлава рушылі ў бок Мілавід. Па яго словах, “інсургенты зачытвалі маніфест паўстання, падбухторвалі сялян, заклікалі да прысягі польскаму ўраду”. Прыстаў даносіў, што колькасць паўстанцаў складала 150 чалавек. А ваенны начальнік Слоніма паведамляў у Гродна, што ў лясах пад Мілавідамі “сабралася да трох тысяч інсургентаў”. Аднак ён завысіў лік паўстанцаў, спадзеючыся, што яму дапамогуць. Пад Мілавіды прыбыў Кастусь Каліноўскі.

Некалькі разоў царскія войскі спрабавалі разбіць паўстанцаў у мілавідскіх лясах, але гэта не ўдавалася. У Слонімскім павеце працягвалі дзейнічаць атрады інсургентаў, неаднаразова з’яўляліся яны і ў Дзятлаве. І гэта не дзіўна, бо на Дзятлаўшчыне жыла маці Валерыя Урублеўскага, паплечніка Кастуся Каліноўскага.

У рапартах слонімскага земскага спраўніка называюцца жыхары мястэчка Дзятлава сяляне Ігнат Грынеўскі і пісьмавадзіцель прыстава Катовіч. Уся маёмасць Катовічаў была канфіскавана, а на яго самога аб’яўлены вышук у “Гродзенскіх ведамасцях”, адпраўлена паведамленне ў Пецярбургскі дзяржаўны банк “аб вышуку маёмасці Катовіча”.

Да сярэдзіны лета 1863 года ў паўстанні намеціўся спад. Восенню ўзброеная барацьба на Беларусі спынілася. Кастусь Каліноўскі ў студзені 1864 года быў схоплены і 10 сакавіка пакараны смерцю ў Вільні.

Пасля паўстання царскі ўрад правёў змяненні ў становішчы дзяржаўных сялян, якімі і з’яўляліся дзятлаўскія сяляне пасля таго, як маёмасць Солтанаў за ўдзел ў паўстанні 1830-1831 гадоў была перададзена ў расійскую казну. Іх ураўнялі ў правах з памешчыкамі і перавялі ў агульны разрад сялян-уласнікаў. Ужо ў 1877 годзе 5-8 % сялян Дзятлаўшчыны мелі надзелы больш за 15 дзесяцін зямлі, каля 80 % – ад 7 да 15 дзесяцін.  Аднак сялянская заможнасць вызначалася яшчэ і наяўнасцю хатняй жывёлы, асабліва коней, кароў. Напрыклад, селянін Іван Чучэйка меў трох коней і дзвюх кароў і належаў да заможнай часткі сялян. Землі мелі таксама праваслаўная царква і касцёл.

Вось такія факты пра Дзятлаўшчыну часоў паўстання Кастуся Каліноўскага захоўваюць дакументы. І нам трэба ведаць іх, бо гэта гісторыя нашай малой радзімы.

Алена АБРАМЧЫК,  
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

 



Теги: