Маленькі чалавек і вялікі патрыятызм

Важнае Грамадства

Аднойчы 9 мая назірала, як маленькі хлопчык, гуляючы па парку з бацькамі, падарыў кветку ветэрану, які сядзеў на лаўцы.

Ветэран заплакаў, пачаў дзякаваць: “Дзякуй, мой родны! Дзякуй!”. Малы разгубіўся, пацікавіўся ў матулі: “За што мне “дзякуй” і чаму ветэран плача?” – “За ўвагу, сынок, і за памяць, а плача дзядуля ад радасці, што ты такі маленькі і такі ўважлівы” – патлумачыла жанчына.

Назірала і ганарылася бацькамі, якія на простым учынку выхоўвалі ў свайго маленькага сына такое вялікае пачуццё, як патрыятызм. Сустрэча застанецца ў памяці малога, а яе ўсведамленне і разуменне абавязкова прыйдуць. Калі расказваць дзецям пра вайну, ім будзе што помніць.

А як гэта робяць педагагічныя калектывы ўстановаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўскага раёна?

Свята Перамогі ў дзіцячым садзе – не аднаразовая акцыя, а сістэма мерапрыемстваў, якія арганічна ўпісваюцца ў адукацыйны працэс установы. У час падрыхтоўкі да 75-годдзя Вялікай Перамогі, перад педагагічнымі калектывамі раёна паўстала пытанне выбару формаў работы і зместу гутарак аб гэтай падзеі з дзецьмі канкрэтных узроставых групаў. У дапамогу педагогам метадычная служба падрыхтавала матэрыялы “Асаблівасць тлумачэння дзецям розных узростаў значэння Дня Перамогі”.

Паколькі дзеці малодшага ўзросту лягчэй засвойваюць рыфмаваныя радкі, тлумачэнні для іх суправаджалі вершамі, на аснове якіх педагогі раскрывалі сутнасць свята. Спіс літаратурных твораў для сярэдняй і старэйшай групаў пашырылі празаічнай формай. Словы педагогаў суправаджаліся малюнкамі, фотаздымкамі, мультымедыйнымі прэзентацыямі, відэаролікамі, якія затым абмяркоўвалі. Для старэйшай групы аповед пра Дзень Перамогі і вайну зрабілі больш асобасным: заклікалі дзетак расказаць гісторыі сваіх сем’яў. Наладзілі падборку фотаздымкаў з сямейных альбомаў па тэмах “Нашы героі – нашы прадзеды” (яслі-сад № 1 г. Дзятлава), “Мой прадзед ваяваў за Радзіму” (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), “Перамога прадзеда і дзеда – наша Перамога” (Міроўшчынскі дзіцячы сад). Удзел у стварэнні альбомаў падштурхнуў многіх бацькоў і членаў калектываў да вывучэння гісторыі сваіх сям’яў, стварэння сямейных летапісаў. У Новаяльнянскім яслях-садзе зрабілі буклеты “Раскажыце дзецям пра вайну” для вэб-рассылкі бацькам. У яслях-садзе № 1 горада Дзятлава аформілі фотазону “75 гадоў Вялікай Перамогі”.

Напярэдадні Дня Перамогі ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, скіраваныя на фарміраванне патрыятычных пачуццяў выхаванцаў праз розныя віды дзейнасці. Дзеці з цікавасцю разглядалі рэпрадукцыі і фотаздымкі з серыі “9 Мая – Дзень Перамогі”, гутарылі пра іх, слухалі песні ваенных гадоў, ляпілі самалёты, малявалі святочны салют, гулялі з ваеннай тэхнікай, малявалі Перамогу, як уяўляюць яе па аповедах педагогаў, дзядуляў, бабуляў, па сюжэтах кніг і кінафільмаў. Выхаванцы Гезгалаўскага ясляў-сада прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Пісьмо салдату”, мэтай якой было працягнуць нябачную нітку скрозь час, даць магчымасць праўнукам “пагутарыць” з прадзедамі, вядомымі і невядомымі героямі Вялікай Айчыннай вайны. На занятках ручной працай дзеці з выхавальнікамі змайстравалі канверты-трохкутнікі, упрыгожылі іх кветкамі. Дома з бацькамі напісалі пасланні салдатам, прадзедам i прабабулям, якія ўдзельнічалі ў вайне, выказалі ім падзяку за мірнае неба.

У яслях-садзе № 1 горада Дзятлава, Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе прайшлі акцыі “Чытаем дзецям пра вайну”, у ДЦРР № 2 горада Дзятлава адбыўся літаратурны вечар “Дзякуй за мір!”. У фармаце “жывога мікрафона” ў Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школа ладзілася акцыя “Мы пра вайну гаворым у вершах” (выхаванцы і педагогі чыталі вершы да Дня Перамогі).

У рамках вулічнай акцыі “У гонар 75 годдзя Вялікай Перамогі”, прысвечанай памяці франтавікоў-ураджэнцаў Наваельні, у Новаяльнянскім яслях-садзе раздалі тэматычныя флаеры “Вечная памяць і слава”. З дапамогай інфармацыйных тэхналогій у ДЦРР № 2 горада Дзятлава, яслях-садзе № 1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскім яслях-садзе былі праведзены віртуальныя экскурсіі па музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Пад ваенныя песні на фізкультурна-спартыўным вольным часе “Дзень Вялікай Перамогі” выхаванцы ясляў-сада № 1 горада Дзятлава дэманстравалі свае спрыт і сілу. Сустрэча скончылася дзіцячым ваенным парадам. Аналагічнае мерапрыемства пад назвай “Гэтых дзён не змоўкне слава” прайшло ў Казлоўшчынскім яслях-садзе. У Гезгалаўскім яслях-садзе ў час святочнай забавы “Мы – праўнукі Перамогі” дзеці чыталі вершы, танцавалі вальс “Хмары ў блакіце” і разам з педагогамі выканалі песні “Кацюша” і “Жураўлі”.

Памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны выхаванцы ўстановаў дашкольнай адукацыі раёна ўшанавалі ўскладаннем кветак да помнікаў.

Д. Ліхачоў пісаў: “Да патрыятызму нельга толькі заклікаць, яго трэба клапатліва выхоўваць”. Далучаючы дзяцей да памяці аб вайне праз актыўную і карысную дзейнасць, мы маем выдатную магчымасць выхаваць надзейную будучыню нашай краіны.

Кацярына ГАЙДУК,
метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: