Інфаркт міякарда ‒ ціхі забойца

Важнае Грамадства

Прыкметы сардэчнага прыступу добра вядомы многім: адчуванне ціску за грудзінай, моцны боль і нарастаючае пачуццё трывогі.

Але ці ведаеце вы, што інфаркт можа адбыцца без відавочных боляў у вобласці сэрца? Аб так званых “ціхіх” інфарктах расказала загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Дзятлаўскай ЦРБ Анастасія Мялешка:

‒ Здараецца, што інфаркт хаваецца за боллю ў верхняй частцы жывата, пякоткай, стратай свядомасці і нават зубным болем. Бываюць выпадкі, калі пацыенты прымаюць сардэчны прыступ за прыступ бранхіяльнай астмы ці з-за фізічных асаблівасцей зусім не адчуваюць болю. Прычына сімптомаў высвятляецца значна пазней у час планавага абследавання.

Няма неабходнасці займацца самалячэннем, асабліва, калі гаворка ідзе пра брушныя формы інфаркту. У выпадку боляў у жываце, асабліва працяглых, варта звярнуцца да доктара і зрабіць ЭКГ. Тое ж самае тычыцца невытлумачальнай стомы пры любых, нават невялікіх нагрузках. Пацыентам з цукровым дыябетам рэкамендуецца быць асабліва ўважлівымі да самаадчування і не спісваць сардэчную недастатковасць на іншыя хваробы.

Паводле статыстыкі, толькі 30 % пацыентаў з артэрыяльнай гіпертаніяй, строга прытрымліваюцца рэкамендацый доктара і рэгулярна прымаюць антыгіпертэнзійныя прэпараты. Часта бывае так, што пацыент перастае прымаць тэрапію, калі ціск нармалізуецца. Гэта памылка, бо канцэнтрацыя лекаў, назапашаных у арганізме, працуе толькі некаторы час. У стрэсавай сітуацыі іх можа быць недастаткова, з-за чаго разаўецца гіпертанічны крыз, а на яго фоне ‒ розныя ўскладненні, у тым ліку і інфаркт.

Менавіта таму вельмі важна з адказнасцю падыходзіць да прыёму лекаў, а таксама старацца знізіць фактары рызыкі ‒ паменшыць масу цела, займацца фізічнай актыўнасцю і прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

Памятайце, што інфаркт міякарда, асабліва на позняй стадыі, небяспечнае захворванне, якое прасцей папярэдзіць, чым лячыць. Нават здаровым людзям варта наведваць свайго доктара па меншай меры кожны год і здаваць клінічныя аналізы, каб не прапусціць “ціхі” сардэчны прыступ.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup