І прырода скажа: “Дзякуй!”

Важнае Спорт і турызм

Традыцыя наводзіць парадак на зямлі ў жыхароў Беларусі існуе стагоддзямі.

Лепшым часам для гэтага спрадвеку была вясна, калі прырода абуджалася пасля зімы, снег сыходзіў, а смецце заставалася навідавоку.

У такі час беларусы прыбіралі ў сваіх хатах, на падворках, у садах і агародах, а затым і на вуліцах. Пазней гэту ініцыятыву падтрымалі ўлады: пачалі штогод аб’яўляць суботнікі для добраўпарадкавання гарадоў і вёсак. Але ці трэба чакаць распараджэнняў? Найбольш прадукцыйна чалавек працуе, калі ініцыятыва ідзе ад яго самога.

Вось ужо некалькі гадоў запар я са сваімі ўнукамі ў вясновыя дні выязджаю на бераг ракі Моўчадзь, туды, дзе мы бавім час у спякотныя летнія дні. Гэта высокі абрывісты левы бераг ракі справа ад шашы на Ахонава, недалёка ад аўтамабільнага моста. Летам тут адпачываюць дзясяткі дзятлаўчан, не мінаюць яго і аматары пікнікоў, турысты-воднікі, зрэдку прагульваюцца і людзі з санаторыяў. Месца прыгожае, у хваёвым бары, з добрым пад’ездам.

Але якім непрыглядным яно было вясной мінулага года. Сотні пластыкавых бутэлек, талерак, бляшанак, відэльцаў, шкляная тара з-пад спіртнога, папяровыя сурвэткі, абрыўкі газет, акуркі.

З цяжкасцю, але ўгаварыў унукаў вярнуцца ў Дзятлава і “ўзброіцца” граблямі, рыдлёўкамі, мяхамі для смецця і самаробнымі пікамі. Менавіта на іх нанізвалі ўсе паперкі, каб затым кінуць у вогнішча (вядома, яго напрыканцы залілі вадой). Дробнае бітае шкло глыбока закапалі. Два мяхі пластыкавых бутэлек прывезлі ў Дзятлава і загрузілі ў адпаведны кантэйнер. Шкляныя бутэлькі здалі ў прыёмны пункт, выручыўшы амаль два рублі, якія патрацілі на марожанае. Праўда, унучка, з’еўшы прысмак, падлічыла, што ўся шматгадзінная аперацыя каштавала нам значна больш.

Тады я заклікаў паразважаць, ці можна ацаніць грашыма радасць ад адпачынку на чыстай зялёнай траве, бяспеку хадзіць басанож па гарачым пясочку, не баючыся парэзацца аб шкло.

Летам, збіраючыся на рэчку, унукі ўжо самі прапаноўвалі браць з сабой граблі з рыдлёўкай. Раптам спатрэбяцца?

Сёлетняй вясной зноў выбраліся на Моўчадзь. Прыемна здзівіла, што наша любімае месца выглядала адносна чыстым. Пластыкавых бутэлек сабралі з дзясятак, бітага шкла амаль не было, фанцікі ад цукерак і падгрэбеныя акуркі разам з кастрыцай спалілі, залілі вогнішча вадой, частку некім прынесеных сухастоін папілавалі і акуратна злажылі, падрамантавалі бярвенні-лаўкі. Затым з задавальненнем палюбаваліся дзікімі качкамі і бусламі, паслухалі спевы птушак і з пачуццём “выкананага абавязку” паехалі дахаты.

Як было б добра, каб гэта маляўнічае месца на беразе Моўчадзі было ўзята “пад апеку” жылкамунгасам ці лясніцтвам. Каб яго, у першую чаргу, абсталявалі сметніцамі, каб павесілі тут шыльдачку з правіламі паводзінаў для адпачывальнікаў.

За добрыя адносіны прырода заўсёды скажа людзям: “Дзякуй!”.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
жыхар горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup