Добраўпарадкаванне. Яблыневы цвет – на радасць людзям і пчолам

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне завяршыўся месячнік па навядзенні парадку на зямлі.

У ім паўдзельнічалі ўсе арганізацыі і прадпрыемствы нашага раёна.

ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” таксама не застаўся ў баку ад акцыі.  У кожным з лясніцтваў ажыццяўляліся работы па навядзенні парадку на прылеглых тэрыторыях, у альтанках, размешчаных у лясным масіве, у лесу ўздоўж аўтамабільных дарог.

У Вензавецкім лясніцтве падышлі да справы добраўпарадкавання творча: сёлета на яго тэрыторыі заклалі яблыневы сад. Работнікі лясгаса, супрацоўнікі лясной аховы і вучні Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы высадзілі 90 яблыневых дрэваў на падворку, дзе размешчана мясцовая пасека.

Па словах ляснічага Вензавецкага лясніцтва Івана Струка, карысць ад такога яблыневага саду двайная – і мясцовым пчолам раздолле для медазбору, і людзям – духмяны пачастунак. Дарэчы, добры ўраджай яблыкаў з маладых яблыняў абяцалі ўжо праз два-тры гады пасля іх пасадкі.

Акрамя таго, на працягу месячніка ў лясніцтве былі добраўпарадкаваны дэндрасад і экалагічная сцяжына, ужо сёння гатовыя прымаць новыя экскурсіі.

Наталля АВЯРЧУК