Добраўпарадкаванне. Будзе новы тратуар

Важнае Грамадства

У Дзятлаве па вуліцы Кірава брыгада будаўнікоў жылкамунгаса займаецца рамонтам пешаходнай дарожкі.

Як расказаў інжынер па арганізацыі, эксплуатацыі і рамонце будынкаў і збудаванняў РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, укладкай тратуарнай пліткі заняты сямёра будаўнікоў. Тут працуюць Аляксандр Рымша, Максім Ківачук, Іван Якаўчык, Міхаіл Вінцукевіч, Андрэй Якаўчык, Уладзімір Масляк, Аляксандр Каляда, а таксама трактарыст Леанід Касач. Мяркуецца, што з добраўпарадкаваннем, а гэта 130 метраў пешаходнай дарожкі, будаўнікі справяцца за тыдзень.

Працы ў будаўнікоў жылкамунгаса цяпер хапае. Адначасова з добраўпарадкаваннем вядзецца рэканструкцыя гасцініцы “Ліпічанка” пад гандлёва-сэрвісны цэнтр. Затым бліжэйшым часам будзе адрамантавана стэла і ўваходная пляцоўка да помніка “Дзеці ліхалецця”, што на дзятлаўскіх могілках.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ