Да юбілея – віншаванні і падарункі

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Стала добрай традыцыяй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу віншаваць з юбілейнымі святамі старанных працаўнікоў, занятых у сельскай гаспадарцы.

Гэтымі майскімі днямі віншаванні прымалі Людміла Дрыгваль і Алена Гамарц. Жанчын аб’ядноўвае не толькі праца ў КСУП “Вензавец”, а і прафесія – аператар машыннага даення, да таго ж, яны равесніцы – нарадзіліся ў 1960-ым.

Амаль 27 гадоў адпрацавала на малочнатаварнай ферме “Вензавец” Людміла Рыгораўна Дрыгваль. Цяпер яна ў чарговым водпуску, але, як сыдзе яго час, зноў вернецца ў свой калектыў, на ферму, дзе за ёй замацавана група ў 52 каровы.

Працаваць на ферму Людміла Рыгораўна прыйшла таму, што сталоўка, дзе яна карміла калгаснікаў, была адчынена толькі летнім часам, а зімой жанчына шукала заробак. Трэба ж было гадаваць траіх дзяцей. Падмяняла працаўніц на ферме, а потым ёй прапанавалі застацца на пастаянна. Так повар і загадчыца сталоўкі стала аператарам машыннага даення.

Людміла Рыгораўна – з мясцовых жыхароў: тут працавалі яе бацька і маці,тут падымала разам з мужам на ногі дзяцей. Цяпер яна яшчэ і “бабуля-гераіня” – мае пяцёра ўнукаў.

Па словах кіраўніка КСУП “Вензавец” Ігара Гульніка, на такіх працаўніцах, старанных і адказных, трымаюцца калектывы фермаў. З цягам часу ўмовы працы работнікаў на ферме “Вензавец” прыкметна палепшацца: тут вядзецца рамонт стойлавага абсталявання, водапаення жывёлы. Таму Ігар Барысавіч, віншуючы з юбілеем, выказаў спадзяванне, што Людміла Рыгораўна яшчэ папрацуе на абноўленай ферме шмат гадоў.

Павіншаваць працаўніцу з адметнай падзеяй у жыцці прыязджалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Гранкоўскі, старшыня прафкама КСУП “Вензавец” Ірына Бушчык.Кожны з іх выказаў юбілярцы пажаданні здароўя, аптымізму, бадзёрасці. Ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Рыгораўна Дрыгваль атрымала Ганаровую грамату і грашовую прэмію. Прафкам гаспадаркі таксама прыгатаваў да юбілея памятны падарунак.

Другую майскую юбілярку мы сустрэлі на працы. Пакуль у клопатах быў  перапынак, ля фермы сабраўся невялікі калектыў. На малочнатаварнай ферме “Явар” цяпер заняты пяць асноўных і дзве падменныя даяркі.

Пра ўвесь калектыў, а працуюць тут Таццяна Венская, Марыя Гульнік, Алена Клімко, Ірына Гульнік, Святлана Альшэўская, Алена Рудзік і юбілярка Алена Гамарц, загадчыца фермы Ганна Манкевіч адзываецца проста: надзейны.

Нават не ў лепшых умовах цяпер надойваюць жанчыны па 11 літраў ад кожнай з 238 кароў. Ферма “Явар” “плюсуе” на два кілаграмы ў параўнанні з леташнім перыядам. На сёння яна ў лідарах па гаспадарцы.

На гэтай ферме Алена Канстанцінаўна Гамарц працуе больш за 20 гадоў. Яна таксама з мясцовых, але ў маладосці жыла ў Адэсе, на Украіне, была чалавекам гарадскім. Калі ж вярнулася на радзіму, у Белякі, то стала працаваць падменнай даяркай. Так неўпрыкметку мінулі 20 гадоў.

З нагоды юбілея прысутныя на ўшанаванні зычылі Алене Канстанцінаўне заставацца такой жа шчырай, добрай, прыемнай у стасунках жанчынай. І, вядома ж, каб не падводзіла здароўе, каб у жыцці было яшчэ шмат адметных юбілеяў. Ну, а на памяць пра гэты застануцца ўзнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарунак ад прафкама гаспадаркі.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup