Аляксей Калашнікаў – салдат, кіраўнік, чалавек

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета Аляксею Калашнікаву споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.

Вельмі няпроста пісаць пра чалавека, якога не толькі ніколі не бачыў, але нават і ў часе не перасякаўся.

Сама прыехала на Дзятлаўшчыну і працавала карэспандэнтам па сельскай гаспадарцы ў газеце “Перамога” ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя, калі знакаміты калгас “Расія” ўзначальваў ужо Пётр Пятровіч Свіб. А пра Аляксея Ягоравіча Калашнікава, зразумела, чула, і шмат добрага, але ўсё неяк сцерлася з памяці, забылася, толькі агульнае ўражанне засталося станоўчае – ён падымаў калгас і вывеў яго ў шэраг лепшых не толькі ў маштабах раёна.

А тут такая ўдача: у музей завітаў Вацлаў Браніслававіч Залеўскі, прынёс экспанаты. Слова за слова – і аказалася, што ён працаваў некалі з Калашнікавым, можна сказаць, быў яго маладым сябрам, вучыўся ў яго. Калісьці, у далёкім 1969 годзе будучы аграном Залеўскі прыехаў на практыку ў калгас “Расія” Дзятлаўскага раёна, на сваю малую радзіму. Трапіў у брыгаду знакамітага агранома Вольгі Сцяпанаўны Пакроўскай. Вацлаў Браніслававіч Залеўскі ўспамінае цікавы выпадак збліжэння са старшынёй. Практыкант ездзіў на матацыкле і ўвесь час каля хаты Калашнікава. Той кожны вечар выходзіў прагуляцца, бо пасля перанесенага інфаркту дактары раілі яму хадзіць пеша перад сном. Мудры старшыня ўжо разумеў, што Васіль Залеўскі (гэта ён назваў яго Васілём замест Вацлава, бо, рускаму па нацыянальнасці, Калашнікаву гэта імя было больш звыклым, імя так і прыжылося за Залеўскім). І вось аднага разу перастрэў ён матацыкліста і запрашае на шпацыр. Ідуць да асфальтаванай дарогі на Дзятлава і назад, размаўляюць пра справы калгаса, і Калашнікаў заводзіць размову пра ядловец у Курпешскім лесе каля помніка загінулым у часы Вялікай Айчыннай вайны. Трэба, маўляў, той ядловец сцягнуць і падрыхтаваць месца пад азімыя. Можа, правяраў, прыглядаўся да будучага агранома. Васіль Залеўскі ўсё арганізаваў, і восенню на тым месцы калгас сапраўды пасеяў азімыя. А потым па размеркаванні Залеўскі прыехаў працаваць у “Расію”, хоць яго вельмі хацелі забраць у Віцебскую вобласць прадстаўнікі аднаго калгаса. І працаваў Вацлаў Браніслававіч Залеўскі разам з Аляксеем Ягоравічам Калашнікавым з 1969 па 1982 год.

– Чаму Вы навучыліся ў Аляксея Ягоравіча? – пытаюся ў свайго субяседніка.

– Найперш добрым адносінам да людзей, асабліва тых, хто стараўся працаваць, усёй душой хваляваўся за справу. Аляксей Ягоравіч умеў падтрымаць чалавека, заахвоціць, аддзячыць рублём, матэрыяльнай дапамогай. Праца з Калашнікавым стала для мяне школай кіраўніцтва. Ён навучыў мяне рабіць усё добра і надоўга. Грунтоўна, можна сказаць. Сам жа ён таксама быў чалавек добры, не зласлівы. Мог пагарачыцца, але хутка мякчэў, гаварыў праз пару хвілін пра справу, як бы і не было нічога. Аляксей Ягоравіч давяраў моладзі, на самых адказных участках у калгасе “Расія” былі маладыя. Разам са мной працавалі Іван Кавальчук, Казімір Сёмуха. Усе мы вучыліся ў Калашнікава гаспадарыць.

Ёсць у архівах нашага музея і ўспаміны Вольгі Сцяпанаўны Пакроўскай, заслужанага агранома БССР, якая таксама шмат гадоў працавала з Калашнікавым. Яна піша: “Прыняў калгас Калашнікаў у 1954 годзе, хаця мог бы паехаць і ў раён, куды яго запрашалі на пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Але ён выбраў “Расію”, гаспадарку на той час небагатую, ды і трыццацітысячнікаў, якім ён з’яўляўся, шчыра кажучы, тады не накіроўвалі ў перадавыя калгасы. Ураджаі на той час у нас былі невысокія, з гектара збіралі па 5-7 цэнтнераў зерня. Але ўжо ў 1975 годзе, складаным па кліматычных умовах, сабралі 25 цэнтнераў з гектара зерневых і зернебабовых, план здачы збожжа дзяржаве быў выкананы на 377 працэнтаў.

Усе лічылі Калашнікава чалавекам прынцыповым. Гэта сапраўды было так. Калі хто-небудзь праштрафіцца, ён умеў строга спытаць з яго, і тут ужо бяссільныя любыя заслугі. Умеў Аляксей Ягоравіч, калі трэба, і падтрымаць чалавека, падтрымаць у ім веру ў свае сілы. Не раз на сходах ён звяртаўся да нас, маладых спецыялістаў: “Памятайце, калгас – гэта не армія. У арміі ёсць загады і статуты. Мы ж павінны даваць людзям заданні. І рабіць гэта трэба так, каб калгаснік мог праявіць сваю асабістую ініцыятыву, спадзявацца на поспех”. Старшыня строга прытрымліваўся гэтых запаведзяў, нярэдка асабістым прыкладам вёў за сабой людзей. Успамінаецца такі выпадак. Неяк у час мантажу абсталявання на новым збожжаскладзе не ладзілася работа. Наладчыкі ніяк не маглі правільна ўстанавіць збожжаачышчальную машыну. Многія нават пакінулі работу, сказаўшы: няхай едуць спецыялісты з “Сельгастэхнікі” і зробяць, а нам што мучыцца. Вось у гэты час туды зайшоў Аляксей Ягоравіч. Даведаўшыся, у чым справа, ён рашуча скінуў пінжак і сказаў: “ А ну, давайце паспрабуем разам!”. Гледзячы на ўпэўненыя дзеянні кіраўніка, паверылі ў свае сілы і рабочыя, дружна ўзяліся за працу і праз якую гадзіну машына была ўстаноўлена. І такіх прыкладаў, калі кіраўнік натхняў на справу, была процьма. Ён умеў пераканаць калгасніка зрабіць тое, што патрэбна калгасу, Радзіме, зрабіць сёння больш, чым учора. Такі ён быў”.

Аляксей Ягоравіч зрабіў значны ўнёсак у развіццё Дзятлаўшчыны, яго імя навечна запісана ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Гэта быў чалавек, які працаваў на буйных заводах, ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарыў мудра і самааддана да апошніх гадоў свайго жыцця. І быў ён не мясцовы, не “свой”, аднак стаў блізкім і родным для многіх дзятлаўчан і жыхароў раёна.

Аляксей Ягоравіч Калашнікаў нарадзіўся 10 сакавіка 1920 года ў вёсцы Аннаўка Вялікаміхайлаўскага раёна Курскай вобласці ў сям’і селяніна.

Сваю працоўную дзейнасць пачаў у жніўні 1936 года ў родным калгасе “Новы шлях”. У гэтым жа годзе шаснаццацігадовы хлопец накіраваўся ў Харкаў насустрач новаму жыццю. У Харкаве паступіў у школу фабрычна-завадскога вучнёўства на завод “Серп і молат”. Днём працаваў, вечарам вучыўся. Стаў слесарам. Уступіў у камсамол. Тут жа атрымаў першую рабочую загартоўку, якая замацавала ў яго характары чуласць і сяброўства, волю і настойлівасць, патрабавальнасць да іншых і штодзённую неабходнасць падставіць плячо, прыйсці на дапамогу таварышу.

У тыя гады працаваў Аляксей Ягоравіч на Харкаўскім трактарным і паравозабудаўнічым заводах.

У сакавіку 1939 года паступіў на вучобу ў Чугуеўскае ваенна-пяхотнае вучылішча, а калі быў аб’яўлены камсамольскі прызыў у Чырвоную Армію, малады рабочы стаў салдатам.

Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Харкаве. У час адной з варожых бамбёжак горада Аляксея Калашнікава моцна кантузіла. З баявымі сябрамі давялося расстацца: яго накіравалі ў омскі шпіталь. Перажываў баец, што не можа разам з аднапалчанамі біць ворага.

І вось доўгія дні шпітальнага жыцця скончыліся. У лютым 1942 года камандаванне накіроўвае Калашнікава ў 1-ае Омскае ваенна-тэхнічнае вучылішча імя М. В. Фрунзе. А ўжо ў жніўні ўзнікла неабходнасць вярнуцца на фронт: вораг імкнуўся авалодаць Сталінградам, каб выйсці на новыя рубяжы.

Старшы сяржант Аляксей Калашнікаў ваяваў у складзе 62-й стралковай дывізіі ў якасці памочніка камандзіра ўзвода ПТР. Быў паранены. Трапіў у шпіталь, пасля лячэння ў якім прайшоў перакваліфікацыю і ў пачатку сорак трэцяга года быў накіраваны ў адзін з вучэбных танкавых палкоў. Паступіў у распараджэнне камандавання 517-га асобнага агнямётнага танкавага батальёна, які ў той час дзейнічаў у складзе войск Стэпавага фронту. З чэрвеня 1944 года – на III Беларускім фронце, у 11-ай гвардзейскай арміі генерала Галіцкага.

Аляксей Ягоравіч удзельнічаў у прарыве абароны праціўніка ў раёне Асінторфа, узяцці Оршы, Талачына, Барысава, абходзе Мінска. Далей баявы шлях ляжаў праз Маладзечна, Смаргонь, Алітус, Прэнай і іншыя гарады – да мяжы з Усходняй Прусіяй у раёне горада Шырвіндт. У танкавым палку Аляксей Калашнікаў быў памочнікам камандзіра ўзвода разведкі. Для ўзвода небяспека была асаблівая: танкі разведкі павінны былі заўсёды ісці наперадзе, каб праверыць магчымасць далейшага руху асноўных сіл.

У канцы чэрвеня 1945 года танкавае падраздзяленне прыбыло ў Дзятлава, дзе знаходзілася прыкладна год. Аляксей Калашнікаў сустрэў тут сваё каханне ды так і застаўся ў Беларусі.

За гераізм і адвагу, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Аляксей Калашнікаў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, медалём “За адвагу”, медалямі за абарону або ўзяцце гарадоў.

Пасля дэмабілізацыі, у 1946 годзе, Аляксей Калашнікаў паступіў на работу загадчыкам гаспадаркі Дзятлаўскага спецыяльнага дзіцячага дома № 1. У красавіку 1947 года ён прызначаецца загадчыкам Дзятлаўскага раённага Дома культуры. З лістапада 1950 года па верасень 1953 года працуе загадчыкам культпрасветаддзела Дзятлаўскага райвыканкама, а потым прапагандыстам і інструктарам Дзятлаўскага РК КПБ.

У верасні 1954 года Аляксей Ягоравіч, як трыццацітысячнік, вылучаецца на пасаду старшыні калгаса “Перамога”(з 1956 – калгаса “Расія”), дзе і працаваў да выхаду на пенсію. Менавіта на гэтай пасадзе раскрыўся ўвесь талент яго арганізатарскай і кіраўнічай дзейнасці. Пад кіраўніцтвам Аляксея Калашнікава год ад года ўмацоўвалася эканоміка гаспадаркі, рос дабрабыт сельскіх працаўнікоў. Пры яго кіраўніцтве калгас “Расія” стаў адной з лепшых гаспадарак ў краіне. За дасягнутыя поспехі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, развіцці сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў гаспадаркі калгас неаднаразова ўзнагароджвалі пераходзячымі Чырвонымі сцягамі, Ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Знаходзячыся на пасадзе старшыні калгаса “Расія”, Аляксей Ягоравіч завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна.

1 снежня 1984 года, пасля працяглай хваробы, на 65-м годзе жыцця Аляксея Ягоравіча Калашнікава не стала. Але памяць аб ім жыве: яго імем названа вуліца ў вёсцы Раклевічы Дзятлаўскага раёна, у нашым музеі экспануюцца матэрыялы аб ім, а ў 2008 годзе Аляксей Калашнікаў быў занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

Заслугі А. Я. Калашнікава перад Радзімай высока адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. За сваю працу ён атрымаў ордэны Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, многія медалі, сярод якіх і юбілейны медаль “За працоўную доблесць. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”. Аляксея Ягоравіча выбіралі дэлегатам XXV з’езда КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам абкама і райкама КПБ, дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў.

Людзей здзіўляла яго грамадская актыўнасць, працаздольнасць, імкненне зрабіць жыццё лепшым.

У гэтым годзе Аляксею Ягоравічу споўнілася б 100 гадоў. Сапраўды, юбілей, варты ўвагі і памяці. Памяці людзей, якія пра яго не забыліся, і тых, хто можа толькі прачытаць артыкул і падумаць пра тое, як важна пакінуць пасля сябе сляды на зямлі. Сляды сваіх спраў на карысць людзям і краіне.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: