Памяці Уладзіміра Логаша

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На 87-м годзе жыцця памёр наш вядомы зямляк, будаўнік, грамадскі дзеяч, былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Уладзімір Міхайлавіч Логаш

Імя Уладзіміра Логаша асацыіруецца з многімі значнымі будоўлямі Гродзеншчыны, узвядзеннем ці капітальны рамонтам аб’ектаў. На Дзятлаўшчыне з яго імем цесна звязана гісторыя адкрыцця мінеральных водаў і будаўніцтва санаторыя “Радон” – аднаго з самых вядомых бальнеагразевых кліматычных курортаў нашай рэспублікі.

Уладзімір Логаш нарадзіўся 10 снежня 1932 года ў вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння школы атрымаў вышэйшую будаўнічую адукацыю ў Беларускім політэхнічным інстытуце горада Мінска. Першым месцам працы нядаўняга студэнта стаў будаўнічы трэст № 19 горада Ліды, дзе Уладзімір Міхайлавіч прайшоў шлях ад прараба да кіраўніка арганізацыі.

Уменне Уладзіміра Міхайлавіча знаходзіць правільныя рашэнні пры выкананні складаных задач было заўважана вышэйшым кіраўніцтвам. У 1969 годзе ён быў прызначаны на пасаду старшыні Лідскага гарвыканкама, якую займаў да 1980 года.

Пасля Ліды лёс звязаў Уладзіміра Логаша з горадам Гродна, дзе ён загадваў аддзелам будаўніцтва Гродзенскага абкама партыі, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

На працягу ўсяго жыцця Уладзімір Міхайлавіч з вялікай цеплынёй адносіўся да сваёй малой радзімы, цікавіўся справамі на Дзятлаўшчыне, дапамагаў у вырашэнні розных пытанняў. Так, у 1967 годзе, калі кіраваў будоўляй Лідскага лакафарбавага завода, дзе па неабходнасці ажыццяўляўся водазабор з падземных крыніц трыма свідравіннымі ўстаноўкамі мінскага трэста “Прамбудвод”, на Дзятлаўшчыне, у калгасе “Расія”, выйшла са строю свідравіна. На дапамогу землякам Уладзімір Логаш накіраваў адну з установак. Менавіта пасля бурэння новай свідравіны былі адкрыты радонавыя воды. Пазней адным з ідэйных натхняльнікаў будаўніцтва санаторыя “Радон” стаў менавіта Уладзімір Міхайлавіч, а падрадчыкам на ўзвядзенні санаторыя з’яўлялася структурная арганізацый Лідскага будаўнічага трэста № 19. У 1993 годзе “Радон” прыняў першых наведвальнікаў, а Уладзімір Логаш да апошніх сваіх дзён заставаўся добрым сябрам калектыву санаторыя.

Шмат значных задач звязвала Уладзіміра Міхайлавіча з калгасам “Расія” Дзятлаўскага раёна, за якім быў замацаваны наш зямляк. Ён дапамагаў аграрыям і справамі, і добрымі парадамі, прадстаўляў іх інтарэсы на розных узроўнях улады.

З вялікай пашанай Уладзімір Логаш адносіўся да роднай вёскі Ахонава. Тут з яго ініцыятывы і пры яго садзейнічанні была пабудавана новая царква.

У памяці землякоў, сяброў і калегаў Уладзімір Міхайлавіч Логаш назаўжды застанецца чалавекам ініцыятыўным, творчым, мэтанакіраваным. Ён не баяўся ставіць складаныя мэты і дасягаць іх, а таму пакінуў значны след на Зямлі. Плён яго справаў і сёння прыносіць карысць людзям і будзе прыносіць яе яшчэ дзясяткі гадоў.

Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт і Дзятлаўскі раённы Савет дэпутатаў выказваюць шчырыя спачуванні жонцы, дзецям, родным і блізкім Уладзіміра Міхайлавіча, усім, хто ведаў яго, працаваў з ім, любіў гэтага выдатнага чалавека.