Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Маладосць у фашысцкім палоне (+відэа)

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

11 красавіка па ўсім свеце адзначаецца Міжнародны Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый зацвердзіла яго ў аб памяць знакавай гістарычнай падзеі. У гэты дзень у 1945 годзе вязні канцлагера “Бухенвальд”, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных войскаў, паднялі ўзброенае паўстанне супраць гітлераўцаў і выйшлі на свабоду.

Напярэдадні адметнай даты і 75-годдзя Вялікай Перамогі работнікі Сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва горада Дзятлава наведалі Валянціну Ігнатаўну Башко, якая ў юным узросце была вывезена ў Германію на прымусовыя работы.

Столькі гадоў мінула з тае пары! А ўспаміны пра голад, холад і адчайнае жаданне жыць паўстаюць у памяці, быццам гэта было ўчора.

“Вайну мы з малодшым братам сустрэлі сіротамі: тата памёр, калі мне было чатыры гады, а ў 1940 годзе не стала мамы,” – узгадвае жанчына.

І надышоў 1941-ы. Чорным каршуном спусцілася вайна на нашу зямлю. Фашысты прыйшлі на Дзятлаўшчыну, і пацягнуліся нуднай чарадою цягнікі, што везлі ў Германію на прымусовыя работы маладых людзей. У адным з вагонаў ехала Валянціна Башко:

“Выязджалі 23 жніўня, помню, было вельмі горача. Нас везлі ў Германію ў таварных вагонах усіх разам. Як прывезлі на месца, загналі ўсіх у лазню, павесілі асабістыя нумары на шыю кожнаму”.

Валянціну Ігнатаўну размеркавалі ў Берлін, у лагер “Груневальд”, дзе разам з іншай моладдзю яна жыла ў казарме, працавала пры чыгуначнай станцыі. Задачай вязняў было прыбіранне самой станцыі і вагонаў, якія сюды прыходзілі.

Самыя яркія ўспаміны пра тыя гады, па словах самой Валянціны Башко, гэта моцнае пачуццё голаду і холаду. Разам з іншымі зняволенымі, як маглі, стараліся здабыць сабе харчаванне:

“Норма ежы на дзень была кілаграм хлеба на дванаццаць чалавек, давалі яшчэ якой баланды, але маладому чалавеку гэта не наедак. Калі прыходзіў пасажырскі цягнік, у салоне якога трэба было прыбіраць, імкнуліся як мага хутчэй патрапіць у вагоны, каб адшукаць рэшткі прадуктаў, пакінутых пасажырамі. Але тут калі патрапішся на вочы паліцэйскім, атрымаеш плёткай па плячах. Помню, прыходзілі на станцыю і таварныя платформы з агароднінай. Мы, маладыя, падскоквалі з платформы, каб ухапіць хоць пару буракоў або бульбін”.

Адзенне, у якім моладзь прыехала ў Германію, ў хуткім часе знасілася. Наўзамен выдалі тонкую, у адзін слой, спецоўку, у якой працаваць ноччу было вельмі холадна. Хаб хоць крыху сагрэць адзін аднаго, вязні збіраліся ў адным вагоне ўпотай, каб не быць заўважанымі і пакаранымі наглядальнікамі.
Як змаглі, прывыклі, прыстасаваліся да холаду і голаду, да штодзённай працы і частых пакаранняў. Жылі дзень за днём з надзеяй і чаканнем на вяртанне дадому.

Вызваленне набліжалася, і прыходзіла яно з бамбардзіроўкамі. Амаль штодня хадзілі пад бомбамі як мясцовыя жыхары, так і вязні. Валянціна Ігнатаўна ўзгадвае, што за кароткі час Берлін ператварыўся ў руіны. Часам, каб перачакаць такія налёты, немцы зганялі вязняў у бамбасховішча. Калі бамбёжка была знянацку, хаваліся, дзе маглі. У адзін з такіх дзён прыйшло чаканае вызваленне.

Быў красавік пераможнага года. Вязні сядзелі ў бамбасховішчы пад зямлёй, калі прайшла чарговая бамбардзіроўка, і ўсё сціхла. Ніхто не ішоў іх забіраць са схованкі, і маладыя людзі наважыліся выйсці самі. Выбраліся на паверхню – і сустрэлі рускіх разведчыкаў.

“Першае, што зрабілі салдаты, гэта накармілі нас. Выламалі дзверы ў складзе з правіянтам і раздалі ежу людзям. Мы, хто гадамі недаядаў, узяліся за ежу, не падумаўшы, што нашы знясіленыя за гады страўнікі не справяцца з ёю. Як жа моцна нам балелі жываты!..”

Дахаты Валянціна Ігнатаўна Башко патрапіла не адразу. Вязняў пагрузілі на машыны для адпраўкі на Радзіму. Адзінаццаці чалавекам, у тым ліку і самой жанчыне, не хапіла месца.

“Да вечара мы чакалі, што машына вернецца за намі, але гэтага не адбылося. Тады савецкі афіцэр прапанаваў перавесці нас праз лінію фронту. Маўляў, там ужо і людзі свае, і кухня ёсць, не прападзём”.

На сваёй зямлі, ужо ў тыле, жанчына працавала разам з былымі вязнямі: тыя пасвілі і даілі кароў, каб апраўляць на фронт малочныя прадукты,  а яна гатавала ежу для работнікаў.

Нарэшце ў 1947 годзе выпала вярнуцца ў родныя мясціны, на Дзятлаўшчыну.

“На той час з-за лініі фронту везлі розныя рэчы ў таварных вагонах. У адзін з іх пагрузілі і нас, – распавядае Валянціна Ігнатаўна. – выязджалі мы сёмага студзеня, а прыехалі шаснаццатага лютага”.

Жанчыну прытуліла сястра, якая гадавала чацвярых дзяцей, страціўшы мужа на фронце. На шчасце жанчыны, яе брат, якога ў вайну вывезлі фашысты з лагера ў Наваельні, ужо паспеў вярнуцца дадому.

Тыя, хто прайшоў вайну і выжыў, ведаюць цану міру на Зямлі. Летась Валянціна Ігнатаўна Башко адзначыла 95-гадовы юбілей, які сустрэла на роднай зямлі побач са сваімі блізкімі. Завяршаючы аповед пра страшныя, складаныя ваенныя гады, жанчына ад душы пажадала сённяшняму пакаленню:

“Што б ні было, не дай вам Бог пабачыць вайну, нікому і ніколі”.

Наталля АВЯРЧУК
Відэа прадастаўлена Сектарам пазастацыянарнага абслкгоўвання насельніцтва горада Дзятлава