Моладзь працавала на мемарыяле “Дзеці ліхалецця”

Важнае Грамадства

У рамках рэспубліканскага суботніка і акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” прыняў рашэнне сабраць групу з ліку працоўнай моладзі для ўборкі на мемарыяле “Дзеці ліхалецця”, што на гарадскіх могілках у Дзятлаве.

25 красавіка валанцёры моладзевай арганізацыі накіраваліся на аб’ект добраўпарадкавання. У склад працоўнай групы ўвайшлі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, бухгалтар арганізацыі Наталля Маркава, настаўніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Таццяна Пазняк, інструктар-метадыст Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Кацярына Скрабук. Валанцёры падмялі каля мемарыяла і на дарожках, сабралі смецце вакол яго, выдалілі расліннасць, пачысцілі плітку.

– Штогод моладзь Дзятлаўшчыны актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, – расказала Кацярына Хілімончык. – Сёлетні год – юбілейны: пад мірным небам Беларусі мы сустракаем ужо 75-ую вясну. Бязмежна ўдзячны за гэта пакаленню, якое адстаяла для нас мір і свабоду, шчыра ўшаноўваем памяць тых, каму не давялося дажыць да светлага Дня Перамогі. Усё гэта – наша гісторыя, і маладому пакаленню трэба захаваць яе, перадаць яе сваім дзецям.

Першым для добраўпарадкавання мы выбралі помнік “Дзеці ліхалецця” на гарадскіх могілках. Тут пахаваны дзеці, якія сталі ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны. Перад гэтай трагедыяй яны аказаліся безабароннымі. Наш абавязак – памятаць пра іх і зрабіць усё, каб падобная бяда не паўтарылася.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй мы выйшлі невялікай працоўнай групай, але з запланаванай работай справіліся. Мерапрыемствы ў рамках акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” у нашым раёне будуць прадоўжаны. Да акцыі далучацца і іншыя пярвічкі ГА “БРСМ” Дзятлаўшчыны. Саюзная моладзь раёна будзе наводзіць парадак каля помнікаў, манументаў, брацкіх магіл у сваёй мясцовасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: