Каго ўзнагародзяць юбілейным медалём?

Важнае Грамадства

9 мая Беларусь адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да гэтай юбілейнай даты па ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў”. Якім будзе медаль і хто будзе адзначаны ўзнагародай, карэспандэнтка газеты “Перамога” пацікавілася ў ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Генадзя Сураўца.

– Юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў” (далей – юбілейны медаль) вырабляецца з латуні і мае форму круга з борцікам дыяметрам 32 міліметры. На вонкавым баку юбілейнага медаля размешчана кампазіцыя: воін-пераможца са сцягам, партызан з аўтаматам ва ўзнятай руцэ і жанчына з букетам кветак. Зверху кампазіцыі: па баках – выява салюта, у цэнтры – лічбы “1945–2020”. На адваротным баку юбілейнага медаля ў цэнтры размешчаны надпіс “75 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945”, лаўрова-дубовы вянок, абвіты стужкай. Усе элементы юбілейнага медаля рэльефныя. Юбілейны медаль злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай шаўковай муаравай стужкай з элементамі расфарбоўкі стужак калодак медалёў “За адвагу” і “Партызану Айчыннай вайны” I ступені. Стужка калодкі юбілейнага медаля блакітнага колеру, пасярэдзіне – палоска светла-зялёнага колеру, у цэнтры якой – палоска чырвонага колеру.

– Хто будзе ўзнагароджаны юбілейным медалём?

– Юбілейным медалём узнагароджваюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны; былыя вязні фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны; ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, работнікі дзяржаўных органаў і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, увекавечанне памяці загінулых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

– Хто правядзе працэдуру ўзнагароджання юбілейным медалём у нашым раёне?

– Узнагароджанне юбілейным медалём на Дзятлаўшчыне ажыццяўляюць ваенны камісар; кіраўнікі дзяржаўных органаў або па іх даручэнні іх намеснікі ці кіраўнікі іншых дзяржаўных арганізацый.

– Што яшчэ трэба ведаць пра юбілейны медаль “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў”?

– Асобам, якія ўзнагароджаны юбілейным медалём, выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору. Юбілейны медаль носіцца на левым баку грудзей форменнага або цывільнага адзення і пры наяўнасці іншых медалёў размяшчаецца пасля юбілейнага медаля “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: