Дапамога Чырвонага Крыжа і пошты

Галоўнае Грамадства

28 сакавіка ў нашай газеце быў надрукаваны артыкул “Прадукты і лекі з дастаўкай на дом”.

Тлумачылася, куды можна тэлефанаваць з просьбамі аб дастаўцы пакупак і лекаў для пажылых жыхароў раёна, якім пакуль рэкамендавана ўстрымлівацца ад наведвання людных месцаў.

На гэты раз карэспандэнтка газеты выехала ў гарадскі пасёлак Наваельня, каб даведацца, як там працуе сястра міласэрнасці Чырвонага Крыжа і чым работнікі мясцовага паштовага аддзялення дапамагаюць пажылым новаяльнянцам.

Медыка-сацыяльная служба “Дапамога”

У гарадскі пасёлак Наваельня накіраваліся са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галінай Касцюк. У Галіны Эдвардаўны была задача: даставіць сястры міласэрнасці Раісе Анушкевіч, якая працуе ў пасёлку з 24 лютага 2020 года адпаведна дзяржзаказу медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа “Дапамога”, дадатковыя медыцынскія маскі, пальчаткі, дэзынфікуючыя сродкі, а таксама халат, футболку з эмблемай арганізацыі і папку з інструкцыямі, як дзейнічаць ва ўмовах інфекцыі. Па дарозе старшыня аб’яднання паказала пластыкавыя карты-пасведчанні з QR-кодам, якія атрымаюць восем пастаянных валанцёраў нашага раёна, і расказала, як Чырвоны Крыж будзе падтрымліваць асабліва ўразлівыя катэгорыі грамадзян.

– Вызначаны дзве асноўныя групы людзей, якім будзе аказвацца дапамога, – патлумачыла Галіна Касцюк. – Першыя – падапечныя медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа “Дапамога”. Іх у раёне сем чалавек, усе новаяльнянцы. Гэта адзінокія пажылыя людзі ці тыя, хто жыве адзінока, інваліды. Дапамогу ім аказвае сястра міласэрнасці і валанцёры. Другая група фарміруецца па запытах Цэнтра сацабслугоўвання. Гэта пажылыя людзі, якія раней не мелі патрэбы ў дадатковай дапамозе, група рызыкі, якая павінна быць максімальна ізалявана ад кантактаў. Задача Чырвонага Крыжа – аказаць падтрымку сацыяльнай службе, арганізоўваючы з дапамогай валанцёраў дастаўку прадуктаў, лекаў, сродкаў гігіены за грошы саміх грамадзян.

Калі сястру міласэрнасці яе падапечныя добра ведаюць, то для валанцёраў распрацаваны пэўны алгарытм дзеянняў. Зроблена гэта, каб пазбегнуць выпадкаў махлярства ў адносінах да пажылых людзей. Перад візітам валанцёра сацработнік або прадстаўнік Чырвонага Крыжа тэлефануе заказчыку, называе час яго візіту, імя і прозвішча. Ужо на месцы валанцёр па тэлефоне ці дамафоне называе сябе, каля дзвярэй кватэры паказвае пасведчанне і перадае заказ, не ўваходзячы ў кватэру. Безумоўна, і валанцёры, і сястра міласэрнасці працуюць у масках, пальчатках, забяспечаны дэзсродкамі.

У Наваельні сястру міласэрнасці Раісу Анушкевіч мы засталі ў падапечных – пенсіянераў Канстанціна і Крысціны Шумскіх. Вырашылі пацікавіцца, якое значэнне для іх мае яе дапамога, не забыліся і пра меры бяспекі пры візіце.

– Раней мы з жонкай жылі ў Азяранах, – расказвае Канстанцін Іванавіч, – цяпер жонка ляжачая, і сын перавёз нас у Наваельню ў сваю свабодную кватэру, каб мець магчымасць дапамагаць. Дзеці нас вельмі падтрымліваюць, прадукты набываюць, ежу прыносяць пастаянна свежапрыгатаваную. Аднак яны працуюць, а ў мяне няма сілаў і здароўя самастойна на працягу дня клапаціцца пра жонку, таму дапамога сястры міласэрнасці вельмі дарэчы. Яна выконвае санітарныя працэдуры, корміць жонку, дае ёй лекі, прыбірае ў кватэры. Прыходзіць да нас двойчы на дзень па буднях, за што ёй вялікі дзякуй і шчырая павага.

Сама Раіса Анушкевіч расказала, што дапамагае ў Наваельні сямі падапечным, але можа дастаўляць лекі і прадукты іншым пажылым жыхарам пасёлка, калі ёсць такая неабходнасць.

Пенсіі, прадукты, аплата квіткоў

Поруч з валанцёрамі Чырвонага Крыжа і сацыяльнымі работнікамі пажылым людзям нашага раёна актыўна дапамагаюць паштальёны. Каб упэўніцца ў гэтым, мы з Галінай Касцюк схадзілі ў аддзяленне паштовай сувязі гарпасёлка Наваельня і прайшліся па некалькіх адрасах разам з мясцовым паштальёнам Аленай Бортнік.

– Як бачыце, працуем у масках і пальчатках, з дэзсродкамі, – патлумачыла па дарозе паштальён. – Пажылым людзям прыносім не толькі пенсіі, але і прадукты, іншыя тавары, якія яны заказваюць. Таксама праз работнікаў пошты можна аформіць падпіску, аплаціць камунальныя паслугі, тэлефонную сувязь. Прадукты заказваюць многія, асабліва калі атрымліваюць пенсію, сумы такіх заказаў могуць даходзіць да 40-50 рублёў. Вось і сёння нясу набор прадуктаў адной з жыхарак пасёлка.

Разам з Аленай Бортнік завіталі да новаяльнянак Галіны Крышаловіч і Ніны Грыцук. Галіна Касцюк, скарыстаўшыся момантам, расказала ім, як паводзіць сябе ва ўмовах цяперашняй эпідсітуацыі, і папярэдзіла наконт махляроў: прасіла абавязкова правяраць інфармацыю аб незнаёмых наведвальніках, якія прадстаўляюцца работнікамі розных службаў.

Цікава было даведацца ў новаяльнянак, ці задаволены яны работай паштальёна. Абедзве жанчыны станоўча ахарактарызавалі Алену Бортнік і пацвердзілі, што, дзякуючы яе адказным адносінам да справы, у іх няма ніякіх праблем з заказам тавараў ці ажыццяўленнем плацяжоў.

Як бачым, дапамога для пажылых жыхароў Дзятлаўшчыны можа прыйсці ў асобе паштальёнаў і валанцёраў. Многія ёю ўжо актыўна карыстаюцца.

Таксама варта нагадаць тэлефоны Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, куды можна звяртацца з просьбамі аб дастаўцы прадуктаў і лекаў на дом за грошы заказчыка: 6-11-84, 2-71-54 (у рабочыя дні), 2-67-83 (у выхадныя).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup