Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Цікавы экспанат: салдацкая лыжка

Важнае Грамадства

У наш час гісторыю пэўнага прадмета можна вывучыць ў асобным музеі.

Напрыклад, музей паштоўкі ці музей сталовага посуду. Пасля наведвання такіх месцаў надоўга застаецца шмат уражанняў. Але навошта кудысьці далёка ехаць, калі можна схадзіць у наш Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і знайсці тут шмат незвычайных прадметаў.

Найбольшую цікавасць цяпер, напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі, выклікаюць экспанаты ў залах вайсковай славы, якія распавядаюць пра Вялікую Айчынную вайну. Гісторыя ажывае на вачах: артылерыйская ўстаноўка, салдацкія асабістыя рэчы, знойдзеныя ў час перапахаванняў, нямецкія каскі, рэчы, якімі карысталіся партызаны Ліпічанскай пушчы, бінокль, біклажка і лыжка. Простая алюмініевая лыжка. Зусім, на першы погляд, непрывабны прадмет. Захацелася распавесці нашым землякам гісторыю гэтай лыжкі.

Чым далей ад нас саракавыя гады мінулага стагоддзя, тым складаней нам уявіць, як выжывалі людзі і салдаты ў той нялёгкі час. Кухня прыхарошвала многія бакі цяжкай салдацкай службы. Баявы настрой салдат не ў апошнюю чаргу ствараўся поварам, яго ўменнем, яго талентам і ўплывала гэта на ўздым духу, дапамагала каваць перамогу, спрыяла баявой падрыхтоўцы салдат. Бо прыём ежы для салдат быў не проста здаволеннем голаду. Гэта былі рэдкія хвіліны спакою і адпачынку, рэдкія хвіліны ваеннага побыту, калі салдат адчуваў задавальненне ад смачнага баршчу, гуляшу, кашы, ад стасункаў з іншымі, думаў пра сваіх блізкіх. У гэты момант надыходзіла псіхалагічная і фізічная рэлаксацыя – салдат адпачываў. “Салдат на фронце без лыжкі – галодны салдат, а галодны салдат – не баец”, гаворыць прыказка. А самі байцы казалі, што ў салдата пры сабе заўсёды павінна быць “зброя для бяды і зброя для ежы” гэта значыць, аўтамат і лыжка.

Што елі салдаты ў час Вялікай Айчыннай вайны? У салдат быў сутачны паёк, у розных радах войскаў былі розныя нормы. У асноўным у паёк уваходзілі наступныя прыпасы: хлеб жытні і пшанічны, супы з мясам, рыбай, агароднінныя, гатавалі кашы і макаронныя вырабы. У час наступленняў выдавалі сухі паёк, у якім былі кансервы, сала, хлеб і канцэнтраваныя супы і кашы. Часам нормы не выконваліся з-за недахопу прадуктаў ці немагчымасці іх дастаўкі да месца баёў. Тады даводзілася звяртацца да НЗ – недатыкальнага запасу, але і ў гэтым выпадку патрабавалася лыжка.

Салдацкая лыжка – сведка 1 418 кашмарных дзён і начэй вайны. На фронце ў кожнага салдата мелася ўласная лыжка, як правіла, узятая з дому, на памяць пра сям’ю. Выдавалася салдату ўстаўная алюмініевая лыжка выпуску завода “Чырвоны выбаржац”, маркіраваная таўром. У кожнага салдата аднолькавы набор рыштунку, з гэтым рыштункам трэба нешта рабіць, каб яго адрозніваць. Тут ужо ішла ў ход фантазія, хто што прыдумае:  хтосьці маляваў на лыжках, хтосьці яе проста некалькі разоў перакручваў. Гэтак жа выкарыстоўваліся любыя лыжкі, якія мог дастаць салдат: драўляныя, алавяныя, латуневыя, алюмініевыя, сярэбраныя. Калі не было магчымасці знайсці завадскую, то іх рабілі з дапаможных матэрыялаў. Прасцей за ўсё было выразаць з дрэва, але выраблялі і з алюмінію або волава ліццём. Часам лыжкі майстравалі з іншых матэрыялаў, напрыклад, з бляхі. Гэтыя кухонныя прылады ўпрыгожвалі подпісамі і малюнкамі.

Звычайная алюмініевая лыжка накарміла не адну роту салдат. Лёгкая і практычная, прайшла яна самыя суровыя палявыя выпрабаванні і ўмовы.

З успамінаў франтавіка:

“У кожнага салдата ў той час была за халявай бота лыжка, як мы яе называлі, “шанцавы інструмент” – алюмініевая штампоўка. Але павінен сказаць, што яна выконвала ролю не толькі сталовага прыбора, але і была свайго роду “візітнай карткай”. Тлумачэнне гэтаму такое: існавала павер’е, што калі ты носіш у задняй кішэні салдацкі медальён, маленькі чорны пластмасавы пенал, у якім павінна ляжаць запіска з данымі (прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, адкуль закліканы), то цябе абавязкова заб’юць. Таму большасць байцоў проста не запаўнялі гэты лісток, а некаторыя нават выкідалі сам медальён. Затое ўсе свае даныя выдрапвалі на лыжцы. І таму нават цяпер, калі  знаходзяць астанкі салдат, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, іх прозвішчы ўзнаўляюць менавіта па лыжках.

З прычыны таго, што лыжку насілі за халявай або за абмоткай салдацкага чаравіка, яе вельмі лёгка было згубіць. І калі ўзнікала такая праблема, замяніць лыжку ў баявых умовах не было чым, таму даводзілася займацца вырабам. Большае распаўсюджванне ў тэхнічных войсках атрымалі самаробныя лыжкі, якія вырабляліся ў майстэрнях. За кошт таго, што ў танкавых часцях былі майстэрні-лятучкі, там служылі механікі, яны былі “рукастыя і галавастыя” хлопцы. Выраблялася простая форма ў пяску, туды адліваўся алюміній з разбітых рухавікоў і самалётаў, увогуле, да чаго дацягнуцца можна было. З тых жа кацялкоў можна было рабіць лыжкі. Адлівалася, пасля абточвалася і выкарыстоўвалася ва ўжытку”.

Музеі – скарбонкі нашай памяці пра мінулае, якое ўжо сышло. Галоўная каштоўнасць музея – экспанаты. Кожны экспанат, як і чалавек, мае свой цікавы лёс, адметны характар.

Вось і алюмініевая лыжка, якая нас зацікавіла, мае няпростую гісторыю. Знойдзена яна ў 1968 годзе каля хутара Кляшчы ў час раскопак на месцы пахавання ўдзельнікаў першага бою за Дзятлава, што адбыўся 28-29 чэрвеня 1941 года. Бой быў жорсткім, усе чырвонаармейцы загінулі. Іх, чатырнаццаць чалавек, пахавалі жыхары хутара ў брацкай магіле недалёка ад дарогі з Дзятлава на Хадзяўляны, а пазней іх перапахавалі каля абеліска ў Дзятлаве. Сярод загінулых быў лейтэнант Міхаіл Аляксеевіч Лебедзеў.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: