Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Абутак ваенных часоў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вайна прынесла мірным жыхарам шмат выпрабаванняў, аднымі з якіх былі, безумоўна, праблемы з харчаваннем, адзеннем і абуткам.

Звернемся сёння да абутку. Набыць яго не было дзе, таму даводзілася карыстацца тым, што было ў сям’і, перашываць, перарабляць, майстраваць. Рабілі гэта і самастойна, хто як умеў, і прасілі майстроў, спецыялістаў. Абы было з чаго. Аднак патрэбны матэрыял не заўсёды знаходзілі, і тады прызвычаіліся рабіць самаробны абутак: пасталы ці дзеравяшкі. Не заўсёды зручна, не заўсёды цёпла, але ўсё ж нейкі прытулак нагам.

І перш чым пазнаёміць вас з такім абуткам з фондаў і экспазіцыі нашага музея, звернемся да гісторыі самаробнага абутку беларусаў.

На тэрыторыі Беларусі найбольш былі пашыраны поршні (пасталы), простыя і ажурныя, зробленыя з аднаго (пазней з двух) кавалка скуры. У поршнях па баках і ў наску праразалі дзіркі, у якія працягвалі скураны раменьчык або пяньковую вяровачку (абору) для мацавання на назе. У розных варыянтах такі абутак праіснаваў (пераважна ў вясковага насельніцтва) да пачатку XX стагоддзя.

Поршні ад сучаснага абутку адрозніваюцца адсутнасцю цвёрдых дэталяў (падэшвы, задніка, абцаса), патрабавалі ручной работы, спецыяльных інструментаў. Рабілі ў тэхніцы “вываратка”: з 4-вугольнага кавалка скуры сшываўся верх абутку і выварочваўся наадварот. Вядомыя з дагістарычных часоў і выкарыстоўваліся ў вясковага насельніцтва да пачатку 20 стагоддзя пад назвамі “пасталы”, “хадакі”, “поршні”. На Гродзеншчыне “поршні” былі вельмі простымі, без дэкаратыўнага аздаблення, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў Беларусі. Карысталіся вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва, таму да сённяшняга часу захаваўся нават зварот адзін да аднаго “шавялі паршнёй”, што значыць “ідзі хутчэй”.

Пасталы – абутак, які выратоўваў чалавека ў самыя экстрэмальныя перыяды гісторыі: войны, плен, высылкі “ворагаў народа”, калектывізацыя.

Чаравікі кроілі з 2-3 кавалкаў скуры, якія сшывалі патайным швом паміж сабой і прышывалі да падэшвы вываратным спосабам; халявы закрывалі шчыкалатку, мацаваліся раменьчыкам, прасунутым у проразі па верхнім краі. Шылі таксама “коркавыя” чаравікі (нагадваюць сучасныя чаравікі на платформе) на абцягнутай скурай драўлянай калодцы таўшчынёй 1-2 см, падбітай па перыметры цвікамі.

Вяскоўцы, асабліва простыя, былі менш патрабавальныя, зусім не грэбавалі і вырабленымі саматужнікамі з лыка, скуры, вітушак, пянькі лапцямі. Ужываліся і дзеравяшкі як сезонны абутак. Самым даўнім абуткам са скуры і пляцёнак былі абгорткі (палатном абгортваліся ногі), прывязкі (з пянькі, конскага воласа, са скуры), меліся падэшвы і абцасы. Сярод абутку былі паўсядзённыя і святочныя (боты-выцяжкі, боцікі, шнуроўкі).

У XIX стагоддзі папулярнасць набываюць валёнкі з воўны, а пазней да іх, пашытых са шчыльнага палатна, пачалі ўжывацца самаробныя глыбокія галёшы (бахілы).

Сярод простых людзей распаўсюджанне мелі таксама дзеравяшкі. Насілі іх вясной і восенню. Былі двух тыпаў: выдзеўбаныя з кавалка дрэва башмакі, з круглым або завостраным наском, і камбінаваныя туфлі на нізкім і высокім абцасе, да драўлянай падэшвы якіх прымацоўваўся скураны верх або шырокая скураная паласа.

У фондах музея і ў экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, ёсць пасталы і дзеравяшкі. Дзеравяшкі выраблялі ў гета, у сямейных партызанскіх лагерах Ліпічанскай пушчы. Імі карысталіся ў розныя поры года, намотваючы на ногі часцей анучы, а часам, калі шчасціла мець, вязаныя наскі.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: