11 красавіка — Міжнародны Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Хвалююць сэрца ўспаміны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Вайна. У гэтым слове боль, голад і страх.

Вайна – гэта мужнасць і подзвігі, пакуты і бясконцае чаканне. Сённяшняе пакаленне ведае пра тыя страшныя падзеі толькі з фільмаў, кніг і ўспамінаў. Я даведалася аб падзеях вайны з успамінаў настаўніцы гісторыі Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Людмілы Мікалаеўны Лапата, якія ёй, у сваю чаргу, расказала яе мама, Ганна Мікалаеўна Нагавонская (Лакіза).

Вывезлі ў Германію

Калі нашу тэрыторыю захапілі немцы, хлопцы з вёскі Явар, дзе жыла мая мама і ўся яе сям’я, вырашылі стварыць падпольную арганізацыю, каб дапамагаць партызанам. За шэсць кіламетраў ад вёскі быў нямецкі гарнізон. Пад відам таго, што трэба там каго-небудзь наведаць ці штосьці купіць, хлопцы збіралі звесткі аб немцах і перадавалі іх партызанам. Сярод падпольшчыкаў быў і брат маёй мамы. Як я пасля даведалася, ён быў намеснікам кіраўніка арганізацыі.

Аднойчы немцы вырашылі стварыць у вёсцы атрад РВНА (Рускай вызваленчай народнай арміі). Тады хлопцы з сямі сем’яў пайшлі ў лес да партызанаў. Паліцаі сталі лютаваць. Праўда, сем’і не расстралялі, але з кожнай сям’і кагосьці забралі – з нашай была мая мама. Ім сказалі, за тое, што “бандыты” пайшлі ў партызаны, іх павязуць у Германію. Колькі было слёз. З мамай развітваліся назаўсёды. Іх павезлі спачатку ў Казлоўшчыну, затым у Слонім. Там пагрузілі ў вагоны, у якіх перавозілі жывёлу. Так пачаўся шлях у невядомае, страшнае. У вагонах было вельмі шмат людзей. Добра, калі знаходзілася месца каля сцяны, там дыхаць было лягчэй, ды і праз шчылінку можна было што-небудзь убачыць. Спыняліся рэдка. Кармілі так, каб не памерлі з голаду. Не хапала нават вады. З гэтага эшалона іх выгрузілі каля нямецкага мястэчка і далей пагналі пешшу. Пасялілі ў бараках, якія былі абнесены калючым дротам. Тут жылі рускія, украінцы, беларусы. Ва ўсіх на рукаве быў знак “Ост” і асабісты нумар.

Праца на ваенным заводзе

Працавала мама на ваенным заводзе, які знаходзіўся пад зямлёй. Зверху рос лес. Працаваў завод круглыя суткі, у некалькі зменаў. За доўгім канвеерам, па якім перапраўляліся снарады і гранаты, сядзелі нявольнікі. У снарады трэба было насыпаць узрыўчатку, а ў ручку гранаты да шаўковай ніткі прымацаваць невялікую пацерку, якая была патрэбна, каб граната ўзарвалася. Без гэтай пацеркі граната – пустая бляшанка. Наглядчыкамі за рабочымі былі састарэлыя немцы, якія не маглі служыць у арміі, і немкі. На заводзе працавалі харваты, венгры, палякі, французы. Праўда, многія з іх жылі ў пасёлку, былі свабоднымі. А вось усе славяне – за калючым дротам. Але нават і тут не скараліся людзі. Хлопцы навучылі дзяўчат, як шкодзіць немцам. Яны не дасыпалі порах у снарады, а ў гранаты не прывязвалі пацерку. Ручку гранаты закручвалі пустою, а пацеркі хавалі ў кішэні, а пасля выкідвалі. Як гаварыла мама, бывала, за змену ўдавалася некалькі кішэняў пацерак выкінуць. Гэта было вельмі небяспечна. Аднойчы на завод вярнулі пасля праверкі цэлы эшалон снарадаў. Тады немцы вельмі лютавалі.

Пастаянна хацелася есці

Як гаварыла мама, кармілі ў лагеры вельмі дрэнна: міска баланды і кавалачак хлеба – вось і ўся яда на суткі. Вельмі цяжка было спачатку, пастаянна хацелася есці. Пачалі прызвычайвацца. Баланду з’ядалі без хлеба, а хлеб пакідалі, каб з’есці пазней. Праўда, калі працавалі, то давалі дабаўку, каб не падалі ад голаду. У нядзелю не кармілі зусім. Вось тут і выручаў хлеб, які хавалі ў набітыя стружкамі матрасы або ў брудную бялізну. Крыху стала лягчэй, калі пазнаёміліся з французамі. Яны перадавалі нашым кавалачкі хлеба. Пакуль былі на змене, хлеб хавалі ў шафках для адзення. А пасля яго трэба было вынесці. На прахадной вельмі часта палонных правяралі. Калі бачылі праверку, вярталіся назад, хаваліся і з’ядалі тут жа хлеб, бо добра ведалі: калі знойдуць – канцлагер.

Мама ўспамінала выпадак, калі з работы да лагера ішлі каля поля фермера (“бауэра”, як яна казала). Аднойчы ён выкінуў адкрытую бочку сапсаваных селядцоў. І хоць пах у іх быў не вельмі добры, але на гэта ніхто не глядзеў, бо гэта ж была ежа! Праўда, немцы хутка гэта заўважылі, забралі бочку, а селядцы закапалі.

Мама расказвала яшчэ пра адзін выпадак. Гэта было перад Вялікаднем. Шлях да лагера ішоў каля склада. Заўважылі, што там выбіта акно. Заглянулі туды і ўбачылі кучу сталовых буракоў. Адна дзяўчына нагіналася праз акно, іншыя трымалі яе за ногі, а яна перакідвала буракі на вуліцу. Іх хуценька падбіралі, хавалі і неслі ў лагер. Назаўтра, на Вялікдзень, елі гэтыя сырыя, палітыя слязьмі буракі.

Доўгачаканае вызваленне

Так прайшло два з паловаю гады. Вайна набліжалася да Германіі. З усходу наступалі савецкія салдаты, з захаду – войскі саюзнікаў. Вельмі часта чуліся выбухі. Усё часцей выла сірэна, якая папярэджвала аб паветраным налёце. Немцы кідалі работу і хаваліся ў бункеры, а нашы з надзеяй паглядалі ў неба. Аднойчы ноччу страшэнныя выбухі скалыхнулі зямлю. Усе чакалі раніцы. Прыйшла пара ісці на работу. Звычайная сірэна не гула. Людзі выйшлі з баракаў на вуліцу. Немцаў нідзе не было відаць. Пайшлі да завода і ўбачылі вельмі глыбокія ямы. Лес быў перамешаны з зямлёй. Усе зразумелі – свабода. Абдымаліся, смяяліся і плакалі. Дачакаліся! Хутка да лагера пад’ехалі на машынах англійскія салдаты. Яны раскінулі палявыя кухні, пачалі гатаваць ежу. Праўда, адразу ежы многа не давалі, каб не нашкодзіць людзям, якія доўгі час галадалі.

Потым быў выдадзены загад аб тым, каб былыя вязні знаходзіліся за калючым дротам, бо хадзіць свабодна было небяспечна, у лясах і разбураных дамах хаваліся немцы. Праз некаторы час рускіх, беларусаў і ўкраінцаў перавезлі на Радзіму.

Наталля БЛОЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Теги: