Завяшчанне, дарэнне і пажыццёвае ўтрыманне – у чым розніца?

Грамадства Свежыя навіны

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў клуба “Пазнайка”, які працуе на базе аб’яднання “Нам гады не бяда”.

Мерапрыемства было прысвечана Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сустрэча пачалася з прывітальнага слова Галіны Касцюк, кіраўніка клуба. Яна расказала, што такое Канстытуцыя, і закранула гісторыю ўзнікнення свята. Натарыус натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна Жанна Сёмуха прапанавала наведвальнікам клуба інфармацыйныя брашуры і расказала, што такое завяшчанне, дагавор дарэння і дагавор пажыццёвага ўтрымання. Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу, дзе любы мог атрымаць юрыдычную дапамогу па хвалюючых пытаннях.

Так, напрыклад, удзельнікаў клуба зацікавілі адрознення дагавора пажыццёвага ўтрымання ад дагавора ажыццяўлення апекі. Натарыус расказала, што ў першым выпадку чалавек можа перадаць сваю маёмасць іншаму ў абмен на пажыццёвыя клопат і догляд. Апека, у сваю чаргу, пытанняў маёмасці не тычыцца.

Хтосьці цікавіўся пытаннямі атрымання спадчыны:

‒ У мяне ёсць дачка ад першага шлюбу. Ці зможа яна прэтэндаваць на спадчыну майго другога мужа? Напрыклад, на кватэру, якая была набыта намі ў шлюбе, ‒ запыталася адна з жанчын.

Натарыус патлумачыла, што дачка не зможа атрымаць спадчыну яе мужа, бо спадкаемцамі могуць быць толькі родныя дзеці. Аднак калі ён хоча пакінуць падчарцы кватэру, то можа аформіць завяшчанне.

Цікавіла ўдзельнікаў клуба і тое, якім чынам можна даведацца, каго чалавек указаў у завяшчанні. Натарыус расказала, што гэта магчыма толькі пры ўмове прад’яўлення пасведчання аб смерці завяшчальніка. Без гэтага дакумента змест завяшчання з’яўляецца таямніцай.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup