У кнізе – пра нашага земляка Васіля Шпігановіча

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кніга “Беларускія народныя музычныя інструменты” прысвечана ўнікальнасці інструментальнай музычнай культуры беларускага народа.

Багата ілюстраванае выданне адкрывае дзівосны свет музычных інструментаў, распавядае пра гісторыю дуды, гармоніка, духавых інструментаў, цымбалаў. Шмат увагі надаецца найбольш значным фестывалям народных інструментаў, што ладзяцца ў Беларусі. Выданне таксама знаёміць з беларускімі майстрамі, якія стварылі музычныя інструменты, і з тымі, хто на іх іграе.

У своеасаблівую энцыклапедыю таленавітых народных музыкантаў занесена імя і нашага земляка Васіля Шпігановіча.

Першае знаёмства з гармонікам у Васіля Шпігановіча адбылося ў пяцігадовым узросце. З таго моманту гукі  музычнага інструмента ўзялі ў палон душу гэтага чалавека. Пад чуйным кіраўніцтвам бацькі – Мікалая Фаміча Шпігановіча – праходзіла музычнае развіццё і станаўленне юнага музыканта. Таленавіты педагог змог усебакова і поўна раскрыць талент сына, прывіць любоў да музыкі на ўсё жыццё.

Немалую ролю ўпрыхільнасці да гармоніка сыграла і спадчыннасць. У родзе Шпігановічаў музычнымі здольнасцямі былі надзелены не толькі бацька і матуля, якая выдатна спявала, але і дзед, і прадзед. Таму выбар прафесіі ў Васіля Шпігановіча быў асэнсаваны: у 1976 годзе ён паступіў у Магілёўскае вучылішча культуры. Пасля заканчэння навучання малады музыкант атрымаў размеркаванне на працу ў Дзятлаўскі раённы дом культуры.

Дзятлаўшчына была радзімай жонкі. Вось так лёс прывёў Васіля Мікалаевіча ў гэты край, з якім звязаў усё сваё жыццё. Як і з гармонікам, з якім музыкант не разлучаецца таксама ўсё жыццё.

Своеасаблівага, цікавага выканаўцу добра ведаюць і шануюць не толькі ў раёне, але і па-за яго межамі. Васіль Шпігановіч быў удзельнікам і пераможцам розных фестываляў: міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, абласнога рэгіянальнага фестывалю фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, абласных святаў народнай музыкі, свята “Мінскі гармонік”, разнастайных аглядаў-конкурсаў. Ён актыўны ўдзельнік народнага хору “Ветэраны ў страі”.

Цяпер, нават на заслужаным адпачынку, Васіль Мікалаевіч не адмаўляецца прыняць удзел у розных мерапрыемствах.  І заўсёды разам з ім любімы інструмент – гармонік.

Пачатак вясныдля  Васіля Шпігановіча адметны тым, што нарадзіўся ён менавіта ў час, калі прырода абуджаецца, набірае сілы для росквіту і цвіцення. Няхай жа і ў нашага земляка, а пражыў ён на Дзятлаўшыне больш за 40 гадоў,  хапае сіл і жадання для творчасці. Няхай не змаўкае яго гармонік!

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup