Тэматычны праект “Вялікай Перамозе – 75” прадоўжыўся ў Круцілавічах (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

На Дзятлаўшчыне быў дадзены старт  тэматычнаму праекту “Вялікай Перамозе – 75” у Новаяльнянскім сельскім савеце 15 сакавіка.

Эстафету ад яго прыняў Данілавіцкі сельсавет.

23 сакавіка ў памяшканні сельвыканкама ў Круцілавічах адбылося мерапрыемства да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Пра мэту праекта, які праводзіцца на Дзятлаўшчыне, прысутным расказалі вядучыя – вучаніцы Круцілавіцкай школы Алеся Верамейка і Вераніка Адамчык. Затым  звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Данілавіцкага  сельвыканкама Ганна Жых.

– Напярэдадні Дня Перамогі  нашаму сельскаму савету выпаў вялікі гонар прымаць эстафету раённага праекта “Вялікай Перамозе – 75”, у рамках якога будуць праходзіць  на працягу тыдня разнастайныя мерапрыемствы, – сказала Ганна Мікалаеўна. – У гэты вясновыя дні кожны чалавек, кожная сям’я, увесь наш народ  жыве  памяццю аб незабыўным маі  1945 года, памяццю пра герояў, якія загінулі за наша шчаслівае жыццё, свабоду і незалежнасць.

Старшыня сельвыканкама прапанавала ўдзельнікам акцыі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць ахвяраў ваеннага ліхалецця.

Прадоўжыла мерапрыемства канцэртная праграма, якую падрыхтавалі вучні Круцілавіцкай школы. Для прысутных спявалі Насця Бортнік, Жэня Анушкевіч, Дарына Заваротная, Алеся Адамчык, Карына Верамейка. Верш прачытала Саша Аўгусціновіч. А напрыканцы дзяўчынкі запрасілі ўсіх заспяваць песню ваенных гадоў “Кацюша”.

Праект “Вялікай Перамозе – 75” будзе рэалізоўвацца ў Данілавіцкім сельсавеце на працягу тыдня з 22 па 28 сакавіка.

У час культурна-асветніцкай акцыі “Мы пра вайну сёння гаворым”, якая ўваходзіць у названы праект, пройдзе сумеснае чытанне мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну: дарослыя пачытаюць дзецям, потым дзеці – дарослым.

У час акцыі “Перамогі яблыневыя цвет” будуць выраблены яблыневыя кветкі, якія складуць вялікае кветкавае пано на галоўнай сцэне, дзе будуць праходзіць святочныя мерапрыемствы да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Цяпер у фае наладжана выстава дзіцячых малюнкаў “Не бываць пажару, не гарэць зямному шару”. Сярод  размешчаных на стэндзе малюнкаў работы Сяргея Гармашука, Дзіяны Анушкевіч, Машы Савасцюк, Насці Бортнік, Сашы Лісоўскай.

Надалей эстафету ад  Данілавіцкага прыме Дварэцкі сельсавет. Там мерапрыемствы будуць праходзіць з  29 сакавіка па 4 красавіка. Нагадаем, што тэматычныя мерапрыемствы “Вялікай Перамозе – 75” плануюцца таксама з 5 па 11 красавіка ў Жукоўшчынскім сельсавеце; з 12 па 19 красавіка – у Вензавецкім; з 19 па 25 красавіка – у Парэцкім; з 26 красавіка па 2 мая – у Казлоўшчынскім.

Завершыцца тэматычны праект “Вялікай Перамозе – 75” у Дзятлаўскім сельсавеце, дзе будзе праходзіць з 3 па 8 мая.

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: