Што натхняе жанчыну на творчасць

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы напярэдадні вясновага жаночага свята адбылася прэзентацыя паэтычных зборнікаў нашай зямлячкі Алены Абрамчык, цікавай, адоранай, таленавітай жанчыны.

З гэтым імем чытачы знаёмы па публікацыях на краязнаўчыя тэмы, бо працуе Алена Рыгораўна ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. І вось новая сустрэча – з жанчынай, якая піша не толькі прозу, а і паэзію, выдала два зборнікі і рыхтуе наступны.

На сустрэчу сабраліся тыя, хто разумее і цэніць паэтычнае слова, хто сам спрабуе выкласці на аркуш паперы свае пачуцці, погляды, сваё разуменне навакольнага свету, сябры, знаёмыя. Алена Рыгораўна расказала пра творчасць, пачытала свае вершы.

Карэспандэнтцы газеты яна расказала, як прыйшла ў паэзію, хто і што натхняе на творчасць :

—Паэзія… Яна жыве ў чалавеку заўсёды, у самай глыбіні душы, куды няма ходу нікому, толькі ты сам час ад часу адчуваеш лёгкасць, узнёсласць – і пачынаюць складацца радкі. На хаду, у любым месцы: па дарозе з дому на працу, у лесе, на беразе рэчкі, ва ўласным кветніку, калі цябе радуюць першыя ружы, што так рана распусцілі свае пялёсткі. Паэзія – божы дар, радасць адчуваць сябе шчаслівай. Да мяне яна нясмела прыходзіла яшчэ ў школьныя гады. Вершы складаліся на мелодыю, якую мурлыкала, ідучы з аўтобуснага прыпынку дадому кіламетры два, бо ездзіла на вучобу ў раённы цэнтр. Потым у студэнцтве мае здольнасці да прыгожага пісьменства заўважыў Алег Лойка, наш выкладчык і зямляк, ён родам са Слоніма, прафесар, што выкладаў курс старажытнай літаратуры. Але жыццёвыя абставіны неяк усё перашкаджалі падумаць аб прафесійным шляху ў паэзіі. Галоўнае ж не гэта. Для жанчыны заўсёды на першым месцы сям’я, дзеці.

І тут, ужо ў сталым узросце, — сапраўднае азарэнне. І прынесла яго незвычайная сустрэча з цікавым чалавекам, рамантыкам, летуценнікам, роднай душой. І,канешне, каханне. Яно можа прыходзіць у любым узросце, калі душа твая гатова прыняць гэта светлае, стваральнае пачуццё, — і змяніць цябе кардынальна, назаўсёды. Вершы пісаліся амаль кожны дзень, свет вакол стаў цудоўным, непаўторным і цікавым да самых нязначных дробязяў. А вынік – два зборнікі вершаў за тры гады. Першы, пад назвай “У последней любви на краю” выдала ў 2018 годзе, а другі, “Послевкусие” – у 2019-м. Радкі зборніка – гэта і перажыванні жанчыны, якая далёка ад свайго каханага, і роздум над шматлікімі філасофскімі пытаннямі, і захапленне прыгажосцю прыроды ў розныя поры года. Вершы на рускай мове. Цяпер рыхтуецца зборнік беларускамоўных вершаў і кніга публіцыстыкі, якая будзе прысвечана гісторыі Дзятлаўшчыны, яе знакамітым людзям. Мяне падтрымліваюць дзеці, асабліва сын, які з’яўляецца спонсарам маіх выданняў, а таксама родныя і сябры. І няма лепшай падзякі для паэта, як слёзы суперажывання на вачах слухачоў.

Нашым чытачам прапануем некалькі вершаў Алены Абрамчык. Пра вясну, каханне, жанчыну…

Ты мяне не шукай – я ўжо не твая,

І душы не вярэдзь – сэрцам вольная я.

І лячу над зямлёй недасяжнай стралой.

Ты не кліч, не гукай – я ўжо не з табой.

І забылася ўсё, што між намі было,

І не мроішся ты – усё з туманам сплыло.

Зноў жыву на разрыў, і нагбом шчасце п’ю,

І не помню цябе, не кахаю, не сню.

Ты мяне не трывож – не прыходзь на зары,

Не кранай за плячо, за руку не бяры.

Сон салодкі не руш, вуснаў не казычы,

Назаўжды ў віры майго сэрца ключы.

І ў нябыт адышло, што салодкім было,

Толькі ў небе гарыць майго шчасця святло.

Не трывож, не шукай – ужо вольная я.

Зразумей ты адно – не твая, не твая.

Сакавік…

Пачатак весняй светласці,

сокаў і бурлівых звонкіх рэк,

месяц дзіўных мрояў,

першых радасцей,

першых смелых маладых надзей.

 З Валерыя Брусава

Жанчына ты, ты – кніга паміж кніг,

Ты – згорнуты і захаваны скрутак;

Ў яго радках і слоў, і дум пакута,

Ў яго лістах шаленства – кожны міг.

Жанчына ты, вядзьмарскі ты напой!

Ён вусны паліць, ад яго – пакута;

Хто п’е агонь, што ў душы ўзнік –

Хвалу ўзносіць, раздзірае  путы.

Жанчына ты, і гэта козыр твой,

Прыбраная ў зорную карону,

Ты ў бяздоннях нашых – божы знак!

Мы для цябе ярмо зямное цягнем,

Табе мы служым, цвердзі горб грызём,

І молімся ўначы і светлым днём!

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: